Чем в Поставах занимаются работники ЖКХ нынешней теплой зимой?

Общество

Цёплая зіма і камунальнікі

У студзені слупок тэрмометра замест мінусавой тэмпературы ўпарта паказвае плюсавую. Нехарактэрнае для Беларусі надвор’е ўнесла карэктывы ў работу і некаторых арганізацый, служб нашага раёна. Адна з іх — УП ЖКГ.

«Латаюць» дарогі, прыбіраюць вуліцы

Калі ў мінулыя гады жыхары райцэнтра калі-нікалі наракалі на тое, што камунальнікі няякасна альбо несвоечасова чысцяць снег на праезнай частцы ці тратуарах, то гэтай зімой незадаволенасць іншая: ні снег прыбіраць ім не трэба, ні дарогі падсыпаць… Дык чым яны зараз займаюцца? Адказ знайшоўся сам сабою, калі на мінулым тыдні ўбачыла, як брыгада грузчыкаў на чале з майстрам добраўпарадкавання жыллёва­-камунальнай гаспадаркі раёна Мікалаем Кісялёвым выконвала ямачны рамонт дарог.

— Так, снегу няма, але з гэтага не вынікае, што мы без работы, — расказваў Мікалай Кісялёў. — Грузчыкі робяць ямачны рамонт дарог. Займацца ім можна як вясной, так і зімой. Справа ў тым, што халодную арганамінеральную сумесь дапускаецца закладваць нават у ямы з вадой, бо сувязная аснова эмульсіі на вадзе і рыхтуецца. Што да дворнікаў, то яны, як звычайна, мятуць вуліцы, прыбіраюць смецце.  

«Кропкавы» рамонт асфальтабетоннага пакрыцця камунальнікі распачалі з мікрараёна 6 гарадка. Часткова адрамантавалі дарогі па вуліцах 17 Верасня, Камунальнай, Кааператыўнай, Юбілейнай. У пятніцу шчыравалі на Станкевіча і Касманаўтаў, дзе іх і застала. Рабочыя старанна вычышчалі рыдлёўкамі ямы ад пяску, яго рэшткі выдзімалі прыстасаваннем, падобным да пыласоса, і толькі пасля гэтага засыпалі ў выбоіны і ўтрамбоўвалі арганамінеральную сумесь. Побач «выдыхаў» аблокі дыму асфальтабетонны рэцыклер «ЕМ-350» — падаграваў сумесь да тэмпературы 80°C, каб тая мела пластычную структуру.

— Сёлетняй зімой няма маразоў і рэзкіх перападаў тэмпературы, таму асфальтабетоннае пакрыццё псуецца не так інтэнсіўна, але без ямін усё адно не абыходзіцца, — працягваў суразмоўца. — Наступныя адрасы, па якіх будзем рабіць ямачны рамонт, — завулак М. Казея, вуліцы Піянерская і Кастрычніцкая.

Ацяпленне

Яшчэ адно пытанне да работнікаў прадпрыемства — камунальныя плацяжы. Калі людзі масава пачалі іх уносіць, неаднойчы чула: «Чаму так «пацяжэ­лі» жыроўкі за снежань? Тарыфы падымаюцца толькі са студзеня, за які плаціць будзем у лютым. А снежань цёплы, па надвор’і не адрозніваўся ад лістапада».

— Насамрэч, гэта памылковая думка, бо надвор’е было неаднолькавым. Мы фіксуем тэмпературу: сярэднямесячная ў кастрычніку склала +40С, у снежні — +1,70С. А паколькі кацельні працуюць у адпаведнасці з тэмпературным графікам, які залежыць ад тэмпературы вонкавага паветра, то і цепланосьбіт награваецца да патрэбнай тэмпературы, — расстаўляе кропкі над «і» начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ЖКГ Вольга Шыцько. — Скажам, калі на дварэ +40С, то кацёл награваецца да 55 градусаў, пры нулявой — да 58-мі. Нават на працягу дня тэмпература падачы цяпла можа быць рознай. Дарэчы, «летнія батарэі» — гэта не паказчык адсутнасці ацяплення, як думаюць некаторыя.

На балансе УП ЖКГ знахо­дзіцца 25 кацельняў, 9 з іх размешчаны ў райцэнтры. Чатыры гарадскія забяспечваюць падачу цеплаэнергіі з дапамогай мясцовых відаў паліва (МВП), столькі ж кацельняў працуюць на прыродным газе, яшчэ адна з’яўляецца камбінаванай. Аналагічная ёсць і ў Навасёлках. Астатнія ў сельскай мясцовасці працуюць выключна на МВП. Дык вось, у залежнасці ад магчымасцей кацельняў колькасць спажытых гігакалорый у снежні ў параўнанні з кастрычнікам павялічылася ў сярэднім на 17% (МВТ) і на 10% (газ). Лічбы адрозніваюцца па кожным доме нават у адным мікрараёне. Напрыклад, колькасць зрасходаваных гігакалорый на ацяпленне панэльнага дома 70-х гадоў у 6 гарадку адрозніваюцца ад колькасці, неабходнай для ацяплення новабудоўляў, якія першапачаткова ўзводзяцца як энергаэфектыўныя. Розніца ў спажыванні цяпла паміж гэтымі дамамі можа дасягаць 20%.

«Колькасць зрасходаванага прадпрыемствам паліва на ацяпленне не ўплывае на суму ў жыроўках. У гэтым ацяпляльным сезоне за 1 Гкал устаноўлены тарыф у памеры 18,48 рубля»

На прадпрыемстве маецца архіў тэмператур вонкавага паветра за апошнія 20 гадоў. За гэты перыяд з такой цёплай зімой работнікі ЖКГ раёна сутыкаюцца ўпершыню. Як і з тэрмінам пачатку ацяпляльнага сезона, які стартаваў у верасні (звычайна ён пачынаецца ў кастрычніку). Да яго камунальнікі нарыхтавалі 24,5 тысячы кубічных метраў дроў, што складае 100% ад неабходнай колькасці. Дзякуючы плюсавым тэмпературам доля МВП павялічылася з 64 да 66%, агульнае спажыванне паліва (газ, дровы, шчапа) скарацілася на 5%, а прыроднага газу — на 15,8%. Напрыклад, на камбінаваных кацельнях прыродны газ выкарыстоўваецца па мінімуму: у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года яго спажыванне скарацілася з 138 646 м3 да 46, 046 м3 (66,8%).

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.