«Поставы-городок» знают на только в нашем районе! Поставский молочный завод отметил 80-летний юбилей

Главное Общество

Ад Смаленска да Хабараўска, ад Ташкента да Архангельска вядома прадукцыя Пастаўскага малочнага завода – флагмана перапрацоўчай прамысловасці не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

У мінулую пятніцу прадпрыемства ад­­значыла сваё 80-год­­дзе. Юбілей і стаў нагодай для таго, каб сабрацца ўсім калектывам у раённым Доме культуры, запрасіць на яго шаноўных ветэранаў і ганаровых гасцей. З лёсам завода цесна пераплялася гісторыя нашага горада і жыцці сотні пастаўчан. Усё, чаго дасягнула прадпрыемства за перыяд сваёй дзейнасці, у першую чаргу заслуга работнікаў. У фае раённага Дома культуры шырока разгарнулася дэгустацыя прадукцыі. Асабліва цікавая яна была ветэранам: яны каштавалі навінкі, абмяркоўвалі смакавыя якасці, успаміналі гады сумеснай працы.

Пра станаўленне і развіццё завода шмат гаварылі на свяце сённяшні дырэктар Георгій Касцень і былыя — Эдуард Казура, Валянцін Пылінскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

З арцельных сыраварняў Тызенгаўзаў

Прамысловая вытворчасць малочнай прадукцыі на Пастаўшчыне, у тым ліку сыру, бярэ свой пачатак з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя з арцельных сыраварняў Антонія і Канстанціна Тызенгаўзаў. Мяняліся гаспадары, месцы «прапіскі» прадпрыемства, наменклатура выпускаемай прадукцыі, тэхналогіі. Да сярэдзіны XX стагоддзя ўсе працэсы выконваліся ўручную, для ахалоджвання малака выкарыстоўваўся лёд, які нарыхтоўвалі зімой. Малако і іншая малочная прадукцыя развозіліся на цялегах.

 У 1958 годзе ў сувязі з ростам аб’ёмаў вытворчасці малака ў сельскагаспадарчых агранізацыях і ў насельніцтва, а таксама з улікам попыту на малочную прадукцыю было прынята ўрадавае рашэнне аб будаўніцтве новага малакаперапрацоўчага прадпрыемства. Пад яго ўзвядзенне выбралі пляцоўку па вуліцы Крупскай. У 1963 го­дзе новы малочны завод пад кіраўніцтвам Мікалая Голубева прыступіў да работы. За змену тут выпускалі 5 000 кілаграмаў  масла, 1 160 кг сухога малака, 240 кг тварагу. Вытворчасць паступова мадэрнізавалася. А ўжо ў 70—80-я гады, калі прадпрыемствам кіравалі Аркадзій Норкін, Аляксей Брэнь, Яўгеній Турчынскі, яно неаднаразова станавілася пераможцам усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў.

На мяжы краху

У 1988 годзе Пастаўскі завод сухога абястлушчанага малака перадалі ў падпарадкаванне Глыбоцкаму малочнакансерваваму камбінату. Была страчана фінансавая самастойнасць, асноўная частка абсталявання дэманціравана і вывезена. Прадпрыемства, якое да гэтага выпускала поўны спектр натуральнай малочнай прадукцыі, цяпер пастаўляла ў продаж толькі біклажнае малако. У горадзе сталі ўзнікаць перабоі з пастаўкай малочнай прадукцыі. На заводзе засталося працаваць усяго 60 работнікаў.

Адраджэнне

У мэтазгоднасці адраджэння завода ў 1992 годзе кіраўніцтва вобласці здолеў пераканаць мэтанакіраваны і настойлівы старшыня райвыканкама Васілій Чэпік. Кіраваць калектывам даверыў энергічнаму Эдуарду Казуру.

Расшыралася вытворчасць, выпускаліся новыя віды прадукцыі: фасаваныя малако і масла, кефір, тварог, смятана, сыр «Адыгейскі». Кіраўніцтва і работнікі прыкладвалі шмат намаганняў па наладжванні сувязей, пошуках рынкаў збыту. У 1996-м увялі новы цэх па вытворчасці масла, на наступны — паўцвёрдых сыроў, яшчэ праз год — ёгуртаў. У 1998 годзе завод наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які высока ацаніў зробленае, што надало сіл і стымулявала да далейшага развіцця. Прадпрыемства павялічыла свае магутнасці, пачало выпуск значнага на той момант прадукту — тэхнічнага казеіну, распачало рэканструкцыю цэха па вытворчасці сыроў, распрацоўку ўласнай гандлёвай маркі.

У раёне стала цесна

У пачатку 2000-х прадукцыі Пастаўскага малочнага завода стала цесна ў раёне, і яна пачала заваёўваць рынкі Віцебска і іншых гарадоў вобласці. Першая сярод аналагічных «пакарыла» сталіцу. У 2004 годзе кіраўніцтва заводам узяў на сябе сапраўдны стратэг — Іван Юхно. Пры ім завяршылася рэканструкцыя сыраробнага цэха, была пабудавана новая кацельня на газе, мадэрнізавана вытворчасць казеіну, праведзена поўная рэканструкцыя цэха па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі. У гэты час укараняецца сістэма кіравання якасцю. У прадпрыемства  з’явілася гандлёвая марка «Паставы-гарадок».

І ўвесь гэты час кіраўніцтва не пакідала думка пра новую сучасную вытворчасць сыроў.  У 2010 годзе ў вобласці падтрымалі ідэю будаўніцтва новага цэха магутнасцю 20 тон сыроў у суткі і ўключылі прадпрыемства ў Дзяржаўную праграму. Згодна з ёй, у верасні 2011 года пачалося ўзвядзенне цэха і новая гісторыя завода. У жніўні 2013-га ў ім ужо выпусцілі першую партыю сыроў, а ў кастрычніку цэх пацвердзіў праектную магут­насць.Паралельна была ўведзена ў эксплуатацыю новая аміячная халадзільная ўстаноўка. Прадукцыя стала выходзіць на расійскія рынкі.

Карысная, экалагічна чыстая

Як вынік карпатлівай працы   прадпрыемства — давер спажыўцоў і паспяховая рэалізацыя прадукцыі. А яна ўжо на працягу многіх гадоў сярод пераможцаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў і выстаў, такіх як «Прадэкспа», «Чэмпіён смаку», «Брэнд года», «Народная марка», «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і іншых.

Для атрымання прадукцыі патрэбна сыравіна. Таму прадпрыемства актыўна ўкладвае свае сродкі ў развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ў ААТ «Камайскі-агра». Шляхам сумесных намаганняў гаспадарка ў паўтара раза павялічыла  рэалізацыю малака і мяса, у 3 разы — валавы намалот зерня, жывёла ў поўнай меры забяспечана кармамі. Закуплена больш за 30 адзінак тэхнікі. У планах будаўніцтва новага сучаснага малочнатаварнага комплексу.  У перспектыве – аграхолдынг

У мінулую пятніцу на Пастаўскім малочным заводзе пабывалі прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых зацікаўленых структур. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калавур паведаміў, што на базе Пастаўскага малочнага завода плануецца стварэнне аграхолдынгу, у давяральнае кіраўніцтва якім увойдуць 6-7 прадпрыемстваў. Якім чынам яно будзе ажыццяўляцца, яшчэ не вызначана.

Галоўныя крытэрыі – якасць і кадравы патэнцыял

Пра дасягненні калектыву Пастаўскага малочнага завода гаварылі першы намеснік дырэктара Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» Наталля Бортнік, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Генадзій Лютынскі. Сярод галоўных набыткаў выступоўцы адзначылі высокую якасць выпускаемай прадукцыі і добры кадравы патэнцыял, якому пад сілу вырашаць любыя задачы: праводзіць мадэрнізацыю, распрацоўваць новыя віды прадукцыі, асвойваць рынкі збыту. Заслужаным работнікам завода госці ўручылі Ганаровыя граматы і падзякі. На свяце прысутнічалі больш за 60 ветэранаў прадпрыемства. Усіх іх запрасілі на сцэну і ўручылі падарункі. А завяршылася мерапрыемства канцэртам Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». 

Тэкст і фота Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.