15 января в СШ №1 стартовал районный этап республиканского конкурса «Учитель года Республики Беларусь»

Образование

Хто найлепшы педагог?

Адказ на гэта пытанне дасць другі (раённы) этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», які стартаваў 15 студзеня ў СШ №1.

Пра свае каштоўнасці расказвае настаўніца англійскай мовы СШ №1 Таццяна Сіманька

Пазмагацца за ганаровае званне найлепшага педагога раёна вырашылі 18 настаўнікаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, якія працуюць ва ўсіх гарадскіх школах і дзіцячых садах, Пастаўскай гімназіі, Варапаеўскай, Навасёлкаўскай, Камайскай, Гуцкай СШ, Лынтупскай і Дунілавіцкай ЯССШ. Узрост, як і педагагічны стаж, канкурсантаў розны. Адны шчыруюць на ніве адукацыі 6-7 гадоў, іншыя — больш за тры дзесяцігоддзі. Адпаведна, маюць розныя кваліфікацыйныя катэгорыі — ад другой да вышэйшай. Тым не менш усе пастаўлены ў аднолькавыя ўмовы, хоць і сапернічаюць паміж сабой у асобных намінацыях у залежнасці ад таго, дзе працуюць і што выкладаюць. Усяго намінацый 6, гэта: «Выхавальнік дашкольнай адукацыі», «Пачатковыя класы», «Руская мова і літаратура», «Замежная мова», «Матэматыка, біялогія, хімія, гісторыя, геаграфія», «Фізічная культура і здароўе, музыка».

Інсцэніроўка па матывах «Казкі пра цара Салтана» А. С. Пушкіна настаўніцы рускай мовы і літаратуры Дунілавіцкай ЯССШ Святланы Каршуковай

Але вернемся непасрэдна да конкурсу. Пачаўся ён з прадстаўлення і жараб’ёўкі ўдзельнікаў, пасля чаго іх вітала намеснік старшыні журы, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Русалоўская. Яна пажадала педагогам поспехаў у няпростай барацьбе, годна прадставіць свае навучальныя ўстановы і каб перамог наймацнейшы. А затым адбылося творчае самапрадстаўленне канкурсантаў, якое стала дэманстрацыяй іх прафесійных дасягненняў, талентаў і крэатыву.

На сцэне — выхавальнік ясляў-сада №1 Таццяна Вярэніч з «групай падтрымкі»

Вершаваным радком, з дапамогай песень, прыпевак і інсцэніровак удзельнікі расказвалі пра сябе: дзе нарадзіліся і выраслі, чаму выбралі прафесію настаўніка і як пачыналі шлях у яе, якіх поспехаў дабіліся за час працы ў школе або дзіцячым садку. Апавядалі таксама пра сваё педагагічнае крэда, метады і формы навучання, якія  выкарыстоўваюць у рабоце, за што любяць абраную справу і іншае. Амаль усе расказы суправаджаліся дэманстрацыяй відэафільмаў. Некаторых канкурсантаў на сцэне падтрымлівалі іх вучні і калегі.

Сябе прадстаўляе настаўніца пачатковых класаў СШ №4 Алена Авіна

Учора на базе СШ №1 і ясляў-сада №1 удзельнікі конкурсу публічна прадставілі свае сістэмы педагагічнай дзейнасці, якія ацэньвала прадметнае журы. З 20 па 24 студзеня яны дадуць адкрытыя ўрокі або заняткі ў незнаёмых класах (групах), а 27 і 28 студзеня — майстар-класы для педагогаў той прадметнай галіны, прадстаўнікамі якой з’яўляюцца самі. Падвядзенне вынікаў раённага этапа конкурсу запланавана на 30 студзеня. Тады будуць названы пераможцы ў кожнай з пералічаных намінацый і сярод іх вызначаны «Настаўнік года Пастаўскага раёна». Ён прыме ўдзел у завочным туры абласнога этапа конкурсу, па выніках якога журы выбера тых, хто прадоўжыць барацьбу.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.