Тонкий лёд: Как себя вести? Кто в группе риска? Какие места на водоеме самые опасные?

Безопасность

Вадаёмы – зона павышанай рызыкі

Каляндарная зіма ўжо ўступіла ў свае правы, аднак сапраўдная ўсталёўвацца не спяшаецца. Тым не менш то там, то тут прамільгваюць паведамленні, што хтосьці ледзь не трапіў у пастку тонкага лёду або праваліўся. Як сябе паводзіць у такіх абставінах? Хто ўваходзіць у групу рызыкі? Якія месцы на вадаёме самыя небяспечныя? Адказы на  пытанні чытачам «ПК» даюць спецыялісты.

Зімовых забаў многія чакаюць з нецярпеннем. Ну як тут не ўзгадаць знакамітыя радкі класіка беларускай літаратуры: «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому: кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому…»?! Спадзяюся, што вы памятаеце не толькі пачатак верша, але і словы перасцярогі, з якімі матуля адпускае пагуляць свайго сына. Тлумачыць сваім дзеткам правілы бяспечных паводзін на вадаёмах бацькі павінны заўсёды. Бо менавіта дзеці, як і рыбакі, уваходзяць у групу павышанай рызыкі.

— Рэкамендацыі бацькам наступныя: ніколі не адпускаць дзяцей адных на замерзлыя вадаёмы, абавязкова тлумачыць, як сябе паводзіць, у тым ліку калі дзіця ці яго сябры праваліліся пад лёд. А галоўнае — самім быць прыкладам бяспечных паводзін. Бо дзеці, гледзячы на дарослых, пераймаюць іх згубны прыклад, — гаварыў першы намеснік начальніка РАНС Віталій Ожаль. — Ратаўнікі ў сваю чаргу таксама праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы з дзецьмі і падлеткамі. Так, на наступным тыдні ў рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспечны Новы год!» мы наведаем установы адукацыі раёна, дзе пакажам навучэнцам розныя тэматычныя фільмы, у тым ліку пра небяспеку тонкага лёду.

Рыбакам таксама пажадана выходзіць на лёд у кампаніі і ў той жа час не групавацца на адным месцы — гэта стварае дадатковую нагрузку на паверхню. Пры выха­дзе на лёд неабходна правяраць яго трываласць ударамі пешні ці палкі, але ні ў якім разе ўдарам нагі, пазбягаць участкаў, пакрытых снегам. Не варта забываць браць з сабою сродкі выратавання: вяроўку, вострыя прадметы і г.д. Гэта парады на той выпадак, калі ўжо ўстанавіліся моцныя маразы і вадаёмы як след замерзлі. Найбольшую ж небяспеку тоіць лёд, які яшчэ не паспеў схапіцца. Выхад на яго строга забаронены. Таксама нельга адпраўляцца на вадаём ноччу, у моцны туман, калі ідзе снег ці дождж.

— Вадаёмы замярза­юць нераўнамерна, а лёд на розных участках мае неаднародную структуру, таўшчыню і трываласць. Нават у марознае надвор’е асабліва нетрывалы ён у вусцях рэк і прытоках, у месцах з хуткай плынню, сцёкавых вод, паблізу дрэў, кустоў і чароту, — тлумачыць старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Алег Іўко. — Найбольш небяспечным, а значыць тонкім, лічыцца лёд жоўтага або матава-белага колеру. Неабходна ведаць: калі некалькі дзён тэмпература не апускаецца ніжэй за нуль, трываласць лёду зніжаецца на 25%.

Калі ўсё ж такі здарылася бяда, не панікуйце і спрабуйце выбрацца з лункі, выконваючы рэкамендацыі спецыялістаў. Калі дапамога патрэбна іншаму чалавеку, перш чым кінуцца яго ратаваць, аб’ектыўна ацаніце ўласныя сілы. Не ўпэўненыя, што здолееце дапамагчы — неадкладна тэлефануйце па нумары 112.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.