Как собирают коммунальные отходы в агрогородках и деревнях, где ликвидированы мини-полигоны

Важное Экология

Каб прырода не стала сметніцай

Яшчэ гадоў 10-12 назад на Пастаўшчыне налічваўся 41 міні-палігон для цвёрдых бытавых адходаў. У пачатку 2018-га лічба скарацілася да 17. Сёння дзейнічае ўсяго адзін — у Лынтупах, усе астатнія рэкультываваныя.

Міні-палігоны актыўна ліквідуюць па ўсёй Беларусі: за апошнія 9 гадоў іх зачысцілі больш за 3 тысячы. Да 2022 года закры­юць астатнія 835. Такую інфармацыю нядаўна агучыў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны Віталій Смірноў.

Чым выкліканы гэтыя кардынальныя змены? Як цяпер ажыццяўляецца збор камунальных адходаў у аграгарадках і невялікіх вёсках, дзе яшчэ нядаўна былі міні-палігоны? Спыталі ў адпаведных службаў.

Начальнік Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Лысёнак адзначыў, што праблема вялікай колькасці невялікіх звалак існавала даўно.

«Сёння больш за 92% жыхароў краіны маюць магчымасць займацца раздзельным зборам адходаў»

— Міні-палігоны наносяць прыродзе велізарны ўрон, — гаварыў Мікалай Мікалаевіч. — У адрозненне ад вялікіх палігонаў там не ажыццяўляецца кантроль за колькасцю смецця і яго складам, не праводзіцца маніторынг уз­дзеяння на падземныя воды. Лю­дзі неслі туды ў вялікай колькасці другасныя матэрыяльныя рэсурсы — паперу, кардон, пластык, шкло, плёнку, а іх захоўваць забараняецца. Ускладняла сітуацыю і тое, што большасць міні-палігонаў не адпавядала патрабаванням нарматыўна-прававых актаў.

Зразумела, што іх закрыццё стварае насельніцтву пэўныя нязручнасці. Аднак кожны павінен разумець: ранейшай сістэмы работы з адходамі не будзе, трэба перастройвацца на новую.

Яшчэ восенню ў раённым выканаўчым камітэце была зацверджана «Схема абыходжання з камунальнымі адходамі», дзе падрабязна распісаны час і маршруты руху смеццявозаў. У спісе ажно 462 населеныя пункты, унесены ў яго і 7 садаводчых таварыстваў, 14 гаражных кааператываў. Пазначаны дні тыдня, вуліцы і нумары дамоў, ля якіх будуць спыняцца машыны.

Гэты графік ёсць ва ўсіх сельскіх Саветах. Менавіта перад іх старшынямі, а таксама перад старастамі вёсак стаіць задача праінфармаваць насельніцтва пра рух смеццявозаў ва ўсіх населеных пунктах. Часткова «Схема абыходжання з камунальнымі адходамі» надрукавана ў «Пастаўскім краі», №№100 і 101 за 14 і 18 снежня. Да 1 лютага яна ў поўным варыянце будзе апублікавана на сайце райвыканкама www.postavy.vitebsk-region.gov.by. 

«У Беларусі, як і ў краін-суседзяў, аб’ём адходаў штогод расце. У 2010-м у краіне іх было прыблізна 11 млн куб. м, у 2019-м – амаль 22 млн кубаметраў»

Часам людзі скардзяцца, што смеццявоз у вызначаныя месца і час не прыхо­дзіць. Так, напрыклад, было і 24 снежня, калі Мікалай Лысёнак адправіўся ў чарговы рэйд па сельсаветах з мэтай пракантраляваць вываз смецця. У вёсках Касцяні і Перавознікі Юнькаўскага сельсавета мясцовыя жыхары паведамілі, што смеццявоза ў вёсцы… не бачылі.

Сітуацыю пракаменціравалі ва УП ЖКГ.

— Званкі з прэтэнзіямі, што машына не прыехала, паступаюць нярэдка, — адзначыў намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Пляшкун. — Тады я задаю сустрэчнае пытанне: дзе і калі ў вашым населеным пункце павінен спыняцца смеццявоз? У адказ — маўчанне. Як тады можна сцвярджаць, што машына не прыхо­дзіць? Каб не спрачацца, звяртаюся да камп’ютарнай праграмы, якая захоўвае звесткі пра рух машын за апошнія паўгода. На кожным з трох смеццявозаў устаноўлены датчыкі руху, і праз спадарожнік яны даюць інфармацыю, падрабіць якую немагчыма.

Сяргей Часлававіч не адмаўляе: зрэдку збоі ў рабоце бываюць — чалавечы фактар ніхто не адмяняў. Аднак у абсалютнай большасці выпадкаў вадзіцелі прытрымліваюцца зацверджанай схемы.

Усяго па Пастаўскім раёне распрацаваны 21 маршрут вывазу смецця. З мінулага года па кожным з іх ездзіць і грузчык — ён і старому чалавеку дапаможа, і мяшкі са смеццем, пакінутыя напярэдадні, пагрузіць.

— За гэту, як і за любую іншую паслугу, трэба плаціць. Ці ахвотна насельніцтва заключае адпаведныя дагаворы з УП ЖКГ? — пытаюся.

— У 80% жыхароў Пастаўшчыны яны ёсць, — гаварыў Сяргей Пляшкун. — Аднак да некаторых людзей дастукацца вельмі складана. І справа хутчэй у іх прынцыповасці, несумленнасці, а не ў грашах. Бо за вываз камунальных адходаў даводзіцца плаціць не такую і вялікую суму. Для жыхароў сельскай мясцовасці гэта 90 капеек з чалавека (у месяц), для пастаўчан, якія пражываюць у шматкватэрных дамах, — 1,23 рубля. У прыватным сектары райцэнтра плацяць 1,49 рубля з чалавека. Прычым насельніцтва пакрывае толькі частку расходаў, якія нясе наша прадпрыемства.

Яшчэ ў 2017 годзе ў Беларусі зацверджана Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года. Згодна з ёй, к таму часу ў краіне павінна застацца не больш за 120 палігонаў, дзе будуць захоўвацца адходы, якія немагчыма перапрацаваць.

— Трэба прызнаць: палігон у Паставах свой рэсурс вычарпаў, — рэзюмаваў Сяргей Пляшкун. — Новы, як планавалася, так і не пабудавалі з-за адсутнасці фінансавання. Цяпер ідзе гаворка пра тое, што немэтазгодна ствараць некалькі аб’ектаў захоўвання адходаў у адным рэгіёне, а павінен быць адзін — максімальна эфектыўны і экалагічна бяспечны — на два-тры раёны. Высокая верагоднасць таго, што праз нейкі час адходы з Пастаў і Пастаўскага раёна будзем дастаўляць на міжрэгіянальны палігон у Глыбокае.

Іна Сняжкова
Фота з адкрытых крыніц


На кантролі Прэзідэнта

«Смеццевае» пытанне сёння актыўна абмяркоўваецца на самым высокім узроўні. У сярэ­дзіне студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №16 «Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі».

На адной з нядаўніх нарад ён падкрэсліў: «Нельга дапусціць, каб нас спасцігла доля краін-суседак, калі людзі задыхаюцца ад колькасці звалак, а глеба на дзесяцігоддзі атручана хіміяй».

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што «развітыя краіны, у якіх, як і ў нас, няма багатых запасаў карысных выкапняў, навучыліся атрымліваць неабходныя рэсурсы фактычна са смецця».

Па даных кіраўніка дзяржавы, у Беларусі перапрацоўваецца ўсяго 17% смецця, а павінна не менш за палову. Да 2030 года ў Беларусі будзе пабудавана 30 комплексаў для сартавання і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. Пры кожным комплексе плануецца зрабіць палігон.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.