Продажа несуществующих дров довела поставчанина на скамью подсудимых

Безопасность

Давярайце, але правярайце

Жыхар Пастаў Н. у лясной гаспадарцы не вызначыўся. У гэтай галіне ён усяго паўтара года — у якасці радавога работніка. Але тое, што лес багаты на дровы, засвоіў. Адміністрацыя лясгаса кожнаму члену калектыву, хто жадае, адзін раз на працягу каляндарнага года дае па сабекошце ўчастак лесу з абавязковай умовай, што ў 10-дзённы тэрмін трэба нарыхтаваць на ім дровы, а ў 20-дзённы — вывезці іх і ачысціць участак ад рэшткаў. Скарыстаўся такой магчымасцю і Н. Праўда, дзялянку ўзяў напалову з таварышам па рабоце, які поўнасцю заплаціў у касу лясгаса належныя за яе грошы.

У Н. грошай на гэта не было. Ён увогуле адчуваў вялікія матэрыяльныя цяжкасці. Яно і не дзіўна: у сям’і чацвёра дзяцей, яшчэ на аднаго, ад першага шлюбу, мужчына абавязаны плаціць аліменты. Чаму б не прадаць дровы? Таму, яшчэ толькі пачаўшы іх нарыхтоўку, Н. размясціў у сацыяльных сетках аб’яву пра гэта. Пакупніца, жыхарка нашага райцэнтра, знайшлася адразу. Ёй і прадаў за 130 рублёў прычэп дроў.

Н. заўзятым працаўніком ніколі не быў. Вось радкі з яго характарыстыкі, пададзенай лясгасам у суд: «Неисполнительный, непунктуальный, нетрудолюбивый, нечестный, на рабочем месте появлялся в нетрезвом состоянии». Аднак і гэты пералік далёка не лепшых якасцей аказаўся няпоўным. Неўзабаве грамадзянін праявіў сябе яшчэ і ўмелым махляром, а менавіта: заняўся продажам дроў, якіх не існавала.

Фото Натальи Налей

1 жніўня бягучага года зноў жа ў сацыяльных сетках размясціў аб’яву пра тое, што прадае насельніцтву дровы ў калодках і колатыя, указаў нумар свайго мабільнага тэлефона. Першым зацікавіўся прапановай жыхар райцэнтра Б. Пазваніўшы на ўказаны нумар, дамовіўся, што купіць прычэп колатых дроў за 180 рублёў. Прадавец паставіў умову ўнесці палову сумы ў якасці перадаплаты. Мужчыны сустрэліся на адной з гарадскіх вуліц. Адзін другога ўбачылі ўпершыню. Пазнаёміліся, пагаварылі некалькі хвілін — і пакупнік аддаў Н. 90 рублёў. Той запэўніў, што прывязе дровы ў бліжэйшыя 2-3 дні, але не прывёз.

Зацікавіла аб’ява і жыхарку Шаркаўшчыны, якой патрабаваліся два прычэпы колатых дроў. У тэлефоннай размове прадавец так па-мастацку рэкламаваў свой тавар, цэны і тэрміны дастаўкі, што жанчына выклікалася параіць і сваім знаёмым звяртацца да яго па дровы. У знак удзячнасці прадавец паабяцаў на 40 рублёў знізіць ёй цану — за два прычэпы ­ўзяць не 360, а 320 рублёў. І, вядома ж, запатрабаваў папярэднюю плату за тавар. Пакупніца пералічыла на банкаўскую плацежную картачку яго жонкі 200 рублёў і стала чакаць абяцаных дроў. Як вы ўжо разумееце, не дачакалася.

Трапіў на кручок махляра і пастаўчанін М., які таксама даверыўся яму і пералічыў на картачку звыш 100 рублёў, але, як і двое папярэдніх грамадзян, дроў не атрымаў.

Следствам, а затым і судом устаноўлена, што ў Н. не было ні магчымасці, ні намеру выконваць свае абяцанні па продажы дроў, у чым ён і вымушаны быў прызнацца. Мэту ставіў іншую — шляхам падману завалодаць грашовымі сродкамі даверлівых грамадзян і тым самым палепшыць сваё матэрыяльнае становішча.

Суд прызнаў грамадзяніна Н. вінаватым у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве) і назначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на адзін год з адтэрміноўкай яго выканання на адзін год. Акрамя таго, пастанавіў прымяніць прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы жыхарства, а таксама задаволіць іскавыя патрабаванні пацярпелай з Шаркаўшчыны (двум пацярпелым пастаўчанам Н. вярнуў грошы яшчэ да вынясення прыгавору).

Такім чынам, злачынства не засталося беспакараным. Але хачу сказаць і пра іншае, дакладней, папярэдзіць грамадзян, каб не былі залішне даверлівымі. На жаль, такая заганная з’ява, як махлярства, стала праяўляцца ў грамадстве ўсё часцей, і коль­касць пацярпелых ад яго павялічваецца. Каб не папоўніць іх рады, вельмі ўважліва стаўцеся да любой інфармацыі, аналізуйце і ўдакладняйце яе, тым больш калі яна датычыць матэрыяльных ­здзелак. Нездарма ж у народзе трывала прыжылася прымаўка: «Давярай, але правярай».

 Анатолій Карытка, старшыня суда Пастаўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.