Шок, боль, беспомощность — такими первые секунды после трагедии помнит Марьян Каравацкий

Личности

Не страціў прагу да жыцця

Мар’ян Каравацкі тэхніку любіў заўсёды, таму і паступіў у Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вучыцца было цікава і лёгка. Кантрольныя, курсавыя работы пісаў хутка, нават дапамагаў іншым. Атрымаў дыплом з адзнакай і вярнуўся на Пастаўшчыну. Працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама, завочна вучыўся ў Велікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце. Цягнула да машын, таму ўладкаваўся ў райсельгастэхніку. Тут сустрэў сваю будучую жонку — Лена працавала бухгалтарам. У той час многія выязджалі ў Літву. Падаліся туды і Каравацкія. У Дыджасалісе знайшлося месца на заводзе, атрымалі трохпакаёвую кватэру. У сям’і нарадзіліся тры дачушкі.

— Развал Саюза разваліў і нашы планы, — расказваў Мар’ян Адамавіч. — Калі закрылі завод, мы прадалі жыллё і вярнуліся на радзіму. Пэўны час жылі ў Шырках, затым пераехалі ў Ярэва. Я родам з Шабаноў, Лена — з Лапінцаў. Нам падабалася жыццё ў вёсцы, мы не баяліся работы.

Мар’ян удала ўпраўляўся з трактарам, машынай, пры неабходнасці мог падмяніць на рабоце слесара, токара, газазваршчыка, электрыка (такія шырокія веды атрымаў падчас вучобы ў тэхнікуме). Аднаго разу ў гаспадарку прыйшоў вагон сілікатных блокаў. Разгружаць іх паехалі ўсе, у каго была магчымасць. Стаяў халодны лістападаўскі дзень, было макравата, працавалі на вышыні. Нага Мар’яна саслізнула, і ён упаў на шпалы. Шок, боль, бездапаможнасць — такімі ён памятае першыя секунды пасля трагедыі.

— Я не мог паварушыць ні рукамі, ні нагамі, — успамінаў. — «Хуткая» даставіла ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы. Па сённяшні дзень удзячны за ўвагу і прафесіяналізм Аляксандру Пабядзінскаму, які ў той час загадваў аддзяленнем, і хірургу Аляксандру Губрэславу. Яны аказалі першую кваліфікаваную дапамогу, выклікалі брыгаду медыкаў з Віцебска і Мінска.

Дыягназ паставілі несуцяшальны: пералом нагі і шостага аддзела пазваночніка, вывіх пятага, моцна пашкоджаны нерв. Лячэнне расцягнулася на доўгія месяцы, а стаць на ногі 48-гадовы Мар’ян так і не змог. У дадатак скруціла правую руку.

З-за вытворчай траўмы, што здарылася 15 гадоў таму, асноўным сродкам перамяшчэння для Мар’яна Каравацкага стала інвалідная каляска. Але, нягледзячы на цяжкасці, ён імкнецца жыць звычайным жыццём. З гэтым аптымістычным чалавекам я ўпершыню пазнаёмілася ў Мосары, падчас экскурсіі для інвалідаў-калясачнікаў, якую арганізаваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мар’яна Адамавіча суправа­джала жонка.

— А куды ж я без яе! — казаў. — Лена — малайчына. Акрамя мяне, два гады даглядала сваю ляжачую пасля інсульта маму. Тады звярнуліся ў сацыяльную службу з просьбай назначыць нам памочніцу. Цяпер Таццяна Нейфельд як член сям’і. Калі Лена 20 дзён лячылася ў Віцебскай абласной бальніцы, Таня адна спраўлялася са мной.

Дочкі Каравацкіх жывуць у Мінску. Старэйшая — тэхнолаг швейнай вытворчасці, сярэдняя — касір-прадавец у «Сусе­дзях», а малодшая — студэнтка 4 курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Ёсць двое ўнукаў. Іх прыезд — найбольшая радасць для Каравацкіх.

— Пасля траўмы я не паў духам, — расказваў. — Прыняў лёс, знайшоў сілы, прыстасаваўся да новага стану. Каб хоць крыху разнастаіць будзённасць, асвоіў камп’ютар. Праз сацыяльныя сеткі знайшоў сваіх аднакурснікаў, іншых знаёмых. З імі часта размаўляю па Skype, Viber, WhatsApp.

І са мной Мар’ян Адамавіч з задавальненнем успамінаў гады работы, калег. Гаварылі і пра праблемы. Колькі іх у нас, здаровых, актыўных! А што казаць пра чалавека з абмежаванымі магчымасцямі… Мар’ян Каравацкі стараецца не паддавацца суму.

Няхай яго прага да жыцця настроіць на пазітыў тых, хто не бачыць святла ў канцы тунэля.

Анна Анішкевіч
Фота з архіва Мар’яна Каравацкага



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.