Обувного дела мастер. Поставчанин Анатолий Костень занимается ремонтом обуви около 6 лет

Важное Общество

Абутковай справы майстар

Рамонтам абутку пастаўчанін Анатолій Касцень займаецца каля 6 гадоў. Самыя частыя заказы, з якімі прыходзяць кліенты, — падклеіць або замяніць падэшву, пераставіць маланку ці набойкі. Бізнес хоць і сезонны, але прыбытак прыносіць. І задавальненне ад работы.

— У прафесію прывяла… траўма, — расказваў суразмоўца. — У выніку яе мая правая нага стала карацейшая на 5 сантыметраў. Спатрэбіўся спецыяльны абутак. Зрабіць яго доўга ніхто не браўся. У выніку ў якасці эксперыменту згадзілася адна прыватная майстэрня з іншага горада. Мадэль давялося ўдасканальваць самому, бо хадзіць у ёй не змог: было такое адчуванне, што да нагі прывязана цагліна.

Мой тата ў 30-я гады мінулага стагоддзя прахо­дзіў навучанне ў яўрэя-­абутніка. І хоць пасля вайны працаваў у будаўнічай галіне, навыкаў сваёй першай прафесіі не забываў. Навучыў і мяне. Так што я пачынаў не з нуля.

Анатолій Касцень прымае заказ

Амаль год Анатолій вывучаў тэорыю ў інтэрнэце, потым браў прыватныя ўрокі ў адной з майстэрань Кобрына. Першыя заказы прымаў і выконваў дома. Калі ж прачытаў пра адкрыццё Школы сельскага бізнесу ў Камарове, вырашыў, што гэта шанц, і адправіўся праходзіць базавы курс бізнес-планавання. Дарэчы, пасля навучання неабходна было прадста­віць на конкурс канкурэнтаздольны бізнес-план. Пераможцы — а гэта 5 чалавек з 15 — атрымалі грант у памеры 5 тысяч еўра. Сярод іх і Анатолій Нікандравіч. За выдзеленыя грошы ён набыў вагончык, у якім зараз і прымае наведвальнікаў, станкі для рамонту абутку, фен «Бош» для стварэння прафесійных клеявых злучэнняў, бор-машыну, безліч інструментаў і расходнага матэрыялу высокай якасці.

— Напрыклад, на набойкі з поліурэтану даю гарантыю на паўгода. Калі за гэты час зносяцца — замяню бясплатна. Але такога ні разу не было, бо матэрыял для набоек якасны, носіцца па некалькі сезонаў, — працягваў Анатолій Касцень. — Не толькі рамантую пералом падэшвы, але і раблю новую. Магу на спецыяльным абсталяванні расцягнуць скураны абутак (ёсць насадкі для жаночага і дзіцячага) у вобласці ступні і галёнкі. Расцягваюць новыя туфлі, чаравікі альбо боты тыя, у каго выпірае костачка. Маю і такую насадку. Разам з сучаснымі інструментамі і матэрыяламі карыстаюся лапай для рамонту падэшвы, якую калісьці выкаваў у кузні дзед для майго таты.

Майстар ва ўсім імкнецца адпавядаць часу, вучыцца новаму. У прыватнасці, каб не было блытаніны, стварыў электронную базу кліентаў, рэкламуе свае паслугі ў сацыяльных сетках, сцвярджае, што прашыўка абутку, якую вельмі часта просяць зрабіць кліенты, — учарашні дзень і псуе рэч. Насустрач заказчыкам Анатолій імкнецца ісці і ў рэжыме работы. Паколькі вагончык знаходзіцца непасрэдна перад яго домам па завулку Заводскім, можа выдаць альбо прыняць абутак фактычна ў любы час, шчыруе без выхадных.

— З набыццём вагончыка, новага абсталявання і інструментаў кліенцкая база павялічылася, — адзначае прадпрымальнік. — Але, нягледзячы на ўвесь прагрэс, галоўным інструментам абутніка па-ранейшаму застаецца адвёртка, а найлепшай рэкламай — «сарафаннае радыё».

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.