Поставчане приняли участие в рождественском фестивале религиозной песни «Звезда Вифлеема»

Духовность

На «Зорцы Бэтлеему» ззялі і зорачкі Пастаўшчыны

У пачатку студзеня ў Міёрах у 19-ы раз прайшоў калядны фестываль рэлігійнай песні «Зорка Бэтлеему».

Удзел у ім прымалі восем парафій Віцебскай дыяцэзіі, адна з Мінска і прадстаўніца пратэстанцкай царквы з Міёраў. Сярод канкурсантаў былі дзеці і моладзь Пастаўшчыны.

У намінацыі «Сола да 12 гадоў» першае месца журы прысудзіла Злаце Ярашэвіч з лучайскай парафіі. Дзяўчынка жыве ў Старым Двары, вучыцца ў 4 класе Навасёлкаўскай сярэдняй школы, наведвае мясцовую капліцу, у якой падчас Імшы нярэдка спявае псалмы. На конкурсе выконвала тры калядныя песні, адну з іх — на польскай мове.— У «Зорцы Бэтлеему» ўдзельнічала два гады назад і таксама заняла першае месца, — расказвала Злата Ярашэвіч. — Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы сястры законнай Таццяне, якая працуе пры касцёле Святога Арханёла Міхала ў Варапаеве, за маральную падтрымку падчас выступлення — ёй і сястры Мар’яне, якая вядзе ў нас заняткі рэлігіі. Выступленне кожнага ўдзельніка было цудоўным і адпавядала дэвізу конкурсу «Спяваем усім сэрцам!».

У намінацыі «Сола 12+» перамагла Крысціна Багушэвіч з варапаеўскай парафіі. Летась яна паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. Вучыцца па спецыяльнасці «Дырыжыраванне акадэмічным хорам».

— Выступаць на сцэне — для мяне справа прывычная, — дзялілася Крысціна Багушэвіч. — Колькі сябе памятаю — спяваю і актыўна ўдзельнічаю ў розных канцэртных праграмах. Закончыла Варапаеўскую дзіцячую школу мастацтваў. Выкладчыкам па вакале ў мяне была Ірына Гетнікава. Дапамагала рыхтавацца сястра законная Мар’яна. Праўда, часу на рэпетыцыі мела няшмат, таму хвалявалася. Два гады таму на «Зорцы Бэтлеему» спявала разам з Андрэем Малатоўнікам. Тады мы атрымалі прыз глядацкіх сімпатый. Сёлета, згодна з умовамі конкурсу, выконвала тры песні, адну з іх — пад акампанемент гітары Арцёма Кейзіка. Першае месца для мяне стала сапраўдным сюрпрызам.

Шаноўным госцем мерапрыемства быў ксёндз-біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. З яго рук пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі.

Анна Анішкевіч
Фота з архіва «Каталіцкага весніка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.