Профориентация. Полезная встреча учащихся военно-патриотического класса с представителями Института погранслужбы РБ

Образование Приграничье

На плячах у нас зялёныя пагоны

«Калі вы прасякнуты пачуццём патрыятызму, жадаеце дапамагаць людзям, нястомна стаяць на варце іх інтарэсаў — нам з вамі па дарозе. Чакаем у Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь!» Так завяршылі прафарыентацыйную сустрэчу з навучэнцамі ваенна-патрыятычнага класа СШ №4 прадстаўнікі названай ВНУ.

Расказаць пастаўскім школьнікам пра сістэму атрымання вышэйшай ваеннай адукацыі ў нашай краіне і за яе межамі на адзін з урокаў дапрызыўнай падрыхтоўкі прыйшлі старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы інстытута Сяргей Пятроў і курсант-трэцякурснік Яўгеній Аутка. Размову пачалі з таго, якія навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў у інтарэсах органаў пагранічнай службы Беларусі. Іх каля 15. У далейшым выпускнікі такіх устаноў папоўняць шэрагі беларускіх пагрангруп і атрадаў. А вось спазнаць сапраўдную пагранічную рамантыку, хадзіць па апошніх кіламетрах роднай зямлі можна толькі скончыўшы Інстытут пагранслужбы. Яго выпускнікі і размяркоўваюцца на пагранічныя заставы і пасты, у пункты пропуску, якія знаходзяцца непасрэдна на Дзяржаўнай граніцы краіны.

— Наша ВНУ рыхтуе афіцэраў-пагранічнікаў па 4 спецыяльнасцях: «Кіраванне падраз­дзяленнямі граніцы», «Кіраванне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю», «Аператыўная дзейнасць органаў пагранічнай службы», «Ідэалагічная работа ў органах пагранічнай службы», — расказваў Сяргей Пятроў. — Сёлета конкурс сярод хлопцаў склаў 2,5 чалавека на месца, сярод дзяўчат ён як мінімум удвая большы. Дарэчы, пачынаючы з гэтага года плануем залічваць па 5 дзяўчат штогод (два папярэднія гады набор не вёўся). Прадстаўніцы жаночага полу навучаюцца ў нас толькі па адной спецыяльнасці — гэта пагранкантроль. Даказана, што жанчыны лепш за мужчын распазнаюць фальшывыя дакументы.

Тым, хто збіраецца паступаць у сілавую ВНУ, Сяргей Валер’евіч парэкамендаваў прайсці загадзя (у 10 класе) псіхалагічны тэст і медабследаванне на прыгод­насць па маральна-дзелавым якасцям і стане здароўя. У гэтым выпадку будзе час для «манёўраў». Напрыклад, калі выявяцца праблемы са зрокам, можна будзе зрабіць яго лазерную карэкцыю.  Ну і, вядома, важна не забываць пра фізпадрыхтоўку: яе па-за конкурсам абавязкова здаюць усе абітурыенты, якія мараць стаць курсантамі.

Аднак паступіць у сілавую навучальную ўстанову — гэта толькі паўсправы. Вучоба ў ёй мае адметнасці. У прыватнасці, трэба рыхтавацца да строгай дысцыпліны і парадку, жыцця па Статуце.  А яшчэ — памятаць пра адказнасць перад падаткаплацельшчыкамі: курсант знахо­дзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, і дзяржава ў дзень траціць на яго прыблізна 50 рублёў. За чатыры гады вучобы набягае ўнушальная сума. Таксама афіцэр падрабязна расказаў пра курс маладога байца і прыняцце прысягі, якія чакаюць новаспечаных курсантаў, умовы пражывання ў інстытуце, харчаванне, парадак звальненняў, прывілеі для тых, хто добра вучыцца, і даў шмат карысных парад практычнай накіраванасці. А напрыканцы спытаў у кожнага навучэнца ваенна-патрыятычнага класа, куды плануе паступаць.

Расказ Сяргея Пятрова дапоўніў Яўгеній Аутка. Ён падрабязна распавёў пра адметнасці кожнай спецыяльнасці, якім навучаюць у інстытуце, зразумела, прарэкламаваўшы сваю — ідэалагічную работу. Набываючы яе, хлопцы атрымліваюць азы па ўсіх спецыяльнасцях, плюс вучацца таму, як падтрымлі­ваць маральна-псіхалагічны стан асабовага складу, арганізоўваць вольны час салдат і афіцэраў. 

— Наш інстытут мае гуманітарную накіраванасць, — даводзіў Яўгеній Аутка. — Вучыцца ў ім лёгка і цікава. Курсанты ўдзельнічаюць у самых разнастайных мерапрыемствах: культурных, інтэлектуальных, спартыўных. У прыватнасці, ходзім у музеі, тэатры, кінатэатры, на спартыўныя спаборніцтвы. Ла­дзім сустрэчы з іншымі ВНУ. Ёсць шмат магчымасцей заявіць пра сябе. Я, напрыклад, знайшоў сябе ў арганізацыі мерапрыемстваў, за што заўсёды заахвочваюся паездкамі дамоў, у Гродна.

Размова доўжылася цэлы ўрок. Але ў тых, хто зацікавіўся паступленнем у Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, пытанні не канчаліся: іх задавалі гасцям школы і ўвесь перапынак. Спыніў размову толькі званок на наступны ўрок.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.