Почему дикие животные все чаще стали появляться в деревнях Поставщины?

Экология

Сярод суседзяў ёсць мядзведзі

Ніколі на Лынтупшчыне не гаварылі пра ваўкоў так часта, як сёлета. У вёсцы Шудаўцы тры шэрыя драпежнікі апоўначы зайшлі прама ў хлеў. Двух гаспадары запаролі віламі, трэці ўцёк, але на наступны дзень быў злоўлены. Жыхары іншых вёсак расказвалі пра выпадкі, калі ваўкі ў дварах нападалі на сабак.

Тым часам на Варапаеўшчыне людзей напужала навіна: у Гуце паляўнічага сабаку раза­рваў… мядзведзь. А як вам інфармацыя пра тое, што на кантрольна-следавой паласе беларуска-літоўскай граніцы была заўважана рысь з чатырма рысянятамі? Сям’я драпежнікаў трапіла на камеры відэаназірання літоўскіх пагранічнікаў — тыя і размясцілі гэта захапляльнае хвіліннае відэа на сваім сайце.

Усе гэтыя факты настолькі ўразілі карэспандэнта «ПК», што яна папрасіла пракаменціраваць іх спецыяліста — вядучага інжынера па паляўнічай гаспадарцы Пастаўскага лясгаса. Размову пачалі з ваўкоў.

— Здаровая жывёла ў хлеў да чалавека не пойдзе, — патлумачыў Юрый Ракель. — Здымкі забітых ваўкоў, зробленыя ў Шудаўцах, пацвярджаюць, што тыя былі хворымі — у іх амаль адсутнічае поўсць. Тое, што драпежнікаў на Лынтупшчыне стала больш, — гэта факт. І ў многім з-за таго, што шмат гектараў лесу знаходзіцца ў пагранічнай паласе (яе межы былі істотна пашыраны ў 2014 го­дзе), у якой, па законе, паляваць забараняецца. Прывольнасці ваўкам дадае і тое, што вёскі вакол маланаселеныя, ніхто і нішто драпежнікаў не адпуджвае.  З’еўшы здабычу, зграя можа спакойна адлежвацца, набірацца сіл.

Юрый пацвярджае і такі факт, што на Пастаўшчыне водзяцца рысі і мядзве­дзі. «Касалапыя» былі заўважаныя і ў суседніх раёнах — Мядзельскім, Браслаўскім, Докшыцкім… Праўда, выпадкі адзінкавыя.

— Для чалавека рысі вялікай небяспекі не ўяўляюць. А вось казуль яны вынішчаюць, як і ваўкі, — гаварыў суразмоўца. — Пасля таго як у лесе амаль не стала дзікоў, менавіта казулі трапілі «пад прыцэл» драпежнікаў. Ваўку ў дзень патрэбна мінімум 2 кілаграмы мяса. Яго здабычай таксама становяцца качаняты, бабры, нават алені, ласі, якіх воўчая зграя можа ўлажыць без праблем. Таму рэгуляваць колькасць ваўкоў трэба. За год на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі Пастаўскага лясгаса паляўнічыя планава адстрэльваюць 10-15 асобін. Мы прасочваем іх хады, ведаем прыблізныя маршруты. Вялікая верагод­насць сустрэць ваўкоў каля вёсак Койры, Свірдуны, ва ўрочышчы Пушча каля Палесся. Праўда, калі фота нашых трафеяў з’яўляюцца ў інтэрнэце, многія пачынаюць абурацца, абараняючы жывёл, маўляў, зусім іх не шкадуем. Важна разу­мець, што гэта робіцца на карысць прыроды, а не наадварот.

Іна Сняжкова
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.