Сегодня я волшебник! Поставские волонтёры осуществили мечты 109 больных детей

Важное Общество

Звычайныя цуды для асаблівых дзяцей

Роўна год назад «Пастаўскі край» надрукаваў артыкул пра вельмі светлую і кранальную акцыю «Сёння я чараўнік». Пісалася ў ёй пра тое, як пастаўчанка Рыта Шылей і яе сяброўкі-валанцёры ажыццявілі мары 39 хворых дзяцей. Для гэтага яны патэлефанавалі іх бацькам, распыталі пра самыя жаданыя падарункі і змясцілі спіс у сацыяльнай сетцы «УКантакце». За лічаныя дні знайшліся людзі, гатовыя іх набыць і даслаць дзеткам.

Сёлета акцыя паўтарылася. Толькі ў ёй удзельнічала ўжо 106 дзяцей! Ці хутка знайшлася такая вялікая колькасць «чараўнікоў?» Пра гэта могуць расказаць толькі самі арганізатары.

…Сустракаюся з Рытай Шылей у яе кватэры, перадсвяточную атмасферу ў якой стварае вялікая прыгажуня ёлка. Пад ёй — шматлікія каробкі, абгорнутыя рознакаляровай паперай, вялікія пакеты, з якіх «выглядваюць» дзіцячыя цацкі.

— Гэта ўсё для Соні? — пытаюся, маючы на ўвазе хворую на ДЦП сямігадовую дачку Рыты.

— Не. Некаторыя «чараўнікі» не змаглі перадаць дзецям падарункі асабіста, таму папрасілі гэта зрабіць мяне, — удакладняе яна. — Сёння-заўтра паеду развозіць. Дзеці ўжо чакаюць…

— Хіба ў Соні не ўзнікае пытанняў, чаму пад ёлкай столькі «чужых» падарункаў?

— Ні ў якім разе, — пачула ў адказ. — Яна ў курсе пра акцыю. «Мама, дык што, ты — фея?» — пацікавілася дачка, калі ўбачыла падарункі ўпершыню. Што я магла на гэта сказаць? Толькі ўсміхалася…

Ужо за кубкам гарбаты Рыта Шылей расказала, што ідэя паўтарыць дабрачынную акцыю ўзнікла яшчэ летась — адразу пасля таго, як усе дзеці атрымалі падарункі. Тады валанцёры не пераставалі здзіўляцца, як шмат вакол людзей, якія хочуць і могуць дапамагаць! Таму і вырашылі павялічыць сёлета колькасць удзельнікаў акцыі.

Абсалютная большасць дзяцей — жыхары Пастаўшчыны. Некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак пражываюць у Глыбоцкім і Браслаўскім раёнах, Салігорску, Брэсце…

— Сёлета ўжо не трэба было траціць час на пошук кантактаў бацькоў, якія гадуюць дзяцей з ДЦП, сіндромам Даўна, аўтызмам і іншымі складанымі захворваннямі, — расказвала Рыта. — Уся гэта работа была праведзена напярэдадні фестывалю «Асаблівыя, як усе», які мы ладзілі ў Азёрках у жніўні 2019-га. Дзякуючы мерапрыемству ўдалося пазнаёміцца з вялікай колькасцю «асаблівых» сем’яў. Усіх новых маленькіх сяброў мы і дабавілі ў спіс дабрачыннай акцыі. Вагаліся толькі над тым, ці ўключаць прозвішчы дзяцей, якія атрымалі падарункі летась: перажывалі, што ўсё не асілім. Але пасля вырашылі, што проста не маем маральнага права абдзяліць кагосьці ўвагай. Праўда, калі ў спісе аказалася 106 дзяцей, разгубіліся. Ужо думалі, што з уласных рэчаў будзем прадаваць, каб купіць падарункі, калі «чараўнікі» раптам не знойдуцца (смяецца — аўт.).

Колькасць людзей, гатовых ахвяраваць сваімі сіламі і часам, сёлета павялічылася ўдвая. Да пастаўчанкі Анастасіі Макаед і глыбачанкі Яўгеніі Дайлідзёнак далучыліся Кацярына Лысёнак з Камай і Анастасія Ярашэвіч з Хаціл. Валанцёры абзвоньвалі бацькоў хворых дзетак і распытвалі пра самыя жаданыя падарункі (кошт кожнага абмежавалі 100 рублямі). У выніку ў спісе падарункаў аказаліся канструктары «Лега», мальберт, машынкі, карціна, футбольны мяч, лялькі, «вельмі шмат алоўкаў і блок паперы», самакат, настольныя і развівальныя гульні, піжама-кігурумі, «разумныя» гадзіннікі, зімовыя абутак і адзенне, кнігі пра Нязнайку… Многія дарослыя бянтэжыліся і прасілі для дзіцяці падарунак-сюрпрыз — на погляд самога «чараўніка».

Пост пра акцыю на Рыцінай старонцы «УКантакце» прагля­дзелі больш за 10 тысяч чалавек.

— Усе «чараўнікі» знайшліся за 4 дні, — са слязамі на вачах гаварыла Рыта. — Незнаёмая жанчына з Мінска (яе завуць Ларыса) купіла падарункі адразу 11 дзецям. Акрамя таго, падрыхтавала прэзенты для іх мам — шалікі. Гэта было так кранальна! Наогул, прыемных сюрпрызаў было шмат. Адгукнуліся людзі з Расіі, Польшчы. Напісаў нават пастаўчанін, які цяпер жыве ў Канадзе, ён арганізаваў дастаўку падарунка праз сястру. Ведаю, што многія дакладвалі ў пакеты салодкія пачастункі, паштоўкі. Некаторыя адпраўлялі сюрпрызы і дзецям, якім дапамагалі ў мінулым годзе. Я бачу, колькі задавальнення атрымліваюць лю­дзі, дорачы дабрыню. Гэта вельмі абнадзейвае.

Рыта расказала, што напярэдадні Новага года ёй самой прыйшло нямала пасылак, у тым ліку ад незнаёмых людзей. Там былі шакаладны фотаапарат, мыла ручной работы, гарбата… «Вы столькі аддаяце сябе, а мы хочам, каб гэта было вам!» — напісала Святлана з Мінска. Ведала б яна, як натхняюць такія сюрпрызы!

— Не буду хлусіць і гаварыць, што правядзенне акцыі, фестывалю даліся мне лёгка, — падк­рэсліла Рыта. — У мяне быва­юць і зрывы, і слёзы, і часу на ўсё катастрафічна не хапае. Таму нярэдка задаю сабе пытанне: а ці патрэбна мне гэта ўсё? Але як толькі адолее адчай, нехта з мам хворых дзяцей абавязкова напіша цёплае, кранальнае паведамленне. Яны нібы адчуваюць мой стан!  Словы падзякі акрыляюць, пераконваюць: трэба абавязкова рухацца наперад.

— А можаш што-небудзь зачытаць? — прашу Рыту.

Праз хвіліну яна мне дрыжачым голасам агучвае паведамленне, дасланае жанчынай з Камай:

«Мне всегда казалось, что дети с особенностями волнуют только нас, их родителей. И справляться с их проблемами и болезнями можем только мы сами. И вот появляетесь вы, Рита, и даже я начинаю верить в чудеса. Хочется сказать вам слова благодарности за ваш труд — такого внимания к своему ребёнку я никогда не ожидала. В основном люди на нас косо смотрят…

Храни Господь вашу семью, и пусть силы никогда вас не покидают. Вы очень нужны нам и нашим детям!»

…У першы дзень 2020 года ў адной з сацыяльных сетак Рыта змясціла эмацыянальнае відэа. На ім шчаслівая Соня: здзейснілася і яе мара! «Чараўнік» даслаў дзяўчынцы  ляльку Барбі… у інваліднай калясцы. Некалі Соня ўбачыла яе ў рэкламе на YouTube і пасля гэтага бясконца прасіла родных зрабіць ёй такі падарунак: «Мама, ну паглядзі, якая яна цудоўная і такая падобная да маёй сяброўкі Ліі!»

— Мая дачка прайшла ўжо 21 курс рэабілітацыі ў Еўропе. У клініках яна знайшла сабе шмат сяброў, многія з якіх калясачнікі, — патлумачыла Рыта. — Соня любіць іх катаць, для яе інвалідная каляска — абсалютная норма жыцця, неад’емная частка дзяцінства. У апошні час яна шмат малюе дзяцей з артапедычнымі прыстасаваннямі — тымі ж артэзамі. І не разумее, чаму дарослыя пачынаюць панікаваць ці адварочваюцца, убачыўшы хворае дзіця…

Ці трэба казаць, як здзівілася Соня, атрымаўшы ляльку сваёй мары? Але ж на тое ён і Новы год, каб дзеці маглі паверыць у цуды, а людзі — у… людзей.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Рыты Шылей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.