Образование, которое вдохновляет. Лынтупский культурный центр «Культиватор» продолжает проводить семинары для взрослых

Культура

Пра адукацыю для дарослых лынтупчане ведаюць не па чутках. 

Летась мясцовы культурны цэнтр «Культыватар» арганізаваў для іх двое курсаў: «Рамонт старога дома сваімі рукамі» і «Сувеніры з гліны сваімі рукамі». Наведаць іх мог кожны ахвотны.

Рэалізацыя гэтай ініцыятывы стала магчымай дзякуючы ўдзелу «Культыватара» ў маштабным праекце «Вучыцца, каб дзейнічаць». Яго арганізатарам выступіў Інстытут міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV International).

Менеджары DVV высока ацанілі работу, праведзеную «Культыватарам», і прапанавалі працягнуць супрацоўніцтва. Як вынік — сёлета ў Лынтупах былі зладжаны яшчэ чатыры адукацыйныя мерапрыемствы для дарослых.

Цікава і вам? Далучайцеся!

Напрыканцы лета ў Лынтупах упершыню быў арганізаваны фестываль керамікі «Дым». Тады ж адбыўся і першы ў гэтым годзе адукацыйны семінар для дарослых. 24—25 жніўня мясцовыя жыхары мелі магчымасць пазнаёміцца з азамі керамікі: самастойна зрабіць сувенір ці ўпершыню ў жыцці сесці за ганчарнае кола. Дапамагалі ў гэтым найвопытнейшыя майстры — арганізатары фестывалю Анастасія Мілаванава і Дар’я Мандзік.

Чарговы майстар-клас — кулінарны — прайшоў у пачатку верасня ў аграсядзібе Трабуцішкі. У якасці «шэф-повара» на яго быў запрошаны магістр філасофіі, гісторык, культуролаг, публіцыст, царкоўны і грамадскі дзеяч Мікола Матрунчык. Ён з’яўляецца гаспадаром шмат у чым унікальнай гаспадаркі «Экафанія» (яна размяшчаецца ў Мінскай вобласці), вырошчвае экалагічна чыстую прадукцыю.

У аграсядзібе ў той дзень вучыліся гатаваць традыцыйную старадаўнюю беларускую страву — кішку. Частаваў Мікола Матрунчык і прыгатаванымі загадзя супам з цасаркі, трусяцінай з зялёнай грэчкай. Удзельнікамі майстар-класа, дарэчы, сталі работнікі адной з мінскіх будаўнічых фірм, якія ў тыя дні адпачывалі ў сядзібе.

Ці не самым запатрабаваным у лынтупчан стаў семінар-практыкум па садаводстве.  Ён адбыўся 21—22 верасня і сабраў на пляцоўцы «Культыватара» каля дзясятка зацікаўленых гэтай тэмай мясцовых жыхароў. У якасці выкладчыка ў Лынтупы была запрошана кандыдат сельскагаспадарчых навук, селекцыянер-фітапатолаг рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут пладаводства» Юлія Кандрацёнак. На якую колькасць пытанняў ёй давялося адказаць! Цікавіла, як падкормліваць дрэвы, як іх размнажаць і абразаць, як рыхтаваць зямлю да пасадкі, і многае іншае.

Сустрэча не абмежавалася лекцыямі. Была арганізавана дэгустацыя сучасных сартоў яблыкаў і груш, а практычным заняткам стала закладка новага саду на ўчастку аднаго з дачнікаў, які будуе сабе ў Лынтупах дом.

Адна з пастаяннных наведвальніц курсаў —  лынтупчанка Людміла Францаўна Кавальская. Ёй 78 гадоў. 43 з іх прысвяціла школе — працавала настаўніцай геаграфіі, выяўленчага мастацтва, займалася развіццём вучнёўскага турызму. Але нават у такім паважаным узросце з задавальненнем вярнулася ў адукацыю. Толькі ўжо ў якасці… вучаніцы.

За два гады я наведала вялікую колькасць заняткаў, асабліва па лепцы з гліны, — расказвала Людміла Кавальская. — На семінары па садаводстве вельмі ўразіў прафесіяналізм выкладчыцы. Колькі цікавага, слушнага нам расказала Юлія! Толькі шкада, што многія лынтупчане па незразумелых мне прычынах ігнаруюць такія карысныя мерапрыемствы. Калі расказваю пра іх пазней сваім знаёмым, тыя не перастаюць захапляцца. Дык чаму самім не паўдзельнічаць?! Гэта ж прыемна — размаўляць з людзьмі, улюбёнымі ў сваю справу. Іх энергія зараджае.

У 2020 годзе першыя адукацыйныя заняткі пройдуць вясной. Яны зноў будуць прысвечаныя садаводству (пра гэта папрасілі самі мясцовыя жыхары).

Галоўная задача – аб’яднаць

Вынікі работы па адукацыі дарослых падводзілі 30 лістапада.

Адукацыя для дарослых — ­адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай установы, — падкрэсліў дырэктар «Культыватара» Вадзім Гліннік. — Семінары, якія праводзім, не толькі даюць новыя веды, але і дораць магчымасць збірацца разам — знаёміцца, абмяркоўваць розныя пытанні і проста адпачываць ад будзённых спраў. Лынтупскі рэгіён унікальны тым, што, акрамя мясцовых жыхароў, тут пражывае шмат дачнікаў, гатовых актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці пасёлка. Задача «Культыватара» — усіх іх аб’яднаць, каб зрабіць тут жыццё больш цікавым і культурна насычаным.

Госцяй выніковага мерапрыемства стала Галіна Верамейчык. З 2009 года яна ўзначальвае Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Рэспубліцы Беларусь.

У Лынтупы я прыехала ўпершыню, — расказвала Галіна Верамейчык. — Мяне прыемна ўразілі самабытная мясцовая архітэктура, маляўнічыя навакольныя краявіды. Адчуваецца былая веліч гэтага краю, яго багатае гістарычнае мінулае. Здорава, што ёсць такія энтузіясты, гатовыя на дабрачыннай аснове развіваць турыстычны, культурны патэнцыял гэтай мясцовасці. Я бачу, як гараць вочы ў дырэктара «Культыватара», яго аднадумцаў — а гэта ўжо палова поспеху. Яны бачаць і добра разу­меюць, што і як трэба рабіць. Спадзяюся, мясцовая ўлада будзе максімальна спрыяць развіццю гэтага амбіцыйнага і вельмі патрэбнага рэгіёну праекта.

Галіна Уладзіміраўна адзна­чы­ла: у «Культыватара» і DVV International шмат агульных мэт, а значыць трохгадовае плённае супрацоўніцтва абавязкова працягнецца і ў 2020-м.

Галіна Верамейчык у ліку іншых стала ўдзельніцай кулінарнага майстар-класа, арганізаванага ў той дзень «Культыватарам». Яго правялі ўдзельніцы клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя», які ўжо на працягу 20 гадоў дзейнічае на Пастаўшчыне.

— Такі незвычайны смак! Гэта нават смачней, чым «калдуны», якія часта пякуць на маёй малой радзіме! — гаварыла яна, ужо седзячы за сталом.

Нічога падобнага ў жыцці не еў. Бабуля ў вёсцы пякла дранікі, а вось як гатуюць такую страву,  бачу ўпершыню, — дзяліўся ўражаннямі спецыяліст у галіне IT Андрэй Тачылін, які пры любой магчымасці прыяз­джае з Мінска на сваю дачу ў вёсцы Вайшкуны.

Як думаеце, якая страва беларускай кухні так здзівіла гасцей майстар-класа? Не паверыце — клёцкі! Звычайныя бульбяныя клёцкі, якія гатавалі спрадвеку і гатуюць цяпер на тэрыторыі ўсёй Пастаўшчыны.

Дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэ­ська адзначыла, што такія клёцкі «з душамі» два гады назад унесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Тады ўвесь працэс прыгатавання — ад чысткі бульбы да вымання гатовай стравы з рускай печы — для відэазапісу паказаў жыхар вёскі Галбея Пастаўскага раёна Аляксандр Красоўскі.

Як правільна гатаваць клёцкі, разам з Ксеніяй Вячаславаўнай прадэманстравалі ўдзельніцы «Традыцыі» Вольга Лойка і Святлана Марозава.

Супрацоўніцтва «Культыватара» з «Традыцыяй» і Цэнтрам культуры і народнай творчасці раёна пачалося яшчэ падчас правядзення фестывалю «Дым», — расказваў дырэктар «Культыватара» Вадзім Гліннік. — У тым, што яно працягнецца, сумненняў няма: ужо вясной сумесна з нашымі польскімі партнёрамі плануецца старт кулінарнага праекта «Смакі Беларусі». Зусім нядаўна да іх наведалася пастаўская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Юрыем Кісялёвым. 14 снежня адбыўся візіт польскіх калег у Лынтупы.

Падрабязней гэта тэма будзе раскрыта ў адным з наступных нумароў газеты.

Іна Сняжкова.
Фота аўтара і Вадзіма Глінніка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.