«Не надо плакать, мамочка. У нас же все хорошо». Инна Гапон полностью посвятила себя больной матери

Общество

Калі я не побач з мамай, то вельмі непакоюся

Якія светлыя і адухоўленыя твары ў маці і дачкі! Нягледзячы на цяжкае выпрабаванне, што выпала на іх долю.

Пазнаёміцца з Ларысай Мікалаеўнай і Інай Гапон з вёскі Ляхаўшчына мне параіла старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы. Адразу ўразілі дагледжаны цагляны дом і сельскагаспадарчая тэхніка ля яго. Як пазней даведалася, гаспадар займаўся фермерствам. Зараз ён на пенсіі, але дома не было — знаходзіўся ў санаторыі. Іна сустрэла мяне ў двары — якраз спяшалася з хлява (сям’я трымае шмат жыўнасці) і адразу ж падзялілася радасцю: «А ў нас прыбаўленне! Сёння каза двух казлянятак прывяла!»

У доме — пах свежай фарбы. «Пакуль тата ў санаторыі, абнавіла падлогу ў яго пакоі», — патлумачыла дзяўчына. А я не магла не заўважыць, што паўсюль ідэальны парадак. У пакоі Ларысы Мікалаеўны — абразы і мноства іншых рэлігійных выяў. Гаспадыня сустракае ўсмешкай, але ёй цяжка вымавіць нават словы прывітання. Былая настаўніца — інвалід І групы. Рассеяны склероз прагрэсіруе ўжо 16 гадоў і бязлітасна разбурае яе арганізм. Мінулым летам яшчэ і інсульт здарыўся, паралізавала правую частку цела. Тры тыдні праляжала ў бальніцы, і ўвесь час побач з маці знаходзілася клапатлівая дачка. Працягваюць змагацца з наступствамі інсульту і дома — распрацоўваюць руку і нагу, і яны сталі крыху рухацца. А вось з маўленнем горш.

Усю сваю любоў Іна Гапон аддае маме

— Але ўсё роўна мы з мамай кожны дзень шмат часу праводзім у малітвах, любім слухаць царкоўныя песні, — дзялілася Іна. — Дзякуем Богу за кожную хвіліну жыцця. Усё па Яго волі, і з усім з Яго дапамогай спраўляемся. У нядзелю і рэлігійныя святы я езджу на службу ў варапаеўскую царкву, а да мамы адзін раз у месяц прыязджае айцец Георгій. Люблю глядзець праваслаўны тэлеканал «Саюз». Іншыя мяне не цікавяць, не маю інтарэсу і да інтэрнэту.

Дзяўчына цалкам прысвяціла сябе служэнню хворай маці. Яна адлучаецца ад матулі толькі тады, калі едзе ў царкву, ідзе ў магазін або спраўляецца з гаспадарчымі справамі. Увесь астатні час, днём і ноччу, побач.

— Мама сядзіць на ложку, глядзіць у акно, слухае царкоўныя песні. Я магу абняць яе, пагладзіць рукі, прытуліцца, і гэта радуе, — прачулена гаварыла дзяўчына. — А калі адлучаюся на некалькі гадзін, вельмі непакоюся, як там мамачка без мяне.

Ларыса Мікалаеўна слухае нашу размову, і яе вочы напаўняюцца слязамі. «Не трэба плакаць, мамачка. У нас жа ўсё добра», — супакойвае Іна і абдымае яе з такой любоўю, пяшчотай і адданасцю, што і ў мяне набягае сляза.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.