Начальнику спасательной станции Дмитрию Журову и спасателям дел хватает круглый год

Безопасность

Круглы год хапае спраў

Зіма сёлета не спяшаецца ўступаць у свае правы: на календары сярэдзіна студзеня, а сапраўднага снегу і марозу ўсё няма. У такое надвор’е, на думку многіх, ратаўнікі на вадаёмах фактычна сядзяць без работы.

— Але гэта не так, — не зга­джаецца з распаўсюджаным меркаваннем начальнік выратавальнай станцыі ў Паставах Дзмітрый Жураў, з якім сустрэ­лася напярэдадні прафесійнага свята ратаўнікоў. — Крыху адпачываем мы тады, калі становіцца лёд і набывае патрэбную таўшчыню. А зараз, пры ваганнях тэмпературы ад плюса да мінуса, трэба пастаянна быць напагатове, нельга расслабляцца, бо ў любы момант можа спатрэбіцца наша дапамога. У адрозненне ад вялікіх вадаёмаў ужо пры слабым марозіку сажалкі і балаціны хутка пакрываюцца ледзяной скарынкай і нібы магнітам прыцягваюць дзяцей. Першы лёд на рэках і азёрах вабіць аматараў зімовай рыбалкі, якія таксама выпрабоўваюць яго на трываласць.

Па словах Дзмітрыя Віктаравіча, яшчэ ў большым напружанні работнікі станцыі знаходзяцца летам, калі гараджане і вяскоўцы масава адпачываюць на вадаёмах. Прычым многія бавяць час не на абсталяваных пляжах, а стараюцца адасобіцца ад іншых, едуць туды, дзе мала або зусім няма людзей. І там можа здарыцца бяда, бо амаль усе адпачывальнікі купаюцца, нягле­дзячы на тое, цёплая вада або не.

Патруляваць Мядзелку рыхтуецца Дзмітрый Жураў

Праўда, дзякуючы вялікай растлумачальнай рабоце, якую вядуць з насельніцтвам старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Алег Іўко і ратаўнікі, у апошні час жыхары раёна пачалі разу­мець, якую небяспеку тоіць у сабе вада, і праяўляць большую культуру паводзін на ёй. Напрыклад, рыбакі бяруць з сабой у лодкі выратавальныя камізэлькі. У месцах масавага адпачынку менш стала нецвярозых купальшчыкаў і тых, хто скача ў ваду з лодак і катамаранаў. Таксама зменшылася колькасць грама­дзян, якія купаюцца ў забароненых для гэтага месцах.

Сказанае пацвярджае статыстыка. З 2017 года на Пастаў­шчыне не было ніводнага выпадку ўтаплення падчас купання. Мінулым летам у зоне сваёй адказнасці на рацэ Мядзелцы работнікам станцыі давялося ратаваць усяго двух чалавек — дарослага і дзіця. Але пры гэтым на працягу года ў выніку няшчасных выпадкаў, звязаных з вадой, загінулі чацвёра жыхароў раёна.

 — Наша першачарговая задача — максімальна знізіць верагод­насць гібелі людзей на вадзе, — кажа Дзмітрый Жураў. — Для яе паспяховага вырашэння маем неабходнае выратавальнае абсталяванне і рыштунак. Год назад атрымалі спецыяльны аўтамабіль з фаркопам. Да яго можна прычапіць лафет, пагрузіць плавальны сродак і дабрацца да любога вадаёма. Але галоўнае, канешне ж, калектыў. На працягу доўгага часу ён у нас не мяняецца і ўяўляе сабой адзіны зладжаны механізм, усе прадстаўнікі якога добра ведаюць свае абавязкі, а ў выпадку неабходнасці могуць разлічваць на дапамогу адно аднаго. Усяго ў штаце станцыі 13 чалавек. Працуем у дзве змены. У кожную ўваходзяць два вадалазы, матарыст, матрос-ратаўнік і медык.

Дык чым цяпер займаюцца работнікі станцыі? Аказваецца, да пачатку ледаставу яны праводзілі штодзённыя трэніроўкі па пагружэнні, якія адновяцца, калі Мядзелка як след замерзне. Пакуль жа больш часу ўдзяля­юць нясенню вахтавай службы. Не забываюць і пра работу з насельніцтвам: распаўсюджваюць прафілактычныя лістоўкі, па магчымасці выступаюць у школах, працоўных калектывах і вучаць дзяцей і дарослых правільным паводзінам на вадаёмах і каля іх. Прымаюць у сябе экскурсіі з навучальных устаноў.

Калі гаварыць у цэлым, то асабліва цесна на працягу года калектыў станцыі супрацоўнічае з Пастаўскім дзяржаўным каледжам і раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. З ліку навучэнцаў каледжа штогод рыхтуе не менш за 15 грамадскіх матросаў-ратаўнікоў, а з работнікамі РАНС рэгулярна праводзіць сумесныя трэніровачныя заняткі. Яны не толькі даюць магчымасць адтачыць прафесійнае майстэрства, але і вучаць прадстаўнікоў дзвюх арганізацый узаемадзейнічаць паміж сабой у складаных сітуацыях.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.