Как в Поставском районе осуществляется работа по привлечению в оборот неиспользуемых объектов госимущества?

Местная власть

Не выкарыстоўваецца? Прадаём!

На старонках «Пастаўскага краю» размяшчаюцца паведамленні аб правядзенні аўкцыёнаў па продажы аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. Некаторыя чытачы нават выказваюць незадаволенасць, маўляў, мала каму патрэбная інфармацыя займае вялікую газетную плошчу.

— Адразу скажу такім чытачам, што размяшчэнне ў райгазеце і на сайце камітэта «Віцебскаблмаёмасць» паведамленняў аб правядзенні аўкцыёнаў — абавязковае патрабаванне, — патлумачыла намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Аксана Чашун. І мы прадоўжылі з ёй размову пра тое, як у раёне ажыццяўляецца работа па прыцягненні ў абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў дзяржмаёмасці.

— Аксана Іванаўна, якія вынікі аўкцыёнаў? Ці шмат аб’ектаў удаецца прадаць?

— Летась прадалі 13 і выручылі за іх 438 тысяч рублёў. Гэта сума папоўніла раённы бюджэт. Актыўна працягваем работу і сёлета. На 2019 год былі запланаваны да продажу 17 аб’ектаў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці раёна. Большасць з іх — на балансе аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама (упраўленню яны дасталіся ў «спадчыну» ад ліквідаваных ААТ «Парыж-агра», «Блакітныя азёры-агра», «Вярэнькі-агра»). Запланаваныя да продажу аб’екты, як правіла, незапатрабаваныя балансатрымальнікамі і не выкарыстоўваюцца імі ў гаспадарчай дзейнасці. Імкнёмся ўцягваць іх у гаспадарчы абарот не толькі праз выстаўленне на таргі, але і прапануем у арэнду, бясплатнае карыстанне пад стварэнне рабочых месцаў.

Многія аб’екты знаходзяць сваіх гаспадароў. Гаворачы пра мінулы і бягучы год, назаву асабліва значныя. Так, жыхар Глыбоцкага раёна купіў ажно два: былы маладзёжны цэнтр «Юнацтва» ў мікрараёне шостага гарадка і ізаляваную залу кінатэатра «Радзіма» з умовай адкрыцця ў першым аб’екце пункта грамадскага харчавання, а ў другім — установы па аказанні насельніцтву забаўляльных паслуг. Будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, у якім раней знаходзілася лазня, прададзены пад размяшчэнне шматфукцыянальнага гандлёвага комплексу. У Сяргеевічах будынак колішняй школы набыў нядаўна створаны прыватны агракамбінат для вырошчвання зеляніны. Знайшоўся новы ўласнік і ў былога школьнага будынка ў Шырках. У ім плануецца стварэнне аб’екта аграэкатурызму. У Старым Двары замест сталовай з’явілася станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамашын. Ажно некалькі аб’ектаў прададзена ў г.п. Варапаева. У двух з іх зараз знаходзяцца магазіны «Дабраном» і «Натуральныя прадукты».

— Магчыма, патэнцыяльныя пакупнікі зацікавяцца працэдурай продажу аб’ектаў.

— З 15 лістапада ўступіў у дзеянне Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2019 года №160 «Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю». У адпаведнасці з ім, названая працэдура значна спрошчана. Так, раней, калі з-за адсутнасці пакупнікоў аўкцыён не адбываўся, на паўторны мы мелі права знізіць цану аб’екта ўсяго на 20%, а на наступныя — адпаведна на 50 і 80, што падаўжала час рэалізацыі аб’екта. Зараз крок паніжэння на 20% ліквідаваны. На паўторны аўкцыён цана можа зніжацца да 50% уключна. Акрамя таго, па ўзгадненні з органам кіравання прадугледжана растэрміноўка плацяжу да 3 гадоў (раней была да 1 года), а ў выпадку, калі аб’ект набываецца пад вытворчасць уласнай прадукцыі і яе продаж — ажно да 5 гадоў. Важна і тое, што, у адпаведнасці з раней дзеючымі нарматыўнымі дакументамі, юрыдычныя асобы, якія арандавалі аб’ект на працягу больш за 3 гады або якім ён быў перададзены бясплатна па дагаворы карыстання пад стварэнне рабочых месцаў, маюць права набыць яго па рыначнай цане без выстаўлення на аўкцыён і з растэрміноўкай платы на 5 гадоў.

— Самы час спыніцца на цэнах. Ці даступныя яны?

— Даступныя, а ў некаторых выпадках нават сімвалічныя. Калі аб’яўленыя аўкцыёны не адбываюцца некалькі разоў, цана ў рэшце рэшт апускаецца да адной базавай велічыні. А яна цяпер складае 25 рублёў 50 капеек. І менавіта па такой цане ў раёне прададзена некалькі аб’ектаў. У той жа час, калі ў аўкцыёне ўдзельнічае некалькі пакупнікоў, цана можа ўзрасці адносна першапачатковай. Такія факты таксама мелі месца.

— Аб’ект аб’екту розніца. Напэўна, ёсць і такія, што належаць толькі зносу?

— Ёсць. Але і аварыйныя будынкі плануем прадаваць. Раней, каб выставіць іх на аўкцыён, абавязкова патрабаваліся дакументы, што ўстанаўліваюць права на будынак, і рашэнне аб адабранні і даванні зямельнага ўчастка, на якім ён размешчаны. Як правіла, дакументы адсутнічалі. Прыходзілася іх вырабляць, што каштуе нямала, а сума ў канчатковым выпадку клалася на плечы пакупніка. Акрамя таго, набыўшы аб’ект, ён павінен быў плаціць падаткі на зямлю і нерухомасць. Таму ахвотных было мала. Указ Прэзідэнта №169 адмяніў такія патрабаванні. Цяпер мы маем права прадаць аб’ект для наступнага зносу без афармлення вышэйназваных дакументаў. Новаму ўласніку не давядзецца плаціць і падаткі. А купіўшы яго, можна набыць нямала будаўнічых матэрыялаў.

— Аксана Іванаўна, якія аб’екты ў раёне, на вашу думку, зараз найбольш прывабныя для патэнцыяльных пакупнікоў?

— Многія. Напрыклад, у Старым Двары будынкі былых школы і дзіцячага садка, у Казлоўшчыне — школьнай майстэрні, у Лынтупах — сталовай і клуба, вялізны, на 700 квадратных метраў, аўтагараж, у Стонішках і Нохаўшчыне — вытворчыя аб’екты, у Паставах — адміністрацыйныя будынкі па вуліцах Ленінскай і Гагарына. Ды і шмат іншых. Падрабязную інфармацыю пра аб’екты дзяржаўнай уласнасці, якія нале­жаць продажу, можна знайсці на сайтах райвыканкама і камітэта «Віцебск­аблмаёмасць». Таксама званіце на мой тэлефон 4-10-01. І набывайце патрэбныя вам будынкі, якім магчыма даць другое жыццё і выкарыстоўваць не толькі пад размяшчэнне аб’ектаў адміністрацыйнага прызначэння, рознічнага гандлю, бытавога абслугоўвання, прамысловасці, але і пад жыллё.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.