Лынтупский «Культиватор» запускает новый туристический проект

Культура

Рыхтуй сані летам, а веласіпеды – зімой. 

Так можна перайначыць вядомую прымаўку ў адносінах да дзейнасці Лынтупскага культурнага цэнтра «Культыватар». Пару тыдняў назад ва ўстанове з’явілася паўтара дзясятка новенькіх веласіпедаў. Плануецца, што ўжо вясной турысты адправяцца на іх знаёміцца не толькі з мясцовымі славутасцямі і ландшафтамі, але і з кулінарнымі традыцыямі.

2019 год для «Культыватара» адметны. Сёлета стартаваў новы польска-беларускі праект «Смакі Беларусі: навацыйны кулінарны турызм як стымул для сельскага прадпрымальніцтва».

— Лынтупшчына мае вялікі турыстычны патэнцыял, правільнае выкарыстанне якога можа прыносіць рэгіёну прыбытак, — адзначыў дырэктар «Культыватара» Вадзім Гліннік. — Мы, заснавальнікі гэтай установы, доўга разважалі наконт таго, які від турызму мог бы стаць тут запатрабаваным. Так як інфраструктура адсутнічае, вырашылі, што акцэнт павінен быць на ўнікальнасці мясцовай прыроды і гасціннасці жыхароў пасёлка і навакольных вёсак. Адсюль і нара­дзілася ідэя заняцца распрацоўкай кулінарных маршрутаў выхаднога дня. На нашу думку, яны павінны зацікавіць гарадскіх турыстаў, стомленых ад асфальту і мітусні.

Увасабляць гэту задуму ў жыццё дапамагаюць польскія партнёры. Яшчэ сёлетняй вясной прадстаўнікі таварыства «Падлясскія смакі» наведалі Пастаўскі райвыканкам, а напрыканцы лістапада ўжо беларуская дэлегацыя адправілася ў госці ў суседнюю краіну. Узначаліў яе намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў.

У складзе дэлегацыі была і дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська, якая таксама з’яўляецца актыўнай удзельніцай клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя».

— За пяць  дзён мы наведалі два дзясяткі аграсядзіб, сямейных прадпрыемстваў, размешчаных побач з беларуска-польскай граніцай, — расказвала Ксенія Грэська. — Польскія гаспадары не на словах, а на справе паказвалі нам, як у сучасных умовах звышканкурэнцыі можна паспяхова прадаваць уласную экалагічна чыстую прадукцыю: сыр, мёд, квашаную капусту… Размова ішла і пра польскія кулінарныя традыцыі, нашы новыя знаёмыя нават па­дзяліліся з намі рацэптамі многіх страў. Удзельніцы «Традыцыі» ў сваю чаргу правялі майстар-клас па прыгатаванні клёцак. Паездка ўсіх нас вельмі ўразіла. З Польшчы прывезлі шмат новых ідэй, якія пачнём рэалізоўваць ужо ў самым хуткім часе.

14 снежня ў Лынтупах адбылася заключная ў 2019-м сустрэча, прысвечаная новаму праекту. Акрамя кіраўніцтва «Культыватара» і польскіх партнёраў, на ёй прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, гаспадары аграсядзіб, работнікі мясцовай сацыяльнай службы, якія ў той дзень пазнаёмілі замежных гасцей з дзейнасцю аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Палякі былі прыемна ўражаны творчай атмасферай, якая там пануе, і выказалі ўпэўненасць, што супрацоўніцтва з гэтай службай будзе паспяхова наладжана.

Што па праекце «Смакі Беларусі» зроблена ўжо сёння?

Распрацаваны тры асноўныя веласіпедныя маршруты. На іх устаноўлены слупы з паказальнікамі. Яны дапамогуць турыстам сарыентавацца на мясцовасці. 

Першы маршрут, які прапануецца гасцям, — «Трабуцішкі—Вайшкуны—хутар Балдук» (яго працягласць 28 км).  Другі — «Вялічкі—Каптаруны» (23,5 км). Трэці і самы кароткі — «Гіруці—Раманішкі» (каля 11 км). Пра ўсе славутасці і аграсядзібы, якія сустракаюцца на кожным з маршрутаў, турысты могуць пачытаць на спецыяльна распрацаваным сайце www.tasteofbelarus.org. Да пачатку сезона на ім з’явіцца яшчэ больш інфармацыі.

Месцамі прыпынку для веласіпедыстаў стануць каларытныя аграсядзібы ў Каптарунах і Трабуцішках, дзе можна будзе падсілкавацца мясцовымі прысмакамі. З часам кіраўніцтва «Культыватара» плануе пашыраць спіс не толькі кулінарных «станцый», але і геаграфію маршрутаў — ёсць ідэя ўклю­чыць у праект Камайшчыну.

Важна і тое, што налета будзе вырашана пытанне з размяшчэннем турыстаў. Малады сталічны архітэктар-рэстаўратар Раман Забела яшчэ некалькі гадоў назад выкупіў суседні з Лынтупскім культурным цэнтрам вялікі драўляны будынак, дзе мае намер адк­рыць хостал. Плануецца, што ўжо праз паўгода яго цэнтральная частка прыме першых гасцей. Там у сціплых, але камфортных умовах адначасова змогуць размясціцца 20 чалавек.

— Наперадзе ў нас з польскімі калегамі яшчэ вельмі многа работы. Было б выдатна, каб да праекта падключыліся і мясцовыя жыхары, — падкрэсліў Вадзім Гліннік. — На Лынтупшчыне шмат добрых гаспадынь, шчырых рупліўцаў, якія трымаюць гаспадарку, любяць і ўмеюць вырошчваць ураджай. Чаму б, напрыклад, не арганізаваць пункты гандлю, дзе дачнікі, турысты маглі б купіць свежую агародніну, садавіну, малочныя ці мясныя прадукты? Упэўнены, што большасць гараджан заплацілі б і вышэйшую за рыначную цану — галоўнае, каб тавар быў экалагічна чыстым. Бо многія ўжо забыліся, якія яны — смакі сапраўднай, аўтэнтычнай Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што наш праект дапаможа іх раскрыць для максімальнай колькасці людзей.

 Іна Сняжкова.
Фота аўтара, Хрысці Чарняўскай і з архіва «Культыватара».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.