30 работников ОАО «Новоселки-Лучай» побывали на экскурсии в Бресте и Беловежской пуще

Общество

З Брэста – з безліччу эмоцый

Новы год больш чым для 30 работнікаў ААТ «Навасёлкі-Лучай» пачаўся з прыемных эмоцый: яны пабывалі на экскурсіі ў Брэсце і Белавежскай пушчы. Сваімі ўражаннямі ад паездкі падзяліліся з «ПК».

Валянціна Мацур, загадчыца фермы «Коўзаны»: «Яшчэ і цяпер знаходжуся ў эйфарыі. У рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы трапілі ў сапраўдную казку. Мы, нібы дзеці, удзельнічалі ў гульнях, вадзілі карагоды і верылі ў цуды. Які ў Дзядулі прыгожы разны церам, а ў Снягуркі — святліца! На ўваходзе ў памесце чараўніка па два бакі масіўных варот стаяць драўляныя фігуры Дуба Дубавіча і Вяза  Вязавіча — вартаўнікоў валадарства.

Брэст карэнным чынам памяняўся да свайго значнага юбілею —  у 2019 годзе адзначыў тысячагоддзе з дня заснавання — і стаў па-сапраўднаму еўрапейскім горадам. Далёкая дарога і забавы ў Дзеда Мароза крыху прытамілі, але, адпачыўшы ў шыкоўнай гасцініцы, вечарам разам з Ганнай Шалякінай, Алінай Лапс, Галінай Буялец, Арынай Шубінай выбраліся паглядзець на вячэрні горад.

За два дні экскурсіі засталося безліч станоўчых эмоцый. Вялікі дзякуй кіраўніку гаспадаркі Юрыю Шымчыку, яго намесніку па ідэалагічнай рабоце Славаміру Шапелю, прафсаюзнаму актыву, якія арганізавалі паездку. Мы аплачвалі толькі транспартныя расходы. Пражыванне, харчаванне, наведванне музеяў — за кошт прафсаюза».

Алёна Махніс, юрысконсульт: «Мяне ўразіла Брэсцкая крэпасць. Нават не чакала, што так эмацыянальна ўспрыму расказ экскурсавода пра гераізм і мужнасць пагранічнікаў пры абароне крэпасці. Многія не маглі стрымаць слёз. Пра Вялікую Айчынную вайну маё пакаленне ведае толькі з урокаў гісторыі і кінафільмаў. І калі прайшлася па мемарыяльным комплексе, зусім па-іншаму стала ўспрымаць тыя падзеі.

Уразіў Брэсцкі Брадвей (пешаходны Арбат) — так брэстаўчане называюць вуліцу Савецкую. У пачатку яе захаваліся дамы 1915 года. Вуліца рэканструявалася не раз, апошні — да 1000-годдзя горада. Тут з’явілася шмат малых архітэктурных форм, дэкаратыўных элементаў. Адна з унікальных скульптурных кампазіцый — «Стары горад»: два закаханыя каты сядзяць на дымаходзе, ніжэй ляніва расцягнуўся яшчэ адзін… Мясцовыя жыхары гэты помнік называюць па-рознаму: «Каты на даху», «Закаханыя каты», «Месяц сакавік» (скульптура маскіруе 4-метровую вентыляцыйную трубу, якую нельга зносіць).

Яшчэ адна цікавая скульптура — кажан з ліхтаром у кіпцюрах — сімвал таго, што ў Брэсце ніколі не наступіць цемра. Ён вартуе скрутак з наказам ліхтарам гарэць заўсёды. Каб выканаць наказ, штодзень на змярканні ліхтаршчык у цёмна-сінім мун­дзіры з прымацаванымі да пояса гадзіннікам і крэсівам і запальвае ўручную кожны з 17 ліхтароў, а раніцай тушыць».

Удзельнікі экскурсіі разам са Снягуркай і Дзедам Марозам у яго рэзідэнцыі

Руслан Шымко, механізатар: «Я стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх экскурсійных паездках, якія арганізуе прафкамітэт нашай гаспадаркі. Мы ўжо пабывалі ў Нясвіжы, Міры, Санкт-Пецярбургу, Львове. На гэты раз мноства ўражанняў засталося ад Белавежскай пушчы: прырода, вальеры з жывёлай, цікавая забаўляльная праграма з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі, іншых казачных герояў.

Спадабаўся і сам Брэст. Велічна выглядае помнік «Тысячагоддзе Брэста», адкрыты ў 2009 годзе: вакол гранітнай калоны — скульптуры асоб, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да гісторыі горада: Мікалай Радзівіл Чорны, Вялікі князь Літоўскі Вітаўт, князь Уладзімір Васількавіч і іншыя. Цікава было ў Брэсцкай крэспасці і музеі баявой славы Брэсцкай пагрангрупы, мы пазнаёміліся з яе гісторыяй з 30-х гадоў мінулага стагоддзя да сучаснага этапа».

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.