Первый в новом году Единый день информирования был посвящен вопросам занятости населения и заработной плате

Общество

Рынак працы: занятасць і зарплата насельніцтва

Першы ў новым годзе адзіны дзень інфармавання, які прайшоў 16 студзеня, быў прысвечаны пытанням занятасці насельніцтва і заработнай плаце.

Пра рынак працы ў нашай краіне калектыву раённага вузла паштовай сувязі паведаміла галоўны спецыяліст аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Варабей. Яна адзначыла, што ў Беларусі пытанні цэнаўтварэння, наяў­насць працоўных месцаў, выплата зарплат, іх памер, роўна як і пенсій, знаходзяцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы, паколькі яны найбольш хвалююць нашых суайчыннікаў.

У прыярытэце –  інтарэсы працоўных

Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта краіны, рэальныя грашовыя даходы павялічваюцца. Так, у студзені-кастрычніку мінулага года яны склалі 106,6% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2018-га. У агульным аб’ёме грашовых даходаў асноўную частку займае аплата працы работнікаў — 64,1%. Даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці складаюць 7,8%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і г.д.)  — 23,4%, даходы ад уласнасці — 2,3%, іншыя (латарэйныя выйгрышы, даходы ад продажу другаснай сыравіны і г.д.) — 2,4%.

Падчас адзінага дня інфармавання раённы вузел паштовай сувязі наведалі Таццяна Варабей і Аляксандр Мядзелка

Стабільная эканамічная сітуацыя ў краіне дазволіла павялічыць і памер мінімальнай зарплаты, якая з’яўляецца адным са складальнікаў сацыяльнай абароны працоўных. Пла­ціць менш за гэту суму чалавеку, які аформлены на поўную стаўку і выконвае нарматыўны аб’ём работ, не дазваляецца. З 1 студзеня бягучага года мінімальная зарплата ўстаноўлена ў памеры 375 рублёў. За год яна павялічылася на 45 рублёў. Адпаведна, выраслі і ўсе астатнія зарплаты.

Новае і актуальнае

Новаўвядзенне бягучага года — спрашчэнне разліку аплаты працы бюджэтнікаў. Цяпер налічэнняў стане менш і яны будуць «празрыстымі». Разам з тым ні ў якім разе нельга панізіць зарплаты ў параўнанні з мінулым годам. Прыярытэтны напрамак — паэтапнае павышэнне аплаты працы работнікам арганізацый бюджэтнай сферы (установы аховы здароўя, адукацыі і культуры), якія адыгрываюць істотную сацыяльную ролю.

Для вырашэння праблем у сферы аплаты працы органамі дзяржаўнага кіравання вядзецца пастаянны маніторынг арганізацый, якія маюць цяжкасці па выплаце зарплат. Ажыццяўляецца комплекс мер, накіраваных на пашырэнне і пошук новых рынкаў збыту прадукцыі, заказаў на яе вытворчасць, мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Аказваецца садзейнічанне арганізацыям у прыцягненні дадатковых пазыковых сродкаў. Праводзіцца фінансавае аздараўленне сельгасарганізацый. За выяўленыя парушэнні парадку і тэрмінаў выплаты грошай вінаватыя прыцягваюцца да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці. Напрыклад, летась у Віцебскай вобласці заўвагі і вымовы атрымалі 135 кіраўнікоў арганізацый і 48 службовых асоб райвыканкамаў. На 1 студзеня 2020-га затрымак па выплаце зарплат у Пастаўскім раёне не было.

Садзейнічанне занятасці

Дзяржавай рэалізуюцца актыўныя меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва: садзей­нічанне ў працаўладкаванні беспрацоўным, іх прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка, накіраванне на аплатныя работы грамадскія, дапамога (у тым ліку грашовая) у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, інтэграцыя ў працоўную сферу мэтавых груп насельніцтва. Практыкуецца і перасяленне беспрацоўных і членаў іх сем’яў на новае месца жыхарства і работы з выплатай дапамогі. Усе пералічаныя праграмы паспяхова дзейнічаюць і ў нашым раёне. Вялікая ўвага надаецца стварэнню новых працоўных месцаў. У 2019 годзе на Пастаўшчыне іх колькасць склала 150, трэць прыпадае на гандлёвы комплекс «Суседзі».


Летась у службу занятасці райвыканкама звярнуліся 1 057 чалавек, 863 з іх працаўладкаваны.


Калі гаварыць пра ўзровень беспрацоўя ў раёне, то ён складае 0,6% (сярэднерэспубліканскі — 1%). На 76 беспрацоўных прыпадаюць 153 вакансіі. Не хапае медработнікаў і фармацэўтаў. А найбольшым попытам карыстаюцца рабочыя прафесіі: арганізацыі знаходзяцца ў няспыным пошуку электрыкаў, электраманцёраў, электрагазасваршчыкаў, токараў, вадзіцеляў.

Заклікана спрыяць хутчэйшаму пошуку работы і сціплая дапамога па беспрацоўі. Яе максімальная сума складае 2 базавыя велічыні (54 рублі). Прадугле­джана матэрыяльная дапамога ў памеры 1БВ, якая выплачваецца на працягу 6 месяцаў.

У рамках адзінага дня інфармавання начальнік міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Мядзелка азнаёміў прысутных з аператыўнай абстаноўкай ў раёне.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара

 

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.