В середине декабря в г.п. Видзы открылась торговая точка сельхозпредприятия «Новоселки-Лучай»

Сельское хозяйство

І ў Відзах нарасхват прадукцыя ААТ «Навасёлкі-Лучай».

Вакол гарпасялковай плошчы размяшчаюцца ўсе сацыяльна значныя аб’екты: бальніца, аддзяленне паштовай сувязі, кафэ і мноства як буйнейшых, так і дробных магазінчыкаў. Большасць з іх належаць індывідуальным прадпрымальнікам. Прайшлася і павывучала асартымент. Тавар — самы розны: адзенне, абутак, бытавая хімія, парфюмерыя, прадукты харчавання. Але свежага мяса не знайшла ні ў адным. Напэўна, таму мясцовыя жыхары задоўга да адкрыцця фірменнага магазіна «Натуральныя прадукты» сталі збірацца каля яго. Абмяркоўвалі навіны, а даведаўшыся, што я журналіст з пастаўскай раённай газеты, сталі нахвальваць прадукцыю нашых прадпрыемстваў. Адны ў «Паставымэблі» набылі кухню, другія вельмі любяць прадукцыю малочнага завода. І ўсе сцвярджалі, што шмат гадоў, бываючы ў райцэнтры, не абмінаюць навасёлкаўскі гандлёвы павільён на рынку «Гарызонт» або едуць у фірменны магазін гаспадаркі ў мікрараёне 5 гарадка.

— Мы вельмі радыя, што ў нашым гарпасёлку адкрываецца магазін натуральнай прадукцыі, — гаварыла старшыня Відзаўскага сельскага Савета Наталія Залатуха. — Большасць яе даўно ацанілі. Цяпер яна ў крокавай даступнасці. Яшчэ адзін плюс — працаўладкаваны два чалавекі.

Перад уваходам у новы магазін была магчымасць прадэгуставаць навасёлкаўскія каўбаскі, сала. Людзі падыходзілі, каштавалі, ацэньвалі і накіроўваліся па пакупкі. Выбар тавару ў магазіне вялікі. Акрамя свініны і гавядзіны, у продажы малочныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, цукеркі, пячэнне, рыба, сокі і многае іншае.

— Наша прадукцыя карыстаецца попытам у Навасёлках, Паставах, Варапаеве, дзе ўжо даўно адкрыты нашы фірменныя магазіны, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель. — Таму і расшыраем гандлёвую сетку. Гэта ўжо пяты магазін. Памяшканне арандуем. Зрабілі рамонт, завезлі абсталяванне. Мясныя вырабы плануем пастаўляць тры разы на тыдзень. Калі будзе попыт — то і часцей.

Гандлёвая кропка размешчана ў цэнтры населенага пункта, побач — дарога на Браслаў. Тут пастаянна ажыўлена. У сезон летняга адпачынку, калі жыхары сталіцы спяшаюцца на Браслаўскія азёры, — асабліва. Таму ёсць упэўненасць, што навасёлкаўская натуральная прадукцыя прыйдзецца і ім даспадобы.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.