19 жителей района пригласили на совместное заседание совета ОПОП и наблюдательной комиссии РИКа

Безопасность

Шанц ёсць. Было б жаданне

28 лістапада ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама прайшло сумеснае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку і назіральнай камісіі раённага выканаўчага камітэта. На яго былі запрошаны 19 жыхароў горада і раёна.

Усе запрошаныя маюць праблемы з законам. Большасць з іх былі асуджаны і нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі або прыгавораны судом да абмежавання волі ці да грамадскіх работ, у сувязі з чым зараз знаходзяцца на прафілактычным уліку ў міліцыі. Яшчэ адна акалічнасць, якая аб’ядноўвае гэтых грамадзян (а сярод іх былі тры жанчыны, у дзвюх з якіх ёсць непаўналетнія дзеці), — злоўжыванне спіртным і нежаданне працаваць. Адсутнасць пастаяннага месца работы многія тлумачаць складанай сітуацыяй на рынку працы ў раёне і нізкай зарплатай. А каб былі грошы на спіртное, перабіваюцца выпадковымі заработкамі або неафіцыйна аформлены ў прыватнікаў.

Практычна ва ўсіх, хто прысутнічаў у зале, сур’ёзныя праблемы з алкаголем, якія з’яўляюцца прычынай сямейных скандалаў, здзяйснення іншых адміністрацыйных правапарушэнняў. Зноў жа, многія лечацца ў нарколага, у адносінах да некаторых стаіць пытанне аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Члены камісіі растлумачылі кожнаму перспектывы яго паводзін, зрабіўшы акцэнт на тым, што за любое парушэнне заканадаўства давядзецца адказ­ваць. Каб дастукацца да свядомасці прысутных, ім паказалі тры відэафільмы. Першы — пра надзвычайныя сітуацыі, што стварае чалавек (самая распаўсюджаная сярод іх — пажары, многія з якіх адбываюцца па віне нецвярозых грамадзян). Другі — пра тое, чым увогуле заканчваецца цеснае сяброўства з зялёным змеем. І апошні — як на працягу некалькіх стагоддзяў, каб папоўніць уласныя кішэні і дзяржаўную казну, прадпрымальныя людзі і ўлады спойвалі народ, наколькі негатыўна ўздзейнічае алкаголь на арганізм.

Але самым важкім козырам стала запрашэнне на пасяджэнне маладога яшчэ мужчыны па імені Дзмітрый, які 20 гадоў пражыў з алкагольнай залежнасцю, а потым вырашыў стаць на шлях цвярозасці і знайшоў у сабе сілы гэта зрабіць. Зараз ён працуе ў сельскай гаспадарцы, атрымлівае заслужаныя ўзнагароды, яго паважаюць калегі і кіраўніцтва.

У адрозненне ад прадэманстраваных фільмаў Дзмітрыя слухалі ўважліва. Адзін з прысутных нават спытаў у яго візітку. Нехта зацікавіўся прынесенымі Жаннай Паповай буклетамі таварыства ананімных алкаголікаў «Светач». Хочацца думаць, што гэтыя людзі змо­гуць скарыстацца шанцам пачаць новае, цвярозае, жыццё.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.