Информационно-пропагандистские группы выступили на предприятиях и в организациях района

Общество

Дырэктыве №1 – пільная ўвага

«Умацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны — дзяржаўная ўвага». Так у гэтым месяцы гучала тэматыка адзінага дня інфармавання. Ахова працы, прафілактыка вытворчага траўматызму, выканальніцкая дысцыпліна, стварэнне бяспечных умоў для работнікаў. Гэтыя і іншыя пытанні закраналі ў сваіх выступленнях інфармацыйна-прапагандысцкія групы падчас наведвання прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Планёрка, якую штодня з інжынерна-тэхнічнымі работнікамі право­дзіць дырэктар ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» Альфрэд Малец, 27 лістапада мела пашыраны фармат. Перш чым будаўнікі раз’ехаліся па аб’ектах, перад імі выступілі начальнік і галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч і Жанна Цуканава. Яны адзначылі, што на Пастаўшчыне, як і ў цэлым у краіне, сфарміраваны адзіны падыход да выканання патрабаванняў Дырэктывы №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». У прыватнасці, вялікая ўвага надаецца грамадскай, транспартнай, пажарнай бяспецы, выканальніцкай дысцыпліне, стварэнню бяспечных умоў працы на вытворчасці. Праводзіцца комплексная і сістэмная работа па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы працы, прафілактыцы вытворчага траўматызму. Разам з тым па ранейшаму не абыходзіцца без няшчасных выпадкаў на рабоце.

— За 10 месяцаў бягучага года ў раёне зафіксавана адна ­смерць, якая наступіла ад траўмы, атрыманай на вытворчасці. Няшчасныя выпадкі з цяжкім зыходам адбыліся з чатырма чалавекамі. Іх прычыны розныя. У стане алкагольнага ап’янення знаходзіўся толькі адзін пацярпелы, — прыводзілі статыстыку вытворчага траўматызму спецыялісты. —  Будзьце ўважлівымі, выконвайце правілы бяспекі, не грэбуйце сродкамі індывідуальнай аховы, якімі вас забяспечваюць на прадпрыемстве, не стаўцеся фармальна да інструктажоў па ахове працы.

Таксама выступоўцы агучы­лі вынікі месячніка, які право­дзіўся ў раёне з 24 кастрычніка і быў накіраваны на забеспячэнне бяспечных умоў працы на будаўнічых аб’ектах. Спецыяльныя мабільныя групы праінспектавалі 3 буд­пляцоўкі, генеральным падрадчыкам на якіх з’яўляецца «Рассвет Пастаўскі». Сярод выяўленых парушэнняў — адсутнасць зазямлення раствора-бетоннага вузла і вагончыка-бытоўкі, выкарыстанне самаробных драўляных драбін, якія не адпавядаюць неабходным патрабаванням. Таксама адсутнічае абарона ад механічных пашкоджанняў падаўжальнікаў для падключэння пераноснага электраінструменту, не ўсе страхары пры рабоце на вышыні выкарыстоўваюць каскі і інш. Аднак, нягледзячы на пэўныя недахопы, адзначана, што на прадпрыемстве культура вытворчасці знаходзіцца на высокім узроўні, вялікая ўвага надаецца пытанням аховы і паляпшэння ўмоў працы, зніжэнню прафесійных рызык.

На паляпшэнне ўмоў працы, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы і іншыя мерапрыемствы па ахове працы ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» сёлета зрасходаваў 10 826 рублёў.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.