Долгожительница Нина Витальевна Шурпик — целеустремленная, активная, предприимчивая

Общество

Бог даў пражыць гадоў багата

90-гадовую пастаўчанку Ніну Вітальеўну Шурпік застала за работай: яна закончыла шынкаваць капусту і складала яе ў бачок для квашання, спецыяльным прыстасаваннем трамбавала масу.

— На ўсё неабходнае хапае пенсіі, — казала Ніна Шурпік. — Жыву з выгодамі: у свой час падключыла газавае ацяпленне, абуладкавала санвузел. Дачка з зяцем, унукі хоць і ў Мінску, пра мяне клапоцяцца, прыязджаюць, дзяржава дапамагае, сацыяльны работнік два разы на тыдзень прыходзіць, зробіць і купіць, што папрашу. А вечарамі ў думках перабіраю мінулае.

Доўгажыхарка нарадзілася на хутары каля Рамелек. Мела малодшага брата. Бацькі да работы прывучалі з маленства. Умела рабіць усё: жала сярпом збажыну, абмалочвала яе на зернетаку, рвала, сартавала лён.

Замуж выйшла ў 1949-м за Мяфодзія Шурпіка з суседніх Ліпнікаў. Ён быў старэйшы за Ніну на 8 гадоў, працаваў старшынёй сельскага Савета. Затым назначылі начальнікам пажарнай часці. Тады і перабраліся ў Паставы. Жылі на здымнай кватэры, у сям’і падрастала дачушка Люда.

Ніна Вітальеўна працавала швачкай у цэху масавага пашыву райбыткамбіната. У працоўнай кніжцы шмат падзяк за старанную работу. Неаднара­зова ёй прысвойвалі званне ўдарніка камуністычнай працы, мае медаль «За доблесную працу». 

Слухала суразмоўцу — і разумела, што па натуры яна чалавек мэтанакіраваны, актыўны, прадпрымальны. Ёй было пад 70, калі аформіла індывідуальнае прадпрымальніцтва, ездзіла ў Вільнюс па тавар, гандлявала ў Паставах, Мядзеле. Займалася гэтым каля 10 гадоў, атрымлівала задавальненне ад зносін з рознымі людзьмі, якія ў яе набывалі абновы. 

20 гадоў назад Ніна Вітальеўна аўдавела, жыве адна. Дачка, закончыўшы фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педінстытута, некаторы час працавала настаўніцай у СШ №3, затым перабралася ў Мінск. Вышэйшую адукацыю атрымала і ўнучка, на другім курсе тэхнічнага ўніверсітэта вучыцца старэйшы праўнук Цімафей, радуе і чатырохгадовы Мацвейка. 

— Сёлетняй восенню адчула, што няма ўжо сілы ў нагах, — казала. — Стала цяжка дайсці да царквы, таму малюся дома. Сумую па храме. Ва Усявышняга нічога не прашу, толькі дзякую яму за тое, што даў пражыць гадоў багата, за тых людзей, якія былі і ёсць у маім лёсе. 

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.