Поставские спасатели напомнили жителям аг. Юньки о правилах пожарной безопасности

Безопасность

Бяду можна прадухіліць

Які адзіны нумар выкліку экстранных службаў? Чым карысны мабільны дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач»? Як карыстацца вогнетушыцелем і што рабіць, калі загарэўся электрапрыбор? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні на тэму пажарнай бяспекі 24 студзеня гучалі ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры. У рамках акцыі «Бяспека ў кожны дом» тут адбылася сустрэча мясцовага насельніцтва з першым намеснікам начальніка Пастаўскага РАНС Віталіем Ожалем. Прысутнічаў на мерапрыемстве і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

Выступае Віталій Ожаль

У пачатку выступлення прадстаўнік РАНС агучыў сумную статыстыку: летась на Пастаўшчыне адбылося 39 пажараў, на якіх загінулі 4 чалавекі. Часцей за ўсё трагедыі здараюцца з-за бесклапотнасці саміх людзей.

— Пра выкананне правіл пажарнай бяспекі насельніцтву трэба нагад­ваць пастаянна, — адзначыў Віталій Ожаль пасля мерапрыемства. — З гэтай мэтай райаддзел па надзвычайных сітуацыях на працягу года ладзіць інфармацыйныя сустрэчы як у горадзе, так і ва ўсіх сельсаветах раёна. Нагадваем пра неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, як карыстацца пярвічнымі сродкамі пажаратушэння… Дастукацца да свядомасці людзей дапамагаюць відэаролікі, у якіх яскрава паказаны страшныя наступствы неасцярожнага абыходжання з агнём.

Выступае Віталій Ожаль

Шмат такіх жудасных карцін можна рэгулярна ўбачыць у СМІ. Сумныя навіны пра пажары і іх ахвяры ці не штодня прыходзяць з самых розных рэгіёнаў краіны. Так, 27 студзеня на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з’явілася інфармацыя пра дзве трагедыі на Віцебшчыне: падчас пажару ў Глыбоцкім раёне загінула 96-гадовая пенсіянерка, такі ж лёс напаткаў 65-гадовага жыхара Шуміліна. 

Усяго за першы месяц 2020-га на Пастаўшчыне адбыліся 4 пажары, на адным з іх загінуў чалавек. Ці бу­дзе змяншацца колькасць трагедый у наступныя месяцы, у многім залежыць ад саміх людзей.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.