Поставчанки поделились впечатлениями от участия в 42-й Европейской встречи христианской молодёжи во Вроцлаве

Духовность

У духу радасці і адзінства прайшла ў Вроцлаве (Польшча) напрыканцы мінулага – пачатку новага года 42-я Еўрапейская сустрэча хрысціянскай моладзі

Удзельнічалі ў ёй і чатыры пастаўчанкі, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Анастасія Врублеўская:

«Найперш хачу распавесці пра суполку Тэзэ, якая з’яўляецца арганізатарам гэтых сустрэч. Яна створана ў 1940 годзе ў французскім мястэчку з аднайменнай назвай. Прадстаўнікі суполкі працуюць у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Індыі, Бразіліі і іншых краінах. З мэтай аб’яднання ўсіх хрысціян свету праводзяць моладзевыя сустрэчы, як правіла, на рубяжы старога і новага гадоў і кожны раз у розных гарадах Еўропы. Першая прайшла ў 1978 годзе ў Парыжы. Польшча прымала хрысціянскую моладзь пяць разоў. У Вроцлаве яна збіралася ў 1988-м і 1995-м. У 1999-м сустрэча адбылася ў Варшаве, праз дзесяць гадоў — у Познані. Сёлета мне пашчасціла сустракаць Новы год разам з 15 тысячамі маладых людзей, якія прыехалі з 60 краін свету. Сярод іх было 400 беларусаў. Мова зносін — англійская. Паездка стала магчымай дзякуючы пробашчу пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксяндзу Андрэю Бульчаку. Ён узяў на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні».

Анастасія Касарэўская:

«Пра форум у Вроцлаве было аб’яўлена яшчэ ў 2018-м у Мадры­дзе. Я марыла на яго трапіць. Паехала з групай моладзі з Полацка, Віцебска, Мінска. У Вроцлаве сустрэлі валанцёры-беларусы і раздзялілі нас на групы. Пражывалі ў сем’ях або парафіяльных дамах. Дзень пачынаўся з ранішняй малітвы, затым было разважанне над Словам Божым, потым — сустрэча ў групах, дзе мы абмяркоўвалі пытанні, якія сёння хвалююць моладзь Еўропы. На семінарах дзяліліся вопытам хрысціянскага служэння, слухалі сведчанні веры сваіх равеснікаў з іншых краін, знаёміліся з мясцовымі традыцыямі. Цікава праходзілі экскурсіі па горадзе. Пасля агульнай вячэры — супольная малітва, пэўны час у цішыні. У навагоднюю ноч маліліся за мір ва ўсім свеце. Вельмі спадабаліся арганізацыя сустрэчы і гасціннасць мясцовых жыхароў».

Ева Дзісько:

«Удзел у форуме ў Вроцлаве стаў для мяне цудоўным навагоднім падарункам. Гэта ўнікальная магчымасць не толькі ўбачыць новыя мясціны, але і ўзрасці духоўна. Сустрэча яднала ўсіх: і ­ўдзельнікаў, і тых, хто прымаў пілігрымаў у сваіх дамах. Сумесная малітва, разважанні над Словам Божым дапамагалі разу­мець, што хоць усе мы розныя, але сабраліся дзеля аднаго — шукаць і праслаўляць Бога».

Анастасія Фярковіч:

«Агульная малітва праходзіла на забаўляльна-спартыўным комплексе «Зала Стагоддзя». Гэта помнік гісторыі, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Ен уключаны ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сустрэча была напоўнена духам радасці і адзінства. Гэта так здорава, калі ўсіх яднае Хрыстус! У такія моманты я адчувала сябе часткай паўсюднага Касцёла. У навагоднюю ноч, падчас «Свята народаў», моладзь праз песні, танцы, сцэнкі дэманстравала традыцыі сваёй краіны. Мы былі ў групе разам з італьянцамі, палякамі і харватамі. Беларусы прапанавалі ўдзельнікам форуму цікавую гульню.

Еўрапейская сустрэча моладзі — добрая нагода адчуць духоўнасць іншых народаў, дух сапраўднага хрысціянскага адзінства і атрымаць асалоду ад знаёмства з рознымі славутасцямі».

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.