Легко и понятно о СПИДе: молодежная акция «Касается каждого» прошла в районном Доме культуры

Общество

Датычыць кожнага

Так называлася маладзёжная акцыя, падрыхтаваная для моладзі работнікамі раённага Дома культуры з нагоды Сусветнага дня барацьбы са СНІДам, які адзначаўся 1 снежня.

Удзельнікамі акцыі сталі вучні 9-х класаў пастаўскіх СШ №1 і №4. Сёлета ім вырашылі не чытаць традыцыйна лекцыю пра СНІД, не расказваць пра шляхі заражэння ВІЧ-інфекцыяй і тое, як яго пазбегнуць, запрасіўшы для гэтага спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Замест таго навучэнцам прапанавалі невялікую конкурсную праграму, якая ў гульнявой форме дапамагла больш даведацца пра названую праблему.

Па просьбе вядучай Таццяны Кухальскай школьнікі стварылі каманды з 9 чалавек, паміж якімі і адбылося спаборніцтва. Першым выпрабаваннем была інтэрактыўная гульня «Ступень рызыкі». Вучні атрымалі картачкі з рознымі сітуацыямі, у якіх трэба было ацаніць рызыку заражэння ВІЧ-інфекцыяй (высокая, невысокая або адсутнічае) і растлумачыць, чаму так лі­чаць. У конкурсе «Бліц-апытанне» камандам па чарзе задавалі пытанні з варыянтамі адказаў, з якіх удзельнікі павінны былі выбраць правільныя. Напрыклад, што абазначае абрэвіятура СНІД, вылечны ён або не, ці перадаецца ВІЧ, калі пазычаеш у заражанага ім аднакласніка школьныя прылады, абедаеш у сталовай, плаваеш у басейне, вітаешся за руку, паднімаеш невядома кім кінутыя шпрыцы, іголкі, лёзы і іншыя прадметы, якімі можна параніцца, і інш.

Падобнымі да гэтых былі гульня «Кансэнсус і канфрантацыя» і віктарына «Так або не». У першай ігракам прапаноўваліся сітуацыі, адказваючы на якія, тыя паднімалі картачкі са словамі «згодны» або «не згодны» і аргументавалі свой выбар. У другой — пацвярджалі або адмаўлялі правільнасць агучаных вядучай адказаў на пытанні. Зарабіць балы для каманд маглі і гледачы. Для іх быў арганізаваны асобны конкурс. Ён падсумаваў усё, пра што гаварылася вышэй. Таксама ў пачатку мерапрыемства сярод прысутных правялі ананімнае анкетаванне на тэму ВІЧ/СНІД.

Завяршала мерапрыемства інтэрактыўная гульня «Ланцуговая рэакцыя». Удзельнікі каманд і іх балельшчыкі на некалькі хвілін сталі жыхарамі горада N, дзе пасяліўся вірус імунадэфіцыту чалавека і кожную ноч знаходзіў сабе новых ахвяр. На прыкладзе гэтай гульні навучэнцы змаглі ўбачыць, наколькі небяспечны ВІЧ і як хутка ён распаўсюджваецца.

— Я вельмі спадзяюся, што ніводнага з вас ніколі не закране праблема ВІЧ-інфекцыі. Пазбегнуць яе дапамогуць у тым ліку атрыманыя сёння веды. Хочацца, каб вы жылі доўга і шчасліва. Любіце жыццё, даражыце кожнай яго хвілінай, кожным пражытым днём! — пажадала на развітанне школьнікам Таццяна Кухальская.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.