«Я даже дважды прабабушка!» Юбилярша Софья Афанасьева отдала 25 лет жизни отделу ЗАГС райисполкома

Личности

«Сумаваць няма калі», — гаворыць пастаўчанка Соф’я Афанасьева, якая 13 гадоў таму пайшла з дзяржаўнай службы на пенсію.

А напісаць пра ветэрана працы ў газету папрасіла начальнік аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама Аніта Несцяровіч:

— 5 снежня ў Соф’і Сяргееўны юбілей, ёй спаўняецца 70 гадоў. 25 з іх яна аддала ЗАГСу. Спачатку займала пасаду інспектара, затым — спецыяліста І катэгорыі. Неаднаразова адзначалася граматамі, яе фота­здымак змяшчаўся на Дошку гонару галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама.

А сама Сяргееўна прызналася:

— Мне да гэтага часу сняцца ЗАГСаўскія будні. Вельмі любіла сваю работу. Можа, каму яна здаецца руціннай, а мне цікава было не толькі мець зносіны з людзьмі, але і займацца архівам, па запытах наведвальнікаў адшукваць у іх патрэбныя запісы. А як хвалявалася, калі даводзілася ва ўрачыстай абстаноўцы рэгістраваць шлюбы!

Сама яна выйшла замуж у дзевятнаццаць. Як дачку, прынялі абранніцу адзінага сына Пецевы бацькі Пётр Баляслававіч і Раіса Максімаўна Галімскія.

— Усё жыццё адчувала іх любоў і падтрымку, — успамінае жанчына. — А было вельмі цяжка. У 34 гады аўдавела. Сынам Сярожу і Вадзіму тады было 14 і 11. Не ведаю, як справілася б з усім, калі б не Пецевы бацькі. Колькі буду жыць — столькі памятаць іх дабрыню і самаахвярнасць, і мае дзеці — таксама.

Такая ж самаахвярная маці і бабуля зараз і сама Соф’я Сяргееўна. Абодва яе сыны з сем’ямі жывуць у Паставах. Мае пяцярых унукаў-хлопчыкаў. Зрэшты, якія хлопчыкі, калі старэйшаму споўнілася 27!

— Дык я ж нават двойчы прабабуля, — расцвітае ўсмешкай мая субяседніца. — Нарэшце ў нашым родзе з’явілася дзяўчынка: Яначцы пайшоў другі годзік. А Мікітка нарадзіўся ўсяго два месяцы назад.

Ужо не адно дзесяцігоддзе Соф’я Сяргееўна жыве ў другім шлюбе — з Іванам Афанасьевым. У іх уласны дом у райцэнтры, вялікі ўчастак ля яго. Таму клопатаў хапае. Яна вельмі рупная гаспадыня. Кожную восень склеп застаўляе ўсемагчымымі саленнямі-варэннямі, якімі з задавальненнем дзеліцца з роднымі, сябрамі, былымі калегамі. А калі садова-агародны сезон завяршаецца, распачынае новы — рукадзельны: шые і вяжа.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.