Представители двух сельскохозяйственных ВУЗов РБ провели профориентационные встречи в 10 школах Поставщины

Образование

Сельскагаспадарчыя ВНУ чакаюць студэнтаў

На гэтым тыдні наш раён наведалі прадстаўнікі дзвюх буйных сельскагаспадарчых ВНУ краіны — Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта і Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Іх мэтай было расказаць школьнікам пра свае навучальныя ўстановы і сагітаваць  туды паступаць.

За два дні — 27 і 28 лістапада — госці правялі прафарыентацыйныя сустрэчы ў 10 школах: першай, другой, трэцяй і чацвёртай гарадскіх, Гуцкай, Варапаеўскай, Навасёлкаўскай, Камайскай, Дунілавіцкай і Лынтупскай. На адной з іх — у пастаўскай СШ №4 — пабывала аўтар гэтых радкоў.

На сустрэчу з дэканам аграмеханічнага факультэта БДАТУ Віктарам Лоўкісам і дацэнтам кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл імя А. А. Івановай Віцебскай ветакадэміі Сяргеем Базылевым прыйшлі навучэнцы 10 і 11 класаў. Яны пачэрпнулі нямала карыснай для сябе інфармацыі. Выступоўцы пазнаёмілі старшакласнікаў з прадстаўленымі ўстановамі адукацыі: расказалі, дзе знаходзяцца, якую вучэбную і спартыўную базы маюць, колькі налічваюць факультэтаў і спецыяльнасцей, у чым асаблівасці набору і вучобы на іх. Не абышлі ўвагай і прахадныя балы, уступныя іспыты, парадак прыёму абітурыентаў, памер стыпендый і кошт платнага навучання (у Віцебскай ветакадэміі, дарэчы, ён самы нізкі ў Беларусі), запатрабаванасць выпускнікоў названых ВНУ і іншыя важныя моманты.

Слухала выкладчыкаў і пераконвалася: дадзеныя сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы — добрыя варыянты для паступлення. Іх студэнты атрымліваюць выдатную адукацыю і маюць магчымасці для ўсебаковага развіцця як асобы: займаюцца спортам і навуковай дзейнасцю, удзельнічаюць у разнастайных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, студ­атрадаўскім руху, найлепшыя праходзяць вытворчую практыку ў краінах Заходняй Еўропы. Што немалаважна — усе іншагароднія юнакі і дзяўчаты забяспечваюцца інтэрнатам. Выпускнікі ВНУ працуюць па ўсёй Беларусі, прычым не толькі на прадпрыемствах і ў арганізацыях сельскагаспадарчага профілю.

Госці раздалі старшакласнікам буклеты з інфармацыяй пра свае навучальныя ўстановы і кантактамі прыёмных камісій, пакінулі для прагляду ў школе спецыяльна прывезеныя відэаролікі пра ­БДАТУ і ВДАВМ, адказалі на пытанні прысутных.

Іх выступленні дапоўніла інспектар аддзела агранізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька. Яна адзначыла, што ў гэтыя і іншыя сельскагаспадарчыя ВНУ краіны можна паступіць у тым ліку па мэтавым накіраванні арганізацый. Такое накіраванне гарантуе студэнту абавязковае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома і падтрымку на працягу ўсяго тэрміну навучання. Яна заключаецца не толькі ў забеспячэнні месцам для праходжання вытворчай практыкі, але і ў магчымасці даплаты да стыпендыі ў памеры да 5 базавых велічынь, якую робяць некаторыя зацікаўленыя ў будучым спецыялісце арганізацыі раёна.

Людміла Лявонаўна таксама пакінула свае кантактныя тэлефоны, прапанаваўшы школьнікам звязвацца з ёй, калі пажадаюць узяць мэтавае накіраванне. Паабяцала знайсці кіраўнікоў, якія ахвотна заключаць з кожным канкрэтным выпускніком мэтавы дагавор. Пры гэтым заўважыла, і яе словы пацвердзілі госці, што сярод «мэтавікоў» асобны конкурс пры паступленні, амаль усе яны, за рэдкім выключэннем, становяцца студэнтамі абраных вышэйшых навучальных устаноў.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.