Какие мероприятия на Поставщине самые значимые? Будут ли в этом году реализованы новые проекты? Интервью с Галиной Чаплинской

Культура

Сустракацца будзем часцей

Напрыканцы мінулага года ў Полацку праводзіўся абласны форум маладых спецыялістаў «Моладзь. Ініцыятыва. Развіццё». А восенню там прайшоў форум працоўнай сельскай моладзі, які аб’яднаў больш за 150 спецыялістаў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Кожнае з мерапрыемстваў упершыню наведалі пастаўчане — спецыялісты з ААТ «Кураполле-агра», «Навасёлкі-Лучай», пастаўскага каледжа, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і інш. 

Тое, што маладым людзям неабходна знаёміцца між сабой, разам адпачываць і абмяркоўваць агульныя праблемы, добра разумеюць не толькі на ўзроўні вобласці, але і раёна. На Пастаўшчыне з гэтай мэтай ла­дзіцца шэраг мерапрыемстваў. Якія з іх самыя знакавыя? Ці будуць сёлета рэалізаваны новыя праекты? Гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «ПК» адрасавала начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіне Чаплінскай.

— Галіна Мікалаеўна, ці ўсё намечанае ў сферы маладзёжнай палітыкі ўдалося рэалізаваць летась? 

— Так, мы правялі абсалютна ўсе запланаваныя мерапрыемствы. Выдзеленыя з бюджэту сродкі былі выкарыстаны максімальна рацыянальна. У мінулым годзе Беларусь адзначала 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму ў прыярытэце было грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. І яна актыўна ўключылася ў святкаванне гэтай падзеі. Актывісты райкама БРСМ і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», вучні ваенна-патрыятычнага класа СШ №4 удзельнічалі ў разнастайных акцыях, сустрэчах, дапамагалі наводзіць парадак на вайсковых пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны. Важна, каб маладое пакаленне памятала пра подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў. Спрыяць гэтаму будуць і шматлікія мерапрыемствы, якія пройдуць у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі.


У 2020 годзе на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі на Пастаўшчыне з бюджэту выдзелена 3 000 рублёў, што ўдвая больш, чым летась.


— Адной з апошніх падзей 2019-га стала традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў. Якія вывады пасля яе зрабілі?

— Спачатку адзначу, што на Пастаўшчыне даўно склалася пэўная сістэма работы з новымі маладымі кадрамі. Яна дае станоўчыя вынікі. Каб выявіць праблемы моладзі, яе настрой, намер застацца ў Паставах пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі, на кожнай сустрэчы маладым спецыялістам раздаюцца анкеты. Дарэчы, у нашым раёне замацавальнасць маладых спецыялістаў вышэйшая, чым у сярэднім па вобласці.

На снежаньскай сустрэчы неаднойчы прагучала прапанова сустракацца часцей. Таму сёлета плануем арганізаваць такое мерапрыемства не толькі перад Новым годам, але і ў верасні — адразу пасля прыезду кадраў.


У раёне пражывае 5 630 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 16% насельніцтва.


— Што яшчэ цікавага плануецца ў рабоце з моладдзю?

— Ёсць задума паўтарыць конкурс прафесійнага майстэрства «Шлях да поспеху». На Пастаўшчыне ён праводзіўся тройчы, апошні раз — у 2016 го­дзе. Ён дае моладзі магчымасць праявіць свае найлепшыя прафесійныя здольнасці і асабістыя якасці, не кажучы ўжо пра тое, што дорыць новыя ўражанні і знаёмствы.

Сёлета вернемся да ўдзелу ў міжраённых турнірах па інтэлектуальных гульнях — «Брэйн-рынгу», «Што? Дзе? Калі?». Будзем і надалей развіваць міжнародны конкурс маладых сем’яў «Майстры вёскі». Вельмі парадавала ў мінулым годзе маладая сям’я Собаль з вёскі Логавінцы Юнькаўскага сельсавета. На абласным этапе «Майстроў вёскі» сярод 14 каманд яна заняла ганаровае 2-е месца.  Іван і Надзея Ладукас з Гуты годна выступілі на міжнародным конкурсе маладых сем’яў у латвійскім Рэзэкнэ. У гэтым годзе плануе арганізаваць такое спаборніцтва і Літва.


У 2019 годзе на свае першыя працоўныя месцы да нас прыехалі 112 маладых спецыялістаў. 43 з іх маюць вышэйшую адукацыю. Для параўнання: у 2018-м у наш рэгіён прыбыло 20  выпускнікоў ВНУ.


— У якіх працоўных калектывах Пастаўшчыны моладзь самая актыўная?

— Як заўжды, шмат запалу, творчай энергіі ў маладых работнікаў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Часцей сталі праяўляць сябе іх калегі з «Кураполля-агра». Пастаянна нашы ініцыятывы падтрымліваюць маладыя спецыялісты УП ЖКГ, лясгаса, райбальніцы, малочнага завода… Вельмі многае залежыць і ад кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў раёна, іх жадання ісці насустрач моладзі. У большасці выпадкаў узаемаразуменне знаходзіцца. І гэта ўнушае аптымізм у плане далейшага супрацоўніцтва.

Гутарыла Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.