Поставчанка Екатерина Матюшонок побывала на Венском балу во Дворце Независимости

Главное Общество

Уражанняў – на ўсё жыццё

У першы дзень новага года канал «Беларусь 1» паказаў тэлеверсію Венскага балю, які 28 снежня адбыўся ў Мінску. Пастаўчане Галіна і Генадзій Мацюшонкі глядзелі трансляцыю з гонарам і асаблівым хваляваннем. А ўсё таму, што ўдзельніцай гэтага ўрачыстага мерапрыемства была іх дачка Кацярына, якая вучыцца на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Сама Каця ў той вечар таксама была ў Паставах, але за тэлекарцінкай назірала больш спакойна. Пасля ў інтэрв’ю мне казала: усе эмоцыі засталіся там, у Палацы Незалежнасці, куды яна будзе вяртацца ў думках, напэўна, усё жыццё.

…Яшчэ летам мама Кацярыны ў сюжэце пастаўскага тэлебачання прызналася, што яе мара — убачыць дачку на Прэзідэнцкім балі. Праўда, на ўвазе мела мерапрыемства, калі кіраўнік краіны збірае найлепшых выпускнікоў беларускіх ВНУ напярэдадні ўручэння дыпломаў.

— Літаральна праз некалькі месяцаў пасля гэтага я атрымала запрашэнне паўдзельні­чаць у Венскім балі, — гаварыла Каця. — Ад такой прапановы я не магла адмовіцца. У тым ліку і таму, што хацела ажыцця­віць маміну мару. Праўда, даючы згоду,  мала ўяўляла, што мяне чакае наперадзе. За 2 месяцы трэба было навучыцца танцаваць венскі вальс, польку, кадрылю, падэпатынер (танец пач. ХХ ст. — аўт.). Рэпеціравалі па суботах і нядзелях па 5 гадзін у дзень (прычым на абцасах!). У выніку ўсе па былі адточаны! Аднак за лічаныя хвіліны да пачатку балю ў мяне ўсё роўна дрыжалі калені. Хвалявалася, нібы замуж выходзіла! Прысутнічала столькі журналістаў, фатографаў, відэааператараў! Іх жа не было на рэпетыцыях, як і аркестра, шматлікіх ганаровых гасцей… Але як толькі загучала музыка і ўсе пачалі танцаваць — супакоілася і атрымлівала асалоду ад таго, што адбывалася вакол.

Першы ў гісторыі Беларусі Венскі баль наведаў шэраг прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання і дыпламатычнага корпусу. На ім вальсіраваў і сам Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, а таксама Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергіенка, міністры культуры, адукацыі, унутраных спраў…

Партнёрам Каці быў хлопец з акадэміі МУС. Баль адкрывалі 72 пары дэбютантаў — студэнтаў мінскіх навучальных устаноў, якія праявілі сябе ў вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Столькі ж таленавітых маладых людзей было запрошана з рэгіёнаў, якія за танцамі назіралі як гледачы.  Усяго ў той дзень у Палацы Незалежнасці сабралася больш за 360 чалавек.

Падчас сустрэчы мая суразмоўца паказала памятны падарунак, які застаўся ёй як напамін пра падзею, — арыгінальныя ёлачныя цацкі ручной работы.

Адразу пасля навагодніх свят Кацярына Мацюшонак вярнулася ў Мінск — распачыналася сесія. Чатыры папярэднія яна здала выключна на дзявяткі і дзясяткі, а таму ўключана ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Зрэшты, традыцыя вучыцца на выдатна  з’явілася ў дзяўчыны яшчэ падчас вучобы ў СШ №3, якую скончыла з залатым медалём.

На бюджэтнае аддзяленне факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі БДЭУ паступіла без цяжкасцей. З першых месяцаў студэнцтва ўключылася ў навуковую дзейнасць — мае ўжо больш за два дзясяткі публікацый у розных навуковых зборніках.

— Мне сапраўды падабаецца праводзіць час у бібліятэках, шмат чытаць, аналізаваць разнастайную інфармацыю, — адзначыла студэнтка. — Тым больш што навуковая работа адкрывае нямала перспектыў. Дзякуючы ёй у мяне была магчымасць удзельнічаць у міжнародных канферэнцыях. З верасня 2019 года я на сваім курсе ўзначальваю навуковае таварыства, што вельмі адказна і цікава. Напрыклад, нядаўна займалася арганізацыяй тэлемоста з в’етнамскімі студэнтамі, відэаканферэнцый з замежнымі пасольствамі. Гэта бясцэнны вопыт.

Дзяўчыне падабаецца выказванне: «Калі ты не ведаеш, куды плыць, то ні адзін вецер не будзе табе спадарожным». Таму яна не баіцца планаваць будучыню. У хуткім часе збіраецца прахо­дзіць практыку ў Міністэрстве гандлю і антыманапольнага рэгулявання. Адна з аддаленых мэт — паступленне ў магістратуру. 

Насычаная навуковая і грамадская дзейнасць патрабуе немалых сіл. Для Кацярыны найлепшае месца іх аднаўлення — бацькоўскі дом. Кожны прыезд у Паставы дорыць самыя светлыя эмоцыі, натхняе на далейшыя поспехі. Упэўненая, наперадзе іх яшчэ шмат.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Кацярыны Мацюшонак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.