Воронецкое сельскохозяйственное училище действовало на Поставщине с 1909 по 1915 год

Образование

Вучылішча. Юбілей без фанфараў

На  Пастаўшчыне, на ўзгорках паміж азё­рамі Варанец, Доўжа і ракой Мядзелкай, 110 гадоў таму прыняла першых навучэнцаў Варанецкая сельскагаспадарчая школа, пераўтвораная пазней у вучылішча. Дзейнічала яно з 1909 па 1915 год, а з’явілася дзякуючы ініцыятыве і фундацыі ўласніка Манькавічаў князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага. Вясной 1904-га ён звярнуўся да цара Мікалая II з просьбай дазволіць яму ахвяраваць фальварак Варанец на карысць Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі для стварэння сельскагаспадарчай школы. Участак, які ён хацеў перадаць на дабрачынныя мэты, меў плошчу каля 124 дзесяцін зямлі і ўваходзіў у склад яго маёнтка. Князь Друцкі-Любецкі для абсталявання школы мэбляй і навучальным рыштункам ахвяраваў 40 000 рублёў уласных сродкаў.

Вясной 1904 года, пасля атрымання дазволу, пачаліся падрыхтоўчыя работы, якія кантраляваў, верагодна, сам князь. Для ўзвядзення будынка было нарыхтавана 100 кубічных сажняў каменю, 300 тысяч штук цэглы, 50 кубічных сажняў вапны, цэмент і іншыя матэрыялы. З Менчаняцкай і Ваўкалацкай лясных дач на бярвенне і лесаматэрыялы прывезена хвой і елак агульнай колькасцю 2 384 камлі. Планавалася пачаць будаўніцтва ранняй вясной 1905-га і к восені закончыць работы. Нават па сённяшнім часе такія тэмпы будаўніцтва ўражваюць.

Аднак вясной 1905 года, калі пачаліся будаўнічыя работы, Уладзімір Друцкі-Любецкі памёр. Яго пахавалі ў родавай капліцы каля става ў Манькавічах. Да таго ж летам у манькавіцкай сядзібе здарыўся вялікі пажар, у выніку якога згарэлі амаль усе драўляныя пабудовы. Аўдавелая княгіня Марыя прадала маёнтак роднай сястры мужа Марыі Ленскай. Гэтыя падзеі замарудзілі будаўнічыя работы. Апякунства над школай узяло на сябе Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, нагляд ажыццяўляла Міністэрства земляробства і дзяржаўнай маёмасці.

Да 1907 года былі пабудаваны два каменныя і чатыры драўляныя будынкі. Двухпавярховы цагляны навучальны корпус і цагляная сталовая для навучэнцаў і выкладчыкаў месціліся на ўзгорку паміж азёрамі, а на захад ад іх знаходзіўся драўляны дом для кіраўніка. На беразе возера Варанец стаялі лазня і склеп для захоўвання малочных прадуктаў, крыху далей ад берага і вышэй — адрына для жывёлы.

Будаўніцтва завяршылася ў пачатку 1909 года. Першым кіраўніком установы быў зацверджаны Мікалай Міхайлоўскі, выпускнік сельскагаспадарчага факультэта Рыжскага політэхнічнага інстытута. Але ў хуткім часе яго звольнілі з пасады, а назначылі на яе выпускніка сельскагаспадарчага факультэта Кіеўскага політэхнічнага інстытута Сяргея Такмачова. Аналіз дакументаў, якія захаваліся, паказвае, што выбар новага кіраўніка быў правільны. С. Такмачоў зрабіў шмат для таго, каб вучылішча стала сапраўднай сучаснай адукацыйнай установай.

Напачатку яго ганаровым апекуном быў князь Друцкі-Любецкі, а апекуном — граф Станіслаў Моль, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Юр’еўскага (Тартускага) універсітэта, уласнік маёнтка Залессе каля Глыбокага.

Для новай навучальнай установы быў распрацаваны і зацверджаны статут Варанецкай ніжэйшай сельскагаспадарчай школы 1-га разраду, у якім дакляравалася, што яна «мае мэтай даць навучэнцам асноўныя веды па сельскай гаспадарцы, звяртаючы асноўную ўвагу на практычныя заняткі…»

На вучобу прымаліся «асобы мужчынскага полу ўсіх саслоўяў, не маладзей за 15 гадоў, пасля ўступных іспытаў…» Для таго каб павялічыць колькасць вучняў, Манькавіцкая царкоўна-прыходская школа была ператворана ў сельскае двухкласнае вучылішча.

У тым жа 1909 годзе адбыліся  змены ў назве Варанецкай школы: яна пачала называцца Варанецкім ніжэйшым сельскагаспадарчым вучылішчам. Паводле статута, агульная колькасць працоўных і вучэбных гадзін у дзень (разам з падрыхтоўкай урокаў) не павінна была перавышаць для вучняў 1 класа — 10, для 2-га і 3-га — 12 гадзін.

Курс навучання доўжыўся 3 гады і размяркоўваўся на 3 класы, два з якіх былі агульнымі, а трэці — спецыялізаваны, падзелены на дзве паралелі: земляробства і жывёлагадоўля і малочная гаспадарка. Па стане на кастрычнік 1914 года ў вучылішчы ў трох класах займаліся 64 вучні. Плата за навучанне складала 50 рублёў у год з кожнага.

Выкладчыкамі працавалі С. Такмачоў, У. Ісаін, А. Запольскі, А. Валдманіс, У. Лазаровіч. Яны праводзілі заняткі па такіх прадметах, як сельскагаспадарчае машыназнаўства, сельскагаспадарчая эканомія і рахаўніцтва,  батаніка, земляробства і лугазнаўства, хімія, глебазнаўства і жывёлагадоўля, фізіка, чарчэнне, землямерства, заалогія, малочная гаспадарка, законазнаўства, арыфметыка, геаграфія, геаметрыя, руская гісторыя.

Настаўнікамі Закону Божага ў вучылішчы служылі святары манькавіцкай праваслаўнай царквы М. Міркавіч і П. Макарэвіч. Навучэнцам каталіцкага веравызнання Закон Божы выкладалі ў розныя гады ксяндзы пастаўскага касцёла Дзяшульскі, К. Кавалеўскі, І. Краўяліс, А. Нянеўскі.

Таксама ў вучылішчы чыталі лекцыі па асновах сельскагаспадарчага «будаўнічага мастацтва», меліярацыйных работах і лесаводстве, межавай справе, ветэрынарыі і гігіене, рыбаводстве і пчалярстве.

Выхаванцы, якія скончылі поўны курс вучылішча, павінны былі прайсці абавязковую гадавую практыку ў прыватнай гаспадарцы і толькі пасля гэтага атрымлівалі атэстат. Выпускніку выдаваўся бясплатны камплект новай формы, ніжняй бялізны і абутку.

ля заахвочвання найлепшых вучняў былі заснаваны стыпендыі. Першую — імя памерлага князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага — заснавала 27 кастрычніка 1908 года яго ўдава княгіня Марыя. Яна ўнесла ў віленскае аддзяленне Дзяржаўнага банка на рахунак Віленскага сельскагаспадарчага таварыства 6 000 рублёў, якія павінны былі ляжаць «вечным укладам», а працэнты з яго — здымацца на стыпендыі навучэнцам. Такіх стыпендый было тры. Паводле волі княгіні, яны павінны былі ўручацца «наиболее способным детям крестьян Маньковичской волости». Дзве з іх назначалі вучням праваслаўнага веравызнання, адну — найлепшаму вучню-каталіку.

Другая стыпендыя была заснавана Дваранскім зборам Віленскай губерні і штогод выплачвалася вучню, які паказаў самыя лепшыя вынікі ў вучобе, незалежна ад яго веравызнання і месца жыхарства.

Зарплата выкладчыку была вышэйшая за сярэднюю па Расійскай імперыі. Так, кіраўнік вучылішча атрымліваў 1 500 рублёў у год, выкладчыкі спецыяльных прадметаў — па 850 рублёў, выкладчыкі агульнаадукацыйных прадметаў — па 600, выкладчыкі Закону Божага – па 200 рублёў.


Гаспадарчыя расходы вучылішча складаліся з наступных артыкулаў: харчаванне 50 навучэнцаў – 6400 рублёў (па 35 капеек у дзень на чалавека); на абмундзіраванне – 2500 руб.; страхаванне будынкаў – 300 руб.;
ацяпленне – 600 руб.; асвятленне – 400 руб.; рамонт будынкаў – 500 руб.; аплата прыслугі (даглядчык жывёлы, дазорца, кухарка, прачка, тры памочніцы) – 780 руб.; утрыманне прыслугі – 600 руб.; аптэка – 150 руб.; розныя дробныя расходы – 500 руб.; непрадугледжаныя расходы – 270 руб.


Цікавасць уяўляе дакладная запіска, якую падрыхтаваў 6 студзеня 1910 года кіраўнік вучылішча С. Такмачоў. У ёй даводзіць, што Варанецкая навучальная ўстанова па сваіх вучэбных планах і арганізацыі навучальнага працэсу наблізілася да ўзроўню сярэдняга сельскагаспадарчага вучылішча, што патрабуе больш грунтоўнага матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. У сувязі з гэтым прапануе даабсталяваць установу спецыялізаванай лабараторыяй, бібліятэкай, сучаснымі камплектамі вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў, метэаралагічнай станцыяй, рознымі дапаможнымі матэрыяламі. Сур’ёзнасць намераў паказваў спіс прыбораў і навуковых выданняў, якія планавалася закупіць для вучылішча. Так, метэаралагічная станцыя павінна была камплектавацца барометрам, ападкамерам, флюгерам, геліографам, псіхрометрам, гігрометрам і іншымі прыборамі, а таксама кнігамі для запісаў метэаралагічных назіранняў. Спецыялізаваныя бібліятэчныя фонды падзяляліся на наступныя раздзелы: сельскагаспадарчыя машыны і прылады; земляробства; глебазнаўства, лугаводства; заатэхнія; сельскагаспадарчая эканомія; садоўніцтва і агародніцтва; рыбагадоўля; папулярныя кнігі па сельскай гаспадарцы. Кнігі прыродазнаўчай тэматыкі адносіліся да такіх навуковых напрамкаў, як біялогія, батаніка, фізіялогія жывёл, заалогія, фітапаталогія, геалогія, метэаралогія, фізіка, хімія, геаграфія, грамадазнаўства, літаратура. 

Немагчыма сказаць, наколькі ўдалося здзейсніць задуманае, бо мясцовасць каля Варанца трапіла ў самы вір падзей Першай сусветнай вайны. У жніўні 1915 года, калі лінія фронту пачала хутка набліжацца да Пастаў, Варанецкае вучылішча ў спешным парадку было эвакуіравана ў Чарнігаўскую губерню, на станцыю Баравіцы, у сцены Майноўскага сельскагаспадарчага вучылішча. Аднак у хуткім часе навучальная ўстанова спыніла сваё існаванне.

А праз тэрыторыю былога вучылішча прайшла першая лінія абароны германскіх вой­скаў з глыбокімі траншэямі і магутнымі жалезабетоннымі ўмацаваннямі. Усе грамадзянскія будынкі былі спалены, разбураны або разабраны, і цяпер на іх месцы толькі бітая цэгла ды падмуркі.

Ігар Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.