В детской библиотеке им. В. Дубовки прошел квест «Волшебный мир белорусских сказок»

Культура

Вывучалі казкі праз гульню

Чым больш у школьніка гаджэтаў, тым меншы ў яго інтарэс да кнігі. Гэты факт пацвярджаюць і бацькі, і настаўнікі. Як жа зацікавіць дзяцей літаратурай? Праз гульню! Супрацоўнікі Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі перакананыя, што такі падыход да вырашэння праблемы адзін з самых дзейсных.

Перыядычна тут праводзяцца займальныя квэсты. Чарговы прайшоў 19 снежня і называўся «Чароўны свет беларускіх казак». Яго ўдзельнікамі сталі вучні 3 «Б» класа СШ №2.

Напярэдадні ім далі заданне прачытаць 11 вядомых беларускіх народных казак, сярод якіх «Бацькаў дар», «Піліпка-сынок», «Лёгкі хлеб», «Разумная дачка» і іншыя. Толькі ўважлівае чытанне дазволіла школьнікам паспяхова прайсці падрыхтаваныя бібліятэкарамі станцыі: «Загадкавае балота», «Зачараваны лес», «Зайкава хатка» і «Дзівоснае возера».

На кожным прыпынку дзяцей, якія былі падзеленыя на тры каманды па 10 чалавек, сустракалі казачныя персанажы: Лесавік, Баба Яга, Дух Возера і Зайчык. Яны прапаноўвалі адгадаць назву казкі, успомніць, з якой узяты цытаты, пазнаць па апісанні галоўных герояў… На канцавым прыпынку маршруту хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі беларускамоўныя загадкі.

— І ў правядзенні, і ў падрыхтоўцы квэста былі задзейнічаны ўсе супрацоўнікі бібліятэкі, — расказвала бібліятэкар, кіраўнік гуртка «Нашчадкі» і галоўны арганізатар гульні Людміла Сяменас. — Гульня заняла ўсяго гадзіну, але колькі работы ёй папярэднічала! Заданні, касцюмы казачных персанажаў, дэкарацыі — усё трэба было прадумаць да дробязей. Аднак пра затрачаныя сілы, час і не ўспамінаеш, калі бачыш зацікаўленых казкамі і ўвогуле кнігамі дзяцей.

Задаволеная гульнёй засталася класны кіраўнік 3 «Б» класа.

— Душа радуецца, калі мае вучні шмат чытаюць, — адзначыла Наталля Сіманька. — Каб іх гэтым зацікавіць, выкарыстоўваю розныя прыёмы. Адзін з іх — наведванне дзіцячай бібліятэкі. Яе работнікі праводзяць сапраўды вялікую творчую працу, за што ім вялікі дзякуй. Папярэдні раз мы ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, прысвечаным бульбе, і таксама засталіся ў захапленні. Дзеці не толькі ўсебакова развіваюцца, але і атрымліваюць выдатны ўрок беларускай мовы. Яе папулярызацыя — адна з ключавых мэт любога квэста, якія тут праводзяцца.

У літаратурным спаборніцтве перамагла каманда, капітанам якой быў Максім Пачко.

— У класе Максім першы эрудыт, — расказвала Наталля Сіманька. — Ён настолькі прагны да кніг — не перастаеш здзіўляцца! Максім любіць разгадваць сканворды і ўдзельнічаць у гульні «Што? Дзе? Калі?», якая право­дзіцца сярод вучняў пачатковых класаў. З задавальненнем чытае энцыклапедыі і прызнаецца, што марыць стаць вучоным. Самае цікавае, жыве хлопчык у вёсцы Родзі пад Ярэвам, дзе ўсяго некалькі хат. Яго першымі сябрамі былі не гаджэты, а часопісы, якія прыносіў паштальён. З іх і пачалася любоў да друкаванага слова.

Свае глыбокія веды ў той дзень прадэманстравалі і іншыя вучні. Некаторыя з трэцякласнікаў праявілі сябе і як таленавітыя акцёры — пасля завяршэння квэста праінсцэніравалі беларускую народную казку «Ганарыстая варона».

 Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.