В Поставской гимназии появился новый кабинет географии, оснащенный современными техническими новинками

Образование

З камп’ютарам і мультымедыя

Нядаўна ў Пастаўскай гімназіі з’явіўся новы кабінет геаграфіі, аснашчаны сучаснымі тэхнічнымі навінкамі.

Грошы на яго абсталяванне былі выдзелены яшчэ ў канцы мінулага навучальнага года галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Яно вызначыла шэраг школ вобласці, якія павінны стаць цэнтрамі па падрыхтоўцы навучэнцаў да прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. У іх лік трапіла і наша гімназія, навучэнцы якой разам з настаўнікам геаграфіі Ігарам Пракаповічам з года ў год паказваюць высокія вынікі ўдзелу ў алімпіядным руху.

Сертыфікат на суму 10 тысяч рублёў дырэктар гімназіі Славамір Каранеўскі атрымаў на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі ў Віцебску. А асвойваць грошы пачалі ў канцы верасня. Закупілі неабходнае абсталяванне: камп’ютар і інтэрактыўную дошку з мультымедыйнай устаноўкай. За ўласныя сродкі і сродкі аддзела па адукацыі райвыканкама зрабілі рамонт у памяшканні: замянілі вокны, жалюзі і свяцільні на столі, пафарбавалі сцены, адпаведным чынам аформілі інтэр’ер. У бліжэйшы час будзе дакуплена яшчэ частка мэблі.

Цяпер у кабінеце геаграфіі створаны ўсе ўмовы для таго, каб настаўнік на месцы мог вырашаць любыя пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай навучэнцаў. Гэтаму садзейнічае ў тым ліку высокаскорасны інтэрнэт.

Дарэчы, да афармлення кабінета прыклаў руку і сам Ігар Міхайлавіч. Ён распрацаваў макеты банераў, якія вісяць на сценах памяшкання. На адным з іх прадстаўлены зямны шар і асобныя працэсы, што адбываюцца на нашай планеце, якія вучні не зусім добра разумеюць. Тут жа змешчана інфармацыя пра асобныя мацерыкі і тое, як утваралася Зямля. На другім банеры — фізічная і палітыка-адміністрацыйная карты Беларусі, найбольш адметныя беларускія мясціны і пантэон вядомых айчынных географаў. На трэцім — карты раёна і Пастаў, маршруты, якія настаўнік распрацаваў ра­зам з вучнямі, выявы вокладак кніжак, выдадзеных ім у сааўтарстве са школьнікамі, пералік найбольш цікавых даследчых работ вучняў і тэмы для будучых даследаванняў, аб’екты Пастаўшчыны, вартыя ўвагі з пункту гледжання геаграфіі.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.