Невозможно расстаться с небом! Полет на параплане — это море адреналина и ярких эмоций

Важное Общество

А ім лятаць ахвота…

Сонечны летні дзень. З сынам і ўнукам едзем на машыне з Навінак у Паставы. Ля Баравіннікаў, дзе вельмі даўно дзейнічаў аэраклуб калгаса імя Суворава, падлетак эмацыянальна ўсклікае: «Зірніце ў неба!» А там у бяскрайняй сінечы кружаць ажно тры яркія парапланы! Як было не спыніцца ў захапленні?

Дачакаліся прызямлення першага. З радасцю пазнаю пастаўчаніна Мікалая Гірвеля. Падпалкоўнік у адстаўцы, зараз — настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі, асноў бяспекі жыццядзейнасці і фізічнай культуры і здароўя Камайскай СШ, выкладчык шатакан каратэ-до ў пастаўскім маладзёжным ваенна-спартыўным клубе «Азімут».        

А хіба мог ён, былы ваенны лётчык, назаўжды развітацца з небам? Безумоўна, не. Калі стала немагчымым сядаць за штурвал самалёта, Мікалай Мікалаевіч захапіўся парапланёрным спортам і займаецца ім ужо шмат гадоў. Больш за тое, зарэгістраваны кіраўніком палётаў у Цэнтры адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху ў ваенным сектары і штабе супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь. Падае туды заяўкі на іх правядзенне, дакладвае пра пачатак і завяршэнне.    

 У той дзень побач з Мікалаем Гірвелем узнялі ў неба над Навасёлкамі свае парапланы Ігар Дым з Мінска і Андрэй Баярыньш з Шаркаўшчыны.

— Мы сябры і аднадумцы, — гаварылі мужчыны. — Захапляемся палётамі на парапланах і далучаем да гэтага іншых, збіраемся на злёты. Праходзіў такі злёт і на Пастаўшчыне, у ім удзельнічала каля паўсотні парапланерыстаў.

Пераконвалі, што авалодаць гэтым відам спорту не так і складана. Трэба толькі асмеліцца, акрамя таго — назубок вывучыць усе інструкцыі і дакладна іх выконваць, цвёрда падпарадкоўвацца камандам інструктара.

Я не асмелілася сесці ў параплан нават побач з інструктарам — стрымала акрафобія. Заставалася толькі слухаць суразмоўцаў пра выкід адрэналіну, мора станоўчых эмоцый, чароўныя віды Беларусі, убачаныя з вышыні. І па-добраму зайздросціць тым, хто лятае, як птушкі.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.