Есть результат! Молодежный парламентаризм на Поставщине набирает обороты

Местная власть

Будуюць будучыню, захоўваючы традыцыі

З кожным годам маладзёжны парламентарызм на Пастаўшчыне набірае ўсё большыя абароты. Расце колькасць увасобленых ім  у жыццё ініцыятыў. Дзякуючы ўдзелу актывістаў традыцыйныя мерапрыемствы набываюць новае гучанне. Пра тое, як члены Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў праявілі сябе ў маі-снежні мінулага года, было заслухана ў пачатку студзеня на пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў у райвыканкаме.

Справаздачу аб выніках работы за акрэслены перыяд перад паплечнікамі, старэйшымі калегамі-дэпутатамі і педагогамі-арганізатарамі агульнаадукацыйных школ раёна трымала старшыня палаты Кацярына Музычэнка. Яна падрабязна спынілася на кожным з 5 прыярытэтных напрамкаў дзейнасці, якія папулярызуе сярод сваіх равеснікаў маладзёжны орган самакіравання.

На развіццё пачуцця адказнасці за лёс Радзімы і на станаўленне асобы накіраваны грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прафілактыка правапарушэнняў. Члены Маладзёжнай палаты ў рамках акцыі «Удзячная моладзь — ветэранам» выступалі ў складзе агітбрыгад, праявілі сябе ў маладзёжным марафоне «75», інтэрнэт-конкурсе фота­здымкаў «Сэлфі з ветэранам», конкурсе песні «За родную Беларусь!», праекце «Кветкі Вялікай Перамогі», адкрытых дыялогах з ветэранамі і былымі вязнямі Вялікай Айчыннай вайны, разнастайных акцыях і флэшмобах, прымеркаваных да дзяржаўных свят. Сумесна з байцамі мала­дзёжных атрадаў аховы правапарадку правялі мітынгі-рэквіемы «Успомнім герояў святой вайны». Актыўна ўдзельнічалі і ў леташняй палітычнай кампаніі — выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны: ладзілі пікеты і акцыі. Цудоўным падарункам для парламентарыяў стала наведванне Савета Рэспублікі краіны і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

Прадстаўнікі камісіі палаты па пытаннях экалогіі, развіцця валанцёрскага руху і сувязей з грамадскімі арганізацыямі, СМІ ставяць мэтай выхаванне чалавека з адкрытым сэрцам, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу, які будзе паважліва ставіцца да старэйшага пакалення. Прыкладам могуць служыць акцыі «Дзень абароны дзяцей з БРСМ», «Аднаўленне святынь Беларусі», «У школу з Добрым Сэрцам», «Цуды на Раство», аказанне дапамогі адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам, добраўпарадкаванне тэрыторый школ і населеных пунктаў у рамках праекта «#ЗаДело». У мінулым годзе моладзь разам з раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў цудоўна папрацавала і адпачыла падчас рэтрамаёўкі і раённага турыстычнага злёту людзей залатога ўзросту.

Шмат увагі надавалася арганізацыі вольнага часу і культурна-масавым мерапрыемствам, пытанням адукацыі і прафарыентацыі, папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Упершыню прайшлі спартакіяды «Бег з перашкодамі» і «Спартыўная вясна», раённы турыстычны злёт для навучэнцаў устаноў адукацыі. Яшчэ два ўнікальныя мерапрыемствы, у якіх пашчасціла «засвяціцца», — адкрыццё «Дрэва кахання» ў райцэнтры і абласныя «Дажынкі» ў Браславе.

Даклад Кацярыны Музычэнкі дапоўнілі Дар’я Кукштэль і Лізавета Рогач.

Праведзеную Маладзёжнай палатай работу высока ацаніў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і выказаў упэўненасць, што гэтак жа актыўна моладзь будзе сябе праяўляць і надалей.  Разам з дэпутатам райсавета Юрыем Кісялёвым яны далі моладзі некалькі слушных парад, якія тыя змогуць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.

Другая частка сустрэчы прайшла ў рэстаране «Світанак». За кубкам гарбаты вопытныя дэпутаты і юныя парламентарыі зацвердзілі план работы на бягучы год. У прыватнасці, да традыцыйных ініцыятыў вырашана далучыць даследаванне члена Маладзёжнай палаты Мікіты Пурлана па вызначэнні самага прыгоднага для жыцця мікрараёна райцэнтра (пакуль лідзіруе 5 гарадок). Адказы і прапановы пастаўчан будуць улічаны пры ўдасканальванні гарадской інфраструктуры. Таксама плануецца стварыць электронны альбом «Пастаўшчына вачыма моладзі» і правесці фотаконкурс «Міс Усмешка».

Завяршыла мерапрыемства камандная гульня на веданне сваёй малой радзімы.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.