Идет по жизни с верой в Бога. Честная и насыщенная жизнь Марии Ваштаенок

Личности

Мне выпала казырная карта

Марыйцы споўнілася ўсяго 15, калі яна прыйшла ўладкоўвацца на работу на Варапаеўскі завод жалезабетонных вырабаў. Дырэктар строга глянуў на яе і сказаў: «Ідзі яшчэ пагуляй у лялькі».

Дзяўчо ў слязах пакі­нула кабінет. Яна закончыла няпоў­ную сярэднюю школу, далейшая вучоба не прываблівала, а працы не баялася. Тым больш хацелася трапіць на завод, які знаходзіўся за лічаныя метры ад дома і на якім працавалі яе мама і тата. Таму ад мэты не адступілася. За дачку паручыліся бацькі і ўпрасілі кіраўніцтва прыняць яе на работу.

— А ўсяго праз год я была не проста рознарабочай, а машыністам вежавага крана, яшчэ праз два — маставога, — іскрацца радасцю ад прыемных успамінаў вочы Марыі Сяніфаўны Ваштаёнак.

— У 16 гадоў вы сталі кранаўшчыцай? — не хаваю здзіўлення.

— Так-так! Жанчына, якая працавала на вежавым кране, звольнілася ў сувязі з пераездам у Паставы. Ахвотных на яе месца не знаходзілася. А мне падабалася такая работа. Безумоўна, начальства вельмі рызыкавала, зацвярджаючы маю кандыдатуру. На цяперашні час такое і ўявіць немагчыма.

Ёсць што ўспомніць Марыі Ваштаёнак

Праз год на завод прыехаў прадстаўнік з вобласці правяраць тэхніку бяспекі. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што кранаўшчыца яшчэ не дасягнула паўналецця і не мае пасведчання аб заканчэнні адпаведных курсаў. На той раз, як кажуць, пранесла… Але вучыцца ўсё роўна трэба было. Марыя закончыла вячэрнюю дзесяцігодку і двухмесячныя курсы кранаўшчыкоў. Пра тое, наколькі старанна і паспяхова яна працавала, раённая газета расказвала неаднойчы. Змяшчаліся і фотаздымкі перадавой рабочай. Марыя Ваштаёнак заводу аддала больш за 40 гадоў. Мае шмат грамат — ад кіраўніцтва завода, райкама партыі. Яе фатаграфія занесена ў Кнігу гонару аблміжкалгасбуда. У 1981 годзе ўдастоена ордэна Дружбы народаў. Выбіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, членам райкама партыі. Яе імя занесена ў кнігу «Памяць» Пастаўскага раёна. Але ў размове са мной сціпла гаварыла: «Проста мне выпала казырная карта. Побач са мной працавалі кранаўшчыцамі Ксенія Іванісава, Ванда Волк, яны таксама стараліся. Заказаў на завод паступала шмат, выконвалі вялікі аб’ём работы. Не заўсёды хапала рабочых рук. Працавалі цяжка, затое нядрэнна зараблялі, для завадчан будавалася жыллё. І мы з мужам атрымалі кватэру (Яўгеній працаваў на заводзе зваршчыкам). Зараз балюча бачыць закрытае прадпрыемства. Нам і ў страшным сне не магло такое прысніцца».

На жаль, Яўгеній дачасна, у 47-гадовым узросце, памёр. А жыццё старэйшага сына Ваштаёнкаў Юрыя абарвалася ў 34 гады. Вось так лёс выпрабоўваў Марыю на стойкасць. Не зламалася. Летась ёй споўнілася 70. Ужо даўно на пенсіі, але спраў заўсёды хапае. Сын Мікалай і нявестка Валянціна, якія жывуць усяго праз дом ад яе, трымаюць вялікую гаспадарку, апрацоўваюць шмат зямлі. І маці ва ўсім дапамагае ім.

— Мая найвялікшая радасць і гордасць — унукі, — дзялілася Марыя Сяніфаўна. — Вышэйшую адукацыю атрымалі Таня і Сярожа, абое працуюць у Паставах. Сёлета заканчвае БНТУ Марына. Я ўжо і праўнучка Ільюшку маю. Ён — наша сонейка.

Прыязджаюць з Пастаў і Глыбокага пагасцяваць да бабулі і яшчэ пяцёра ўнукаў па лініі яе другога мужа Мікалая Зелянкевіча, якога ўжо няма ў жывых. Яго даўно дарослыя дачка і сын да гэтага часу завуць Марыю мамай, а іх дзеці — бабуляй і адносяцца да яе як да роднай. А гэта сведчыць пра тое, што яна з адкрытым сэрцам прыняла іх, сагрэла клопатам і любоўю.

Марыя Сяніфаўна ідзе па жыцці з верай у Бога. Яна не проста прыхаджанка варапаеўскай царквы, а адна з актыўных памочніц бацюшкі. Дапамагае ўпрыгожваць святыню і прыбіраць у ёй, падчас кожнай службы прадае свечкі. Дома шмат чытае царкоўнай літаратуры. У малітвах просіць шчаслівага лёсу для дзяцей і ўнукаў. І не наракае на свой, хоць ён і нялёгкі. Але яе жыццё сумленнае і насычанае.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.