Профсоюз огласил результаты ежегодной республиканской акции «Наш животновод»

Сельское хозяйство

Падзякавалі за старанне

У краіне штогод у перыяд зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы праходзіць рэспубліканская прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод». У мінулую сераду ў яе рамках першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Эдуард Януковіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў з узнагародамі і салодкімі падарункамі адправіліся на фермы раёна.

— Акцыя ініцыявана Рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў АПК і Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь,  — расказваў Аляксей Філімонаў. — Цяпер ушаноўваем тых, хто дабіўся найлепшых вынікаў у лістападзе-снежні.

Аляксей Філімонаў уручае дыплом Але Ліхімовіч з СП «Дунілавічы-агра»

Гаспадаркі нашага раёна падзелены на тры групы. У першай паміж сабой спаборнічаюць работнікі ферм ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра», у другой — ААТ «Кураполле-агра», СП «Ляхаўшчына-агра» і груздаўскага аддзялення АБП «Рассвет Пастаўскі», у трэцяй — ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Янавіца-агра», «Ярэва-агра» і СП «Дунілавічы-агра».

Першым пунктам наведвання стала ААТ «Хацілы-агра». Тут вытворчасць малака за мінулы год склала 111 373 цэнтнеры. Сярэдні надой ад каровы — 7 314 кілаграмаў. Найвышэйшыя надоі — на рабатызаваным комплексе «Волахі». За лістапад-снежань самага высокага надою дасягнула Ларыса Чашун з фермы «Волахі» — ад кожнай каровы яна атрымала па 1 051 кілаграму малака. У гэтыя дні Ларыса Аляксандраўна знаходзіцца ў водпуску. Але прыйшла на ферму, каб з рук старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі атрымаць дыплом і грашовую прэмію. Стараюцца і аператары машыннага даення кароў на звычайных фермах.

Найвышэйшых надояў у ААТ «Кураполле-агра» дабіваецца Данута Руткоўская

Наступны прыпынак — ферма ў Кураполлі. Кіраўнік гаспадаркі Васілій Касцень быў заклапочаны. «Напярэдадні выплацілі зарплату, і сёння многія не выйшлі на работу, — патлумачыў. — Як пры такіх адносінах людзей да даручанай справы даб’ешся добрага выніку?»— У вашай гаспадарцы хапае кармоў, яны нядрэннай якасці, — гаварыў Эдуард Януковіч, звяртаючыся да жывёлаводаў. — У групы ўводзіцца шмат першацёлак. Ад правільнага і якаснага раздою залежыць, якія ў будучым з іх атрымаюцца каровы. Пік надояў прыходзіцца на 4-ю і наступныя лактацыі. І той, хто стараецца, дабіваецца найвышэйшых надояў.

Сярод такіх Данута Руткоўская. За лістапад-снежань сярэдні надой у яе групе склаў 741 кілаграм малака. Эдуард Януковіч і Аляксей Філімонаў па­дзякавалі жанчыне за сумленную працу, пажадалі ёй і ўсяму калектыву поспехаў і настойлівасці.

У Дунілавічах на міні-сход сабраліся не толькі аператары машыннага даення. Прыехалі кіраўнік гаспадаркі Андрэй Сарапененка і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Тэрэза Пайлак. У пакой адпачынку ішлі праз ферму. Я звярнула ўвагу на парадак: стойлы вычышчаныя, падсыпаныя апілкамі.

Ларыса Чашун з фермы «Волахі» ААТ «Хацілы-агра»

— З кармамі ў вас сёлета скупавата, — канстатаваў Эдуард Януковіч. — Таму старайцеся выкарыстоўваць іх ашчадна. Вядома, што вынікі ў вялікай ступені залежаць ад чалавечага фактару. І гэта сваім стараннем даказваюць аператары вашай гаспадаркі. Летась у няпростых умовах вы змаглі атрымаць у сярэднім па 3 600 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. А Святлана Косінец з сяргеевіцкай фермы надаіла амаль па 5 тысяч. 

За ўказаны перыяд найвышэйшы надой (519 кілаграмаў) у Алы Ліхімовіч. Да прыняцця ўказа аб павелічэнні пенсійнага ўзросту жанчына ўжо мела б права на пенсію. Ала Антонаўна не шкадуе ні сіл, ні часу на догляд жывёлы. Таму і вынік адпаведны. За мінулы год сярэдні надой у яе групе склаў 3 748 кг.

— Для мяне як старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК вельмі важна сустракацца з тымі, хто штодзённа шчыруе на фермах, — гаварыў Аляксей Філімонаў. — Падчас наведвання звяртаю ўвагу на захаванне тэхнікі бяспекі, санітарна-бытавыя ўмовы і, вядома ж, не шкадую добрых слоў для добрасумленных работнікаў, уручаю дыпломы і прэміі найлепшым.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.