Председатель районного объединения профсоюзов Инна Далецкая рассказала о VII отчетно-выборной конференции Витебского областного объединения профсоюзов

Общество

Быць разам з чалавекам працы

16 студзеня адбылася VII справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У яе рабоце ўдзельнічала і старшыня Пастаўскага раённага аб’яднання Іна Далецкая. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла яе расказаць пра форум.

— На канферэнцыю разам са мной была дэлегавана старшыня пярвічнай прафарганізацыі УП ЖКГ Людміла Чатовіч, — пачала Іна Аляксееўна. — Прысутнічалі і высокія госці: старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, яго намеснік Уладзімір Пенін, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч, прафсаюзныя лідары са Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі.

З падрабязнай справаздачай за пяць гадоў выступіў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель. Ён адзначыў, што ў вобласці дзейнічаюць 15 галіновых прафсаюзаў, 23 раённыя і гарадскія аб’яднанні, амаль 2 800 пярвічных прафсаюзных арганізацый, якія аб’ядноўваюць больш за 400 тысяч членаў прафсаюза. За 2015—2019 гады створаны 544 пярвічкі, з іх 399 — у прыватным бізнесе. Наяўнасць прафсаюзаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях дае магчымасць складаць калектыўныя дагаворы, у якіх прапісаны дадатковыя правы, гарантыі, льготы для членаў прафсаюза. Як правіла, «мясцовая канстытуцыя» (так называюць калектыўныя дагаворы) абавязвае наймальніка рабіць захады да паступовага павышэння заработнай платы, назначэння некаторых выплат, выдзялення дадатковых сродкаў на ахову працы і здароўя работнікаў, арганізацыю адпачынку.

Іван Вазьміцель падкрэсліў, што дзейнасць абласнога аб’яднання прафсаюзаў за праваздачны перыяд была накіравана на падтрыманне стабільнасці ў грамадстве, забеспячэнне дысцыпліны і арганізаванасці на вытворчасці, святкаванне гістарычных дат і падзей, удзел у важных палітычных кампаніях краіны. Падчас парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў лістападзе мінулага года, прафсаюзны актыў падтрымаў тых кандыдатаў у дэпутаты, праграмы якіх адпавядалі інтарэсам людзей працы. Упершыню ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання выбраны прафсаюзныя лідары — старшыня Віцебскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Палякова і мой калега з Браслаўскага аб’яднання Павел Сільчонак, які стаў дэпутатам па Пастаўскай выбарчай акрузе №29. Цяпер Павел Мацвеевіч прадстаўляе інтарэсы пастаўчан і браслаўчан у парламенце, садзейнічае вырашэнню іх праблем на заканадаўчым узроўні.

Шмат увагі на канферэнцыі было ўдзелена планам і задачам на перспектыву. Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці прафсаюзаў Віцебшчыны застануцца пытанні рэалізацыі сацыяльнай палітыкі: развіццё адукацыі, духоўнасці і культуры, выхаванне маладога пакалення, умацаванне інстытута сям’і, сацыяльная абарона ветэранаў, прапаганда спорту і здаровага ладу жыцця і многае іншае. На кантролі прафсаюзаў па-ранейшаму ахова працы, папярэджанне выпадкаў вытворчага траўматызму, захаванне новаўвядзенняў у Працоўным кодэксе, якія набудуць моц у канцы студзеня гэтага года, умацаванне сацыяльнага партнёрства. Прадоўжыцца супрацоўніцтва з саветам ветэранаў, маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі. І, як заўсёды, на першым месцы будзе чалавек, яго здароўе, зарплата, пенсія, бяспека, жыллё. Быць побач з ім, падтрымаць і дапамагчы, абараніць інтарэсы — задача прафсаюзаў.

Высокую ацэнку рабоце абласнога аб’яднання прафсаюзаў даў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.