«Такого урожая, как в этом году, за последние годы не было». В Поставском государственном колледже провели праздник урожая

Образование

Папрацавалі плённа

Пасля завяршэння сельскагаспадарчых работ Пастаўскі дзяржаўны каледж штогод ладзіць свята ўраджаю. Звычайна яно прыпадае на адзін з лістападаўскіх дзён. А сёлета правесці ўрачыс­тасць удалося толькі 18 снежня. Але гэта акалічнасць не паўплывала на настрой навучэнцаў, выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, прадстаўнікоў некаторых сельскіх гаспадарак раёна, якія сабраліся ў зале.

 — Плошча вучэбнай гаспадаркі каледжа займае 106 гектараў, на якіх навучэнцы з вясны па восень адточваюць свае прафесійныя навыкі, удзельнічаючы ў разнастайных палявых работах, — адзначыў са сцэны дырэктар установы Сяргей Герасіменка. — Такога ўраджаю, як сёлета, за апошнія гады не было. Толькі бульбы атрымалі ў 4 разы болей, чым летась. Сабралі 60 тон трыцікале, 50 тон пшаніцы, каля 30 тон ячменю. Зерне рэалізавалі і выручаныя за гэта сродкі накіравалі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа, на закупку паліва для правядзення асенніх палявых работ.

Удалося вырасціць і нядрэнны ўраджай агародніны. Яго частка перададзена ў сталовую нашай установы, што дазволіла істотна патанніць харчаванне навучэнцаў. Вучэбны год у іх заўжды пачынаецца з працоўнага семестра, і ў гэтым студэнцкія атрады актыўна аказвалі шэфскую дапамогу гаспадаркам раёна. Важна, што сёлета не было парушэнняў тэхнікі бяспекі — здароўе юнакоў і дзяўчат для нас на першым месцы.

Сяргей Герасіменка ўру­чыў граматы педагогам, работнікам каледжа, якія сёлета вызначыліся падчас правядзення сельгасработ: Валерыю Куцуху, Віктару Кірплюку, Юрыю Краўчанку, Аляксандру Грузу, Наталлі Макруцінай і многім іншым.

На сцэну падняліся і госці — намеснік дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў, галоўны эканаміст ААТ «Хацілы-агра» Наталля Пабядзінская. Кожны з іх перадаў каледжу падарункі.

Канцэртную праграму гледачам падарылі ўзорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Леаніда Косава і ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах каледжа «Гармонія».

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.