26 ноября состоялась первая отчетно-выборная конференция районного объединения профсоюзов

Общество

Дзейсны інструмент абароны працоўных

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў было створана ў студзені 2015 года. У аўторак адбылася яго першая справаздачна-выбарная канферэнцыя.

На яе сабралася 55 дэлегатаў, а таксама ветэраны прафсаюзнага руху. Сярод ганаровых гасцей — старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, старшыні раённых грамадскіх арганізацый РГА «Белая Русь»— Валянціна Ромель, ветэранскай — Ганна Літвіновіч, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа — Таццяна Шахава і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. Вынікі работы за справаздачны перыяд падвяла старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая.

Пастаўскае раённае аб’яднанне каардынуе работу 4 галіновых прафарганізацый і 90 пярвічных. Агульная колькасць членаў прафсаюза — 9 487 чалавек.

Ахоп прафсаюзным членствам складае 98,7% ад агульнай колькасці працуючых. Адным з важнейшых крытэрыяў эфектыўнай работы раённага аб’яднання прафсаюзаў і фактарам, які фарміруе імідж прафсаюза ў цэлым, з’яўляецца канструктыўны дыялог з уладай, развіццё сацыяльнага партнёрства з мэтай абароны сацыяльна-эканамічных, працоўных і законных інтарэсаў работнікаў. У 2020 годзе ў раёне плануецца запусціць 5 асноўных інвестыцыйных праектаў: вытворчасць запалак на базе завода «Беліт», будаўніцтва і абслугоўванне магазіна агульнай плошчай 1 200 м2 па вуліцы Зялёнай, пялетнага цэха лясгаса, малочнатаварнага комплексу ў ААТ «Хацілы-агра», дзіцячага сада на 94 месцы ў мікрараёне 6 гарадка. А гэта новыя рабочыя месцы.

Яшчэ адзін ключавы кірунак дзейнасці раённага аб’яднання прафсаюзаў — ахова працы.  Рэйдавымі групамі за справаздачны перыяд праведзены 4  маніторынгі, наведана 46 арганізацый.

У сваім дакладзе Іна Далецкая падрабязна спынілася на шматлікіх напрамках дзейнасці прафсаюзаў. Яна адзначыла, што там, дзе старшыні пярвічак дбаюць пра людзей, адстойваюць іх інтарэсы, справы ладзяцца. 

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях, рэгулярна наведвае прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Яго дырэктар Наталля Селівана прыйшла на справаздачную канферэнцыю, каб падзякаваць за міласэрнасць і дабрыню. А дзеці, якія знаходзяцца ў прытулку, адрасавалі прысутным відэазварот.

Заслухаўшы і абмеркаваўшы даклад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў, удзельнікі справаздачна-выбарнай канферэнцыі прынялі адпаведную пастанову. Згодна з ёй, і ў далейшым дзейнасць прафсаюзаў будзе накіравана на ўмацаванне адзінства прафсаюзнага руху, удасканаленне сістэмы сацыяльнай абароны працоўных і членаў іх сем’яў,  забеспячэнне права на працу і годнае ўзнагароджанне за яе, поўнай і эфектыўнай занятасці насельніцтва, аховы працы і здароўя работнікаў. 

Па выніках работы за справаздачны перыяд групе прафсаюзных лідараў уручаны ўзнагароды раённага выканаўчага камітэта, абласнога і раённага аб’яднанняў прафсаюзаў. Адбыліся выбары старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў — усе ўдзельнікі канферэнцыі прагаласавалі за кандыдатуру Іны Далецкай. З выбраннем на пасаду яе павіншаваў Іван Вазьміцель.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.