Согласно производственным показателям животноводства за 11 месяцев ОАО «Курополье-Агро» занимает 4-е место в районе

Сельское хозяйство

Магчымасць ёсць. Было б жаданне

У другую пятніцу снежня, перш чым прыступіць да раздачы кармоў і даення кароў, работнікі малочнатаварнага комплексу ААТ «Кураполле-агра» сабраліся ў чырвоным кутку на Дзень жывёлавода.

Да іх прыехалі начальнік аддзела эканамічнага рэгулявання сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Лілія Герасіменка і дырэктар племстанцыі Аляксей Дзіковіч. Прысутнічалі кіраўнік гаспадаркі Васілій Касцень і спецыялісты.

Лілія Герасіменка прааналізавала вытворчыя паказчыкі жывёлагадоўлі ў раёне за 11 месяцаў. Адзначыла, што ААТ «Кураполле-агра» займае 4-е месца, саступіўшы «Хацілам-агра», «Навасёлкам-Лучаю» і «Камайскаму-агра». Сярэдні надой ад каровы па гаспадарцы склаў 2 815 кілаграмаў, па малочнатаварным комплексе — 3 698. На агульным выніку адмоўна адбіваюцца нізкія паказчыкі работы на фермах у Балаях, Полаве, Андронах. Малако — асноўны від прадукцыі, які прыносіць гаспадарцы грошы на развіццё раслінаводства, выплату зарплат. Сёлета ўсе гаспадаркі Віцебшчыны атрымалі падтрымку з абласнога і раённага бюджэтаў на набыццё паліва,  ААТ «Кураполле-агра» — 800 тысяч рублёў. Сэканомленыя сродкі пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Некалькі гадоў першацёлак раздойвалі Рэната Махрэцкая і Вера Собаль. Цяпер у іх групах у асноўным прадукцыйныя каровы, час ад часу ўводзяцца і першацёлкі. Сёлета раздоем займаюцца Данута Руткоўская, Рэната Ляўша і Алена Шылей. Работа ў жанчын нялёгкая, затое атрымліваюць ад 1 000 да 1 500 рублёў. Астатнія аператары — 800-900. На комплексе працуюць і жыхары Браслаўскага раёна. Яны таксама зарэкамендавалі сябе добра. Магчымасць зарабляць грошы ёсць. Было б жаданне!

Вялікі ўклад у развіццё жывёлагадоўлі гаспадаркі ўносяць галоўны заатэхнік Жанна Радулевіч, якая выконвае і абавязкі ветурача, лабарант Жанна Адынец, загадчыца малочнатаварнага комплексу Марыя Палітыка, улікоўшчык Валянціна Барадай. Цяпер у жывёлагадоўлі адказны перыяд — стойлавае ўтрыманне статка. Важна ў гэты час не зні­зіць прадукцыйнасці, а дабівацца яе росту, рэалізоўваць дзяржаве прадукцыю высокай якасці.

Сустрэча прайшла ў форме адкрытага дыялогу. Падчас яе абмеркавалі праблемы жывёлагадоўлі ў гаспадарцы і вызначылі шляхі іх вырашэння, акрэслілі задачы на будучыню.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.