В Поставском районном краеведческом музее можно увидеть сказочную экспозицию под названием «Жили-были»

Общество

Запрашаем у свет народных казак

А вы хоць раз былі на выставе… казак? На такіх, дзе можна патрымаць у руках лялечнага Калабка ці сфатаграфавацца ў кампаніі трох Мядзведзяў, Гусей-лебедзяў ці Курачкі Рабы? Да 19 снежня менавіта такую дзіўную экспазіцыю пад назвай «Жылі-былі» можна ўбачыць у Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі.

Галоўныя героі выставы — шматлікія персанажы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх народных казак, якія «ажылі» ў руках таленавітай творцы Святланы Кузьмічовай. Яна родам з вёскі Палачаны Маладзечанскага раёна. Рукадзеллем зацікавілася яшчэ ў дзяцінстве. Будучы школьніцай, марыла паступіць у Віцебскі тэхналагічны інстытут на мадэльера-канструктара, але прыслухалася да парад бацькоў і скончыла медвучылішча. Аднак пра пруткі і кручок не забывала на працягу ўсіх 22 гадоў, якія прысвяціла рабоце ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі г. Маладзечна.

Святлана Кузьмічова неаднойчы ўдзельнічала ў выставах, фестывалях, у тым ліку ў «Славянскім базары ў Віцебску». Задума стварыць асобную экспазіцыю лялек узнікла ў яе яшчэ ў 2015 годзе. Але якой агульнай ідэяй іх аб’яднаць? Дапамог выпадак. Неяк у госці да майстрыхі прыйшла сяброўка з маленькім сынам. Калі яна прапанавала яму паглядзець мульфільмы свайго дзяцінства, аказалася, што хлопчык ведае далёка не ўсіх іх герояў. Так і з’явілася канцэпцыя выставы.

Работа над экспазіцыяй працягваецца і сёння. За гэты час майстар стварыла каля 200 лялек з паўсотні твораў. Наведвальнікі пастаўскага музея ўбачаць толькі іх частку.

Перад тым як «прыехаць» у наш райцэнтр, выстава экспанавалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь і прыйшлася даспадобы жыхарам і гасцям сталіцы. Паспелі ацаніць яе і пастаўчане.

— Выстава дзейнічае з 13 лістапада, — расказала дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. —  Яе з задавальненнем наведваюць мамы, бабулі з дзеткамі. Казачныя персанажы не пакідаюць раўнадушнымі ні дзяцей, ні дарослых: не так часта ў нас ёсць магчымасць акунуцца ў свет бесклапотнага дзяцінства, у атмасферу чагосьці добрага, светлага, утульнага. Аўтар экспазіцыі да дробязяў прадумала і дэкарацыі, сярод якіх «жывуць» лялькі, таму ўражанне ад яе прагляду сапраўды вельмі прыемнае.

 

Дзецям умузеі таксама пра­пануецца паглядзець па тэлевізары савецкія мультфільмы або памаляваць алоўкамі. Гатовыя работы вывешваюцца на асобны стэнд — чым не яшчэ адна творчая выстава?

Малыя да 3-х гадоў наведваюць экспазіцыю бясплатна. Для старэйшых дзяцей кошт уваходнага білета складае 2,5 рубля, для дарослых — 3. Прымаюцца і калектыўныя заяўкі. Даведкі па тэлефоне 4-17-96.

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.