В минувшую пятницу средняя школа №1 г.Поставы отпраздновала свой 80-летний юбилей

Образование

З любоўю пра школу

Так называўся ўрачысты вечар, прысвечаны 80-гадоваму юбілею пастаўскай СШ №1

У мінулую пятніцу першая гарадская школа прымала ў сябе шматлікіх гасцей. Адзначыць разам з цяперашнім вучнёўска-педагагічным калектывам круглую дату прыйшлі ветэраны педагагічнай працы, былыя выпускнікі школы, прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і яго аддзела па адукацыі, ААТ «Паставымэбля», дырэктары іншых агульнаадукацыйных устаноў горада.

Пачалося свята са званка на ўрачысты вечар. Яго далі вучні, якія апошнія 11 гадоў 1 верасня абвяшчалі такім жа чынам пра пачатак новага навучальнага года. Затым з песнямі, танцамі і вершамі выступілі школьнікі. Пасля чаго ўсіх прысутных на правах гаспадара прывітаў і павіншаваў з юбілеем дырэктар СШ №1 Павел Трава. А вядучыя святочнай праграмы — педагог-арганізатар Вольга Ергунова і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Мікалай Бузанаў — прапанавалі разам пагартаць старонкі гісторыі школы.

Першыя вучні пераступілі яе парог у верасні 1939 года. Тады гэта была польская гімназія, у якой выкладалі настаўнікі-палякі. Акрамя польскай, гімназісты вывучалі нямецкую, французскую і лацінскую мовы. Праіснавала гімназія нядоўга — да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сваю работу ўжо ў якасці школы СШ №1 аднавіла ў 1944 годзе, пасля вызвалення Пастаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ў 1949-м адбыўся першы выпуск вучняў.

Ішоў час. Колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак прыбаўлялася. І ў пачатку 60-х гадоў, калі навучэнцы з цяжкасцю размяшчаліся ў невялікім цагляным будынку побач з ракой Мядзелкай, былі ўзведзены яшчэ два драўляныя. У 1984 годзе школа пераехала ў цяперашні прасторны трохпавярховы будынак па вуліцы Юбілейнай. У 1997-м атрымала афіцыйны статус школы з паглыбленым вывучэннем замежных моў. Праз два гады ў ёй адкрыўся першы патрыятычны клас, пазней — класы філалагічнага і фізіка-матэматычнага профіляў.

Сёння ў СШ №1 навучаюцца 748 дзяцей, адукацыйна-выхаваўчы працэс ажыццяўляюць 68 педагогаў. А колькі іх было на працягу васьмі дзесяцігоддзяў! За ўсю гісторыю са сцен школы выйшлі каля 5 тысяч выпускнікоў, якім давалі веды некалькі пакаленняў настаўнікаў — сотні адданых сваёй справе людзей. Некаторыя ветэраны знаходзіліся ў зале. Іх, як і былых кіраўнікоў навучальнай установы, назвалі пайменна, пажадаўшы ад імя ўсіх прысутных моцнага здароўя, ніколі не забываць цудоўных момантаў сваёй працоўнай дзейнасці і заўсёды заставацца ў сэрцах удзячных вучняў. На памяць самым дарагім гасцям уручылі невялікія падарункі.

Разам з імёнамі ветэранаў залатымі літарамі ў гісторыю школы ўпісаны яе педагагічныя дынастыі. Гэта Людміла Кук’ян, Ніна Захарэвіч і Лілія Жук, Соф’я Ганчар і Жанна Вайцяховіч, Валянціна Ермаловіч і Таццяна Пятрова, Людміла Кірплюк і Таццяна Сіманька, Ала Дзямчук і Алеся Захарэвіч. Іх сямейны педагагічны стаж складае ад 50 да 82 гадоў! Ганарыцца СШ №1 таксама сваімі выпускнікамі, якія сярод усіх прафесій выбралі настаўніцкую і вярнуліся працаваць у яе сцены. Такіх тут 19 чалавек, у тым ліку дырэктар Павел Трава.

Аляксандр Кашырын уручыў шэрагу педагогаў граматы і Падзякі раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і аддзела па адукацыі райвыканкама. Частка работнікаў адзначана граматамі і Падзякамі Віцебскага абласнога і Пастаўскага раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Іх уручыла старшыня райкама прафсаюза Людміла Грачанік, перадаўшы разам з віншаваннямі ад свайго абласнога кіраўніцтва падарункавы сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

У канцы свята ўсе ўдзельнікі канцэрта, падняўшыся на сцэну, праспявалі песню «С днём рождения!». Пад апладысменты прысутных у залу завезлі вялікі юбілейны торт, на якім цяперашні і былы дырэктары школы, загадаўшы жаданне, задзьмулі свечкі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.