Беседа с главным врачом центральной районной больницы, депутатом областного Совета депутатов Владимиром Чекавым

Здравоохранение

Дэпутацтва не перашкаджае, а дапамагае ў рабоце

Карэспандэнт раённай газеты Фаіна Касаткіна гутарыць з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы, дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Чакавым пра тое, як абстаяць справы ва ўстанове аховы здароўя, яго прафесійную і грамадскую дзейнасць.

— Уладзімір Мікалаевіч! Магчыма, гэта не зусім лагічна, але прапаную пачаць гутарку з дэпутацтва. Ведаю, што маеце багаты вопыт грамадскай работы.

— Упершыню мяне выбралі дэпутатам гарпасялковага і раённага Савета дэпутатаў 30 гадоў назад, калі працаваў галоўным урачом Варапаеўскай раённай бальніцы. З таго часу практычна кожнае скліканне прысутнічаю ў райсавеце. Дэпутатам абласнога Савета ў першы раз стаў 20 гадоў назад, з’яўляюся ім і зараз. Заўсёды балаціруюся па адной і той жа выбарчай акрузе — Азёрнай — і кожны раз атрымліваю на галасаванні дастаткова высокую падтрымку выбаршчыкаў.

— А як апраўдваеце давер людзей?

— Рэгулярна, адзін раз у месяц, праводжу сустрэчы ў працоўных калектывах або па месцы жыхарства. Знаёмлю са сваёй перадвыбарнай праграмай, а стаўшы дэпутатам, па пунктах аналізую, якія захады прымаюцца, каб выканаць наказы выбаршчыкаў, што ўдалося зрабіць, а з чым узнікаюць праблемы. Выслухоўваю людзей, запісваю іх просьбы, прапановы, пажаданні. Звяртаюцца як з асабістымі пытаннямі, так і з такімі, якія маюць грамадскую значнасць. Напрыклад, працяглы час набалелым было пытанне будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне вуліцы Зялёнай у райцэнтры. Паралельна з тым, што яго вырашэннем займаліся райвыканкам, аддзел па адукацыі, я як дэпутат выносіў на абмеркаванне пастаяннай камісіі абласнога Савета дэпутатаў. Радуе, што будаўніцтва садка пачалося. Прысутныя на адной з сустрэч, што прахо­дзіла ў каледжы, хадайнічалі пра рамонт вуліцы 17 Верасня. Вёў перамовы са старшынёй райвыканкама Сяргеем Васільевічам Чэпікам, дырэктарам УП ЖКГ Ільёй Генадзьевічам Глушонкам. Сёлета зроблены бягучы рамонт вуліцы. Акрамя таго, выраблены праект на яе рэканструкцыю. Праводзіцца значная работа па добраўпарадкаванні мікрараёна шостага гарадка.

Ад выбаршчыкаў паступіла просьба аб адкрыцці стаматалагічнага кабінета па вуліцы Зялёнай. Такі кабінет працуе ў мікрараёне пятага гарадка, і людзі вельмі задаволены гэтым. Адкрыем і ў шостым, але толькі ў 2021 годзе, бо пакуль не маем сродкаў. За паліклінікай райбальніцы завяршаецца ўзвядзенне новага будынка, у якім размесцяцца судмедэкспертыза і паталагаанатамічнае аддзяленне. Да канца года ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. А ўвогуле па будаўніцтве нам трэба зрабіць многае. Плануем на працягу бліжэйшых пяці гадоў вывесці з палаца Тызенгаўзаў усе медыцынскія падраздзяленні з той мэтай, каб будынак выкарыстоўваўся па сваім прамым прызначэнні — як гісторыка-культурны помнік. Для ажыццяўлення гэтага трэба ўзвесці яшчэ адзін бальнічны корпус. Праект выраблены даўно, але спатрэбілася яго карэкціроўка. Справа ў тым, што раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі размяшчаецца ў старым прыстасаваным будынку, які далей ужо не можа эксплуатавацца. Вырашана, што новы корпус трэба будаваць на адзін этаж вышэйшы, чым планавалася першапачаткова, з мэтай размяшчэння ў ім райЦГЭ. Для карэкціроўкі праекта і ўзвядзення будынка патрабуюцца вялікія сродкі. Таму я гэта пытанне вынес на абмеркаванне пастаяннай камісіі аблсавета па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі. Ды і з любым іншым, якое тычыцца не абавязкова медыцыны, мне як дэпутату прасцей стукацца ў вышэйшыя кабінеты і дабівацца яго вырашэння.

— Але прадоўжым гутарку пра медыцыну. Ці пабагацелі сёлета на абсталяванне?

— Пабагацелі, і вельмі. З пачатку года на яго набыццё асвоена 380 тысяч рублёў. Усё набытае — сучаснае, лічбавае. Гэта рэнтгенкабінет і рэнтгенаўскае абсталяванне ў стаматалагічны кабінет, 9 ЭКГ-апаратаў, 2 комплексныя холтары, якія адначасова фіксуюць крывяны ціск і пульс, 2 спірометры для дыягностыкі захворвання лёгкіх, аналізатары ў лабараторыю. У наступным годзе чакаем новы апарат ультрагукавога даследавання, які прызначаны нам Міністэрствам аховы здароўя. Евангелісцкая царква «Выратаванне» ў пачатку бягучага года перадало са Швецыі рэанімабіль, Віцебская абласная бальніца — 2 стаматалагічныя ўстаноўкі. У якасці гуманітарнай дапамогі атрымалі з Германіі 20 функцыянальных ложкаў з электрапрывадам, столькі ж абяцаюць паставіць і ў наступным годзе.

Праводзім вялікую мадэрнізацыю аддзялення гемадыялізу. Установім новую штучную нырку, якая будзе выкарыстоўвацца не толькі пры хранічных захворваннях, але і дазволіць выратоўваць жыцці пры вострых атручэннях, скажам, грыбамі або сурагатным алкаголем. У наступным годзе павінны атрымаць новае эндаскапічнае абсталяванне. Усё шырэй укараняем найноўшыя тэхналогіі. Сёлета ўстанавілі тэлемедыцынскі комплекс, дзякуючы чаму можам у любы момант адпраўляць лічбавыя адлюстраванні ў абласную бальніцу і атрымліваць адтуль рэкамендацыі. Кансультацыі па тэлемедыцыне прыраўноўваюцца да тых, якія пацыент атрымлівае на прыёме. Мадэрнізацыя патрабуе вялікіх сродкаў, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. Утрыманне медыцынскіх устаноў ажыццяўляецца выключна за сродкі раённага бюджэту. Сума выдаткоўваецца немалая — каля 10 мільёнаў у год. Але ж і пралечваем штогод па 8 тысяч хворых толькі ў стацыянары, а з улікам дзённага стацыянара атрымаў аздараўленне кожны трэці жыхар раёна. Паліклініку або амбулаторнае аддзяленне кожны жыхар наведаў у сярэднім 9 разоў.

— Уладзімір Мікалаевіч, вельмі важнае кадравае пытанне: ці ёсць каму працаваць?

— На жаль, праблема медыцынскіх кадраў існуе па ўсёй рэспубліцы. Не стала выключэннем і наша бальніца. Асабліва востра гэта адчуваецца ў неўралагічным і хірургічным аддзяленнях, і мы шукаем шляхі яе вырашэння. Але адзначу, што на Пастаўшчыне працуе больш за паўтары сотні ўрачоў (маю на ўвазе не толькі ЦРБ, але і ваенны шпіталь, рэабілітацыйны цэнтр «Ветразь», з якімі ў нас цеснае ўзаемадзеянне). Непасрэдна ў ЦРБ сёння 95 урачоў. У іх ліку 9 падпалкоўнікаў медыцынскай службы, якія ма­юць багаты вопыт і прыйшлі да нас са шпіталя. У два бліжэйшыя гады чакаем 9 урачоў, якія вучыліся па мэтавых накіраваннях і павінны будуць адпрацаваць у нас 5 гадоў. Прыемна, што сёлета і летась усе 8 урачоў агульнай практыкі, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, падоўжылі кантракты. Мы прапануем ім прайсці перападрыхтоўку і атрымаць другасную спецыялізацыю, павысіць сваю катэгорыю: усё гэта дае магчымасць павялічыць зарплату. Акрамя таго, сацыяльны пакет прадугледжвае 50-працэнтную скідку аплаты кватэры па найме тым, хто не жадае ўсяляцца ў арэнднае жыллё. У нас самая высокая сярод сельскіх раёнаў вобласці замацаванасць маладых спецыялістаў. Зараз каля 40 пастаўчан навучаюцца ў вышэйшых медыцынскіх установах, прычым абсалютная большасць  — па мэтавых накіраваннях. А гэта значыць, што яны вернуцца на сваю малую радзіму. Гаворачы пра маладых спецыялістаў, адзначу, што 45 чалавек, у тым ліку 8 урачоў, зараз знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках. Працуе ў нас і нямала ўзроставых спецыялістаў, але абнаўленне кадраў, безумоўна, праходзіць.

— І на завяршэнне пытанне не ў тэму, але якое, як ні дзіўна, мусіруецца недасведчанымі грамадзянамі, маўляў, бальніца ўстанаўлівае помнік Тызенгаўзу.

— Адказваю такім грамадзянам: не бальніца, а раён. Частка сродкаў на яго выраб зароблена на раённым суботніку, частка — спонсарскія ахвяраванні. Скульптура ўстанаўліваецца на газоне насупраць палаца і бу­дзе гля­дзецца вельмі арганічна. Тэрыторыя вакол яе з сёлетняй восені ўжо не бальнічная, а перададзена ў падпарадкаванне гораду і будзе ўтрымлівацца камунальнікамі. Што наконт самога палаца, то нідзе, акрамя Пастаў, няма такога, каб гісторыка-культурны помнік знаходзіўся на балансе медустановы. І хаця мы многае зрабілі па яго захаванні і папулярызацыі, адна з важнейшых задач — узвядзенне новага бальнічнага корпуса і перавод туды сваіх падраздзяленняў. Пасля чаго палац будзе перададзены на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і выкарыстоўвацца выключна як культурна-гістарычная каштоўнасць.

— Дзякуй, Уладзі­мір­ Мікалаевіч, за змяс­тоўную гутарку. І поспехаў вам у рабоце!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.