Какие задачи по профилактике правонарушений на Поставщине поставлены на 2020-й год?

Местная власть

Ёсць недапрацоўкі. Іх трэба ўхіляць

Як у 2019 годзе на Пастаўшчыне рэалізоўваліся патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» і якія задачы пастаўлены на 2020-ты? Гэта пытанне абмяркоўвалася на адкрытым пасяджэнні райвыканкама, якое ў мінулую пятніцу правёў намеснік кіраўніка раёна Генадзій Лютынскі.

На пасяджэнні была заслухана інфармацыя пракурора раёна Ігара Валынца пра стан законнасці і правапарадку на тэрыторыі Пастаўшчыны ў мінулым годзе.

Як адзначыў выступоўца, летась у раёне не было здзейснена цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у цэлым крымінагенная сітуацыя знаходзілася пад кантролем праваахоўных органаў. Аднак маецца шэраг негатыўных тэндэнцый, якія трэба ўхіляць. Так, не ўдалося захаваць станоўчую дынаміку апошніх дзевяці гадоў у зніжэнні агульнай злачыннасці, рост якой склаў амаль 6%. Гэта абумоўлена ростам асобных злачынстваў (у сферы высокіх тэхналогій, незаконнага абароту наркотыкаў і процідзеяння гандлю людзьмі, махлярстваў, згону транспартных сродкаў, паўторнага кіравання транспартам у нецвярозым стане), а таксама высокай удзельнай вагой рэцыдыўнай злачыннасці, якая складае 33,5%. Няпростая сітуацыя ў гэтым плане склалася ў Варапаеўскім, Курапольскім, Юнькаўскім і Дунілавіцкім сельсаветах.

— Здзяйсненню паўторных злачынстваў садзейнічае адсутнасць належнай увагі з боку праваахоўных органаў і суб’ектаў прафілактыкі да грамадзян з крымінальным мінулым, несвоечасовае вырашэнне пытанняў іх працоўнай і сацыяльнай рэабілітацыі, — канстатаваў Ігар Валынец. — Дзейнасць міліцыі часта зводзіцца да фармальных візітаў па месцы жыхарства асоб з судзімасцю і рэгістрацыі фактаў парушэнняў, індывідуальная прафілактычная работа праводзіцца без уліку асаблівасцей асобы, мінулых судзімасцей і ладу жыцця.

На думку пракурора, аддзел унутраных спраў вядзе недастатковую работу па ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду ў адносінах да раней асуджаных. Адсутнічае належны ўплыў на сітуацыю з боку назіральнай камісіі райвыканкама. Яна і ўпраўленне па працы займаюць пасіўную пазіцыю ў вырашэнні пытання працаўладкавання асоб з судзімасцю. Не павінны заставацца абыякавымі да праблем п’янства і рэцыдыву мясцовыя выканкамы, саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, дэпутаты, старэйшыны, члены добраахвотных дружын і працоўныя калектывы.

— Галоўнай задачай усіх дзяржаўных інстытутаў з’яўляецца захаванне жыцця і здароўя чалавека, — працягваў Ігар Валынец. — Эфектыўнасць яе выканання ацэньваецца колькасцю жыццяў, страчаных у выніку ўздзеяння знешніх фактараў. Тут асаблівую трывогу выклікае значная колькасць зарэгістраваных пажараў — летась іх было 39. Гэта самы вялікі паказчык сярод аналагічных раёнаў вобласці. У агні загінулі 4 чалавекі. Усе яны знаходзіліся ў нецвярозым стане і курылі ў ложку. Самая неспрыяльная сітуацыя з пажарамі ў Лынтупскім, Ярэўскім і Камайскім сельсаветах.

Павышанай увагі да сябе патрабуюць і пытанні прафілактыкі вытворчага траўматызму, паколькі ў 2019 годзе вырасла (з 2 да 5) колькасць асоб, якія атрымалі цяжкія траўмы на рабочых месцах. Пры гэтым 4 выпадкі траўміравання работнікаў адбыліся на прадпрыемствах сістэмы АПК. Сур’ёзныя нараканні пракурора выклікае таксама якасць расследавання раённым аддзелам Следчага камітэта крымінальных спраў.

Па ўсіх пытаннях Ігар Валынец прапанаваў канкрэтныя меры для паляпшэння сітуацыі.

З дакладам па тэме выступіў таксама начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Гарус. Ён акцэнтаваў увагу на праблемных момантах, якія ўзніклі ў дзейнасці аддзела, і на тым, што трэба зрабіць у плане пераадолення негатыўных тэндэнцый. Былі заслуханы тлумачэнні старшынь Курапольскага, Юнькаўскага, Лынтупскага, Дунілавіцкага і Варапаеўскага сельскіх Саветаў.

Рашэннем райвыканкама ўсім службам і суб’ектам прафілактыкі дадзены адпаведныя ўказанні і вызначаны тэрміны іх выканання. Кантроль за гэтым ускладзены на намеснікаў кіраўніка раёна па напрамках дзейнасці.

У 2019 годзе рост агульнай злачыннасці склаў амаль 6%

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.