ОАО «Новоселки-Лучай» активно участвует в районном соревновании среди молодых операторов машинного доения и животноводов

Сельское хозяйство

У чаканні надояў і прываг

У лістападзе мінулага года ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкам БРСМ аб’явілі аб правядзенні раённага спаборніцтва сярод маладых аператараў машыннага даення і жывёлаводаў. Да ўдзелу ў ім запрасілі членаў маладзёжнай арганізацыі з усіх сельскіх гаспадарак Пастаўшчыны.

Найбольшая колькасць канкурсантаў — 10 чалавек — з ААТ «Навасёлкі-Лучай».

Адзін з такіх — заатэхнік аддзялення «Лучай» Дзмітрый Міхалькоў. У гаспадарцы ён не навічок. Спачатку шчыраваў паляводам, а з мінулага года пад пільным наглядам галоўнага заатэхніка ААТ «Навасёлкі-Лучай» Івана Кісяля на практыцы спасцігае ўсе нюансы прафесіі заатэхніка.

У гэтым жа аддзяленні даглядчыкам жывёлы працуе Наталля Татарэнка. Уладкавалася сюды год назад. Да гэтага паспрабавала сябе ў якасці сацработніка. Сцвярджае, што працаваць на ферме лягчэй, у першую чаргу з-за адсутнасці раз’ездаў. Радуе і зарплата. У абавязкі Наталлі ўваходзіць дарошчванне цялушак. Яна сочыць за станам іх здароўя, рэжымам кармлення і своечасовым пакрываннем, парадкам у кароўніку.

Амаль аналагічныя абавязкі і ў цялятніцы малочнатаварнай фермы «Коўзаны» Ірыны Мельнікавай. Праўда, яе гадаванцы значна меншыя — даглядае цялят з моманту нараджэння і да двух месяцаў. Іх тройчы ў дзень поіць малаком, раздае камбікорм, дабаўкі і вітаміны, сочыць за паводзінамі, каб пры якіхсьці зменах папярэдзіць ветэрынара. Падтрымлівае чысціню ў прафілакторыі: прыбірае клеткі, мяняе падсцілку, падмятае, мые бочкі, вёдры і г.д. У многім менавіта ад яе ўважлівых адносін да маладняку залежыць, як той расце, набірае вагу. Зараз Іра даглядае каля 170 цялят, летам іх колькасць дасягае 300 галоў. І хоць сама працуе тут усяго паўгода, паспела ўнікнуць ва ўсю «кухню» так, што ўжо вучыць маладых цялятніц.

Яе калега — жывёлавод і падменны аператар машыннага даення Кацярына Масінкевіч — уладкавалася на МТФ «Коўзаны» з дня яе адкрыцця. Папрацавала тут 2 месяцы і была пераведзена ў аддзяленне «Стары Двор». Праз 2 гады зноў вярнулася на рабатызаваную ферму. Задачы Кацярыны — падганяць на дойку кароў, якія спазніліся. Іх вызначаюць па асабістым нумары. Кацярыне даводзіцца сачыць і за расцёламі, і за чысцінёй памяшканняў, і за спраўнасцю робатаў (нязначныя тэхнічныя непаладкі ліквідуе сама, пра больш сур’ёзныя паведамляе слесару). Смяецца, што за 12-гадзінную змену паспявае заўважыць, ці не сумныя вочы ў кожнай з яе рагуль. Вядома, ёсць і любіміцы, якім дае мянушкі і заўсёды выхоплівае позіркам у статку, з якімі размаўляе. Адна з іх — Машка, якой з дома прыносіць ласункі: хлеб і семкі. 

— Кацярына і Ірына — адны з найлепшых работніц нашай фермы, — прадстаўляла мне сваіх падначаленых загадчыца фермы Валянціна Мацур. — Упэўненая, што ў спаборніцтве яны возьмуць сваё! Балеем за нашых дзяўчат. Усім астатнім — поспеху!

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.