Школьный музей СШ №2 отметил день рождения яркой театральной постановкой «Необычный сон»

Образование

Гарталі старонкі гісторыі

Нядаўна нашаму школьнаму музею споўнілася 32 гады. Мерапрыемства да яго чарговага дня нараджэння правялі 23 лістапада. На ім прысутнічалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Б. Д. Сямашка, ветэраны працы В. Р. Крэскіян, Ч. В. Мацур, Ю. С. Копасаў і А. М. Копасава, С. С. Якавіцкая, былыя экскурсаводы В. М. Мацкевіч (зараз настаўніца школы), і Дар’я Рамановіч (навучэнка каледжа) і цяперашнія экскурсаводы, а таксама актыўныя збіральнікі экспанатаў, вучні 7 «А» і «Б» класаў. На гэты раз падрыхтавалі спектакль па маім сцэнарыі «Незвычайны сон».

Экскурсавод Аляксандра Лысенка пачынае аповед па адным з раздзелаў музея, потым нібы слухае песню з радыёпрыёмніка (выканаўца — вучань 5 «А» класа Аляксей Касарэўскі) і засынае… І ў сне да дзяўчыны прыходзяць асобы з мінулага Пастаўшчыны.

Першым пастукаўся Антоній Тызенгаўз (Раман Цыунель) і сказаў, што ганарыцца ўсім тым, што зрабіў для Пастаў. Сялянка, якая жыла ў вёсцы Савічы ў 1812 годзе (Караліна Тарасевіч), узгадала, як жудасна заваёўнікі-французы забівалі яе мужа. Вясёлая дзяўчына з 30-х гадоў мінулага стагоддзя (Караліна Сарока) паведаміла, што ў Савічах у 1932 годзе было створана «Коло млодзежы вейскей», пра выступленне самадзейных артыстаў у Варшаве (1937 г.) і Вільні (1938 г). Потым прапанавала пагля­дзець інтэрмедыю «Сустрэча з замежнай моладдзю» ў выкананні дачкі кіраўніка былога «кола» (у гэтай ролі выступіла я).

Хлопец з Казян  (Дзмітрый Грыневіч) да вайны вучыўся ў Паставах. Вясной 1944 года яго разам з шасцю юнакамі расстралялі. Праўда, у першы раз толькі паранілі, і яму ўдалося выбрацца з-пад трупаў і ўцячы. Але гаспадыня, у якой ён кватараваў, выдала яго гітлераўцам. На гэты раз юнака забілі.

Зінаіда Антонаўна Уліцкая (Анастасія Хаўлюк) сустрэла вайну дзяўчынкай. Аднойчы з бацькамі і братам, уцякаючы ад немцаў, схаваліся ў акопе, каб адпачыць. Бацька не дазволіў доўга заседжвацца. Калі яны адбеглі на значную адлегласць, ззаду, якраз у тым акопе,  пачуўся выбух… Камсамолка-падпольшчыца з вёскі Васіліны Жэня Машара (Ганна Трублоўская) расказала, як прыйшла з лесу дамоў пераапрануцца і трапіла ў рукі гітлераўцаў. У маі 1942 года ў яе вёсцы расстралялі 16 падпольшчыкаў і іх родных. Сярод іх была і Жэня. Клеапатра Вікенцьеўна (Анжаліка Дзісько) з вёскі Волахі — маці капітана Радзівона Мішуты, былога вучня нашай школы, які загінуў у Афганістане, успамінала, як радаваліся з дачкой, калі Радзівон паведаміў, што прыедзе ў водпуск. А на наступны дзень у хату зайшоў ваенны і сказаў: «Трымайцеся, маці, хутка прывязуць вашага сына»…

Я ахарактарызавала работу музея, якая ў цяперашні час накіравана на годную сустрэчу 75-годдзя Вялікай Перамогі, запрасіла ўсіх наведваць экскурсіі. Часлава Мацур адзначыла вялікую патрыятычную работу, захаванне традыцый і перадала ў наш музей новыя экспанаты. Стэфанія Якавіцкая сказала, што даведалася шмат новага і расчулілася да слёз. Ванда Мацкевіч успомніла гады¸ калі была экскурсаводам і ёй у першым паказе спектакля «Незвычайны сон» выпала роля маці воіна-інтэрнацыяналіста. Дырэктар школы Аляксандр Кузняцоў запэўніў, што заўсёды будзе спрыяць музею і падтрымліваць яго. Член раённага савета ветэранаў Юрый Копасаў унёс прапанову запісаць нашу пастаноўку і паказваць пастаўчанам па тэлебачанні.

Дзякую гасцям, маім артыстам, педкалектыву на чале з дырэктарам школы, асабіста настаўніцы працы Галіне Дзевятоўскай за ўдзел і дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.

Рэгіна Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.