Директор районного краеведческого музея Татьяна Горошко выступила на научной конференции в Москве

Культура

Выступала перад навукоўцамі ў Маскве

Напрыканцы мінулага года дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка атрымала прыемны падарунак з расійскай сталіцы. Ёй прыйшла Падзяка гісторыка-патрыятычнага аб’яднання «Баграціён» і арганізацыйнага камітэта Усерасійскай навуковай канферэнцыі «Вайна і мір князя Пятра Іванавіча Баграціёна», у якой прымала ўдзел.

Гэта канферэнцыя праходзіла 22 лістапада ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы. А трапіла на яе Таццяна Гвідонаўна наступным чынам. Неяк з музеем звязаўся ваенны гісторык, член гісторыка-патрыятычнага аб’яднання «Баграціён» Вадзім Гаўрылаў, які займаецца вывучэннем помнікаў Айчыннай вайны 1812 года на тэрыторыі Расіі і Беларусі і захаваннем памяці пра аднаго з самых вядомых рускіх палкаводцаў. Ён даведаўся, што на тэрыторыі нашага раёна, у вёсцы Асінагарадок, знаходзіцца брацкая магіла салдат рускай і французскай армій, якія загінулі ў баі падчас вайны 1812 года, і ўстаноўлены ў іх гонар помнік. Расіянін папрасіў нашых музейных работнікаў удакладніць для яго некаторыя звесткі.

Так завязалася перапіска, у працэсе якой Т. Гарошка расказала пра маючую адбыцца ў Паставах навукова-практычную канферэнцыю «Пастаўшчына ў вымярэнні часу», прысвечаную 610-годдзю горада. В. Гаўрылаў выказаў жаданне прысутнічаць на ёй і ў вызначаны час прыехаў разам са старшынёй ГПА «Баграціён», загадчыкам аддзела Цэнтральнага гістарычнага архіва Масквы Грыгорыем Бродскім. Абодва выступілі з цікавымі дакладамі па тэме, якую вывучаюць і якая ў нас фактычна не даследавана.

Таццяна Гарошка падчас выступлення на навуковай канферэнцыі ў Маскве

Таццяна Гвідонаўна пазнаёміла гасцей з горадам, правяла экскурсію па музеі, дзе расіяне ўбачылі экспазіцыю пра Санкт-Пецярбургскую афіцэрскую кавалерыйскую школу ў Паставах. Расказваючы пра яе, Т. Гарошка ўзгадала імя князя Дзмітрыя Пятровіча Баграціёна, які, як аказалася (пра гэта ў музеі не ведалі), з’яўляецца нашчадкам знакамітага палкаводца. Госці вельмі зацікавіліся фактам існавання ў нас летніх лагераў згаданай школы і дзейнасцю Д. П. Баграціёна і запрасілі дырэктара музея выступіць па гэтай тэме на канферэнцыі ў Маскве.

— На канферэнцыю сабраліся члены гісторыка-патрыятычнага аб’яднання «Баграціён», дацэнты, кандыдаты навук з розных расійскіх універсітэтаў, якія займаюцца тэмай вайны 1812 года, работнікі архіваў і маскоўскіх музеяў, — расказвала Таццяна Гарошка. — Прыехалі таксама нашчадкі фельдмаршала Міхаіла Кутузава, генерала Мікалая Хітраво, іншых вядомых военачальнікаў XІХ стагоддзя, госці з Сербіі, якія стварылі ў адным з населеных пунктаў музей Кутузава. Адным словам, было вельмі прадстаўнічае грамадства! І ўсе надзвычай інтэлігентныя, добразычлівыя. Там я пазнаёмілася з многімі цікавымі людзьмі. У прыватнасці, завязаліся кантакты з супрацоўнікамі музея-запаведніка «Барадзінскае поле».

Разам з грунтоўным дакладам да канферэнцыі Таццяна Гвідонаўна падрыхтавала і відэапрэзентацыю. Усё, пра што яна расказвала, для расіян было новым і цікавым. Амаль ніхто з іх не чуў пра нашы летнія лагеры Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы, мала ведалі і пра Д. П. Баграціёна і яго дзейнасць на Пастаўшчыне. Таму слухалі пастаўчанку з вялікім інтарэсам. А ў знак удзячнасці за яе выступленне даслалі Падзяку з пажаданнямі поспехаў у рабоце і спадзяваннем на працяг сустрэч.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.