Дети и молодежь поставских приходов подготовили костюмированную рождественскую постановку по библейским сюжетам

Духовность

Маленькі, але Найвышэйшы

Гэта пра нованароджанага Езуса. Што менавіта Ён такі, даказалі дзеці  і моладзь пастаўскіх парафій Святога Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага.

Яны падрыхтавалі касцюміраваную пастаноўку па біблейскіх сюжэтах і паказалі яе на сцэне раённага Дома культуры 28 снежня. Спачатку інсцэніроўка ўрыўка са Святога Пісання напомніла прысутным пра стварэнне свету. Галоўнымі героямі дзеі сталі Адам і Ева (Стас Буцневіч і Вераніка Татыржа). Яны праз танец паказалі шлях чалавека да першага граху. Але Бог меў свой план на збаўленне свету. Для гэтага Ён паслаў на зямлю свайго Сына — Езуса Хрыста. Яго Маці Марыі (Улада Ліманоўская) і апекуну Юзафу (Ваня Маслоўскі) не знайшлося месца ні ў адным доме, таму дзіцятка нарадзілася ў хляве. Калыскай для нованароджанага сталі яслі з сенам.

Першымі прывітаць Збаўцу свету прыйшлі пастушкі, якім вялікую радасць аб’явіў анёл, а прывяла іх да Езуса Бэтлеемская зорка. Золата, кадзіла і міра прынеслі Тры Каралі (Максім Курушка, Дзяніс Падгайскі і Саша Давідовіч). Золата сімвалізуе багацце і ўладу і ўказвае на тое, што Езус — Кароль Сусвету. Кадзіла выкарыстоўваецца для праслаўлення Бога. Міра сімвалізуе цярпенне і смерць (Езус таксама цярпеў і памёр на крыжы). Мноства анёлаў віталі немаўлятка словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі».

Прыгожыя касцюмы, высокі ўзровень падрыхтоўкі стварылі сапраўднае свята. Песнямі ўслаўлялі нованароджанага ­Езуса Арцём Маргуноў, Саша Танана, Каця Таразевіч, маці з дачкой Марына і Маша Шаура, Яна Дзіковіч (выканала песню на польскай мове), вакальная група моладзі. А самай юнай спявачкай была шасцігадовая Ліза Хмяльніцкая. Шмат дзяцей было задзейнічана ў танцах анёлаў, сняжынак. З роляй вядучых удала справіліся Ігар Нежавец і Аліна Давідзюк.

Усяго ў прадстаўленні прынялі ўдзел больш за 40 дзяцей і з дзясятак чалавек моладзі. Шмат сіл і любові ўклалі ў падрыхтоўку пастаноўкі сёстры законныя Канстанцыя і Цыпрыяна, арганісткі Вольга Касарэўская і Вольга Кватарчук. Танец Адама і Евы дапамагала рыхтаваць балетмайстар Юлія Петухова.

На завяршэнне клерык Стадніцкай духоўнай семінарыі (Польшча) Генадзій Лаўніковіч (ураджэнец Варапаева) падзякаваў дзецям і моладзі за падоранае свята, сёстрам законным і іншым арганізатарам — за цярпенне пры падрыхтоўцы, гледачам — за прысутнасць. Усе разам памаліліся Айцу Нябеснаму, затым удзельнікі прадстаўлення атрымалі падарункі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.