Редакционный спецпроект «Поклонимся великим тем годам»: Капрал 1-й пехотной дивизии Эдмунд Симаненок

75 лет Победы

Не толькі мы шануем памяць

Я не ведаў роднага дзядзькі Эдмунда Сіманёнка (яго жыццё абарвалася за 6 гадоў да майго нараджэння). Але з дзяцінства шмат чуў пра яго ад родных і заўсёды памятаў. У службовым пасведчанні насіў фотаздымак дзядзькі, і ён, нібыта анёл-ахоўнік, аберагаў мяне.

Эдмунд Сіманёнак

Старэйшы татаў брат Эдмусь нарадзіўся ў 1913 годзе. Маленькім хлопчыкам ён зведаў бежанскае жыццё: калі фронт наблізіўся да вёскі, разам з бацькамі апынуўся ў Петраградзе. Пасля рэвалюцыі і яе наступстваў — бязладдзя і голаду — яны вярнуліся на радзіму. Ад’язджалі з Расійскай імперыі, вярнуліся ў перыяд фактычнага безуладдзя, пакуль не ўсталявалася Польская дзяржава. Хлопчык падрос, закончыў сямігадовую школу, адслужыў у войску. Служ­ба, відавочна, давалася яму без асаблівых цяжкасцей, бо дарос да звання капрала. (Капрал — падафіцэрскае званне. Каб яго атрымаць, трэба было мець адпаведную адукацыю, здаць нарматывы па стральбе і іншыя.)

У 1944 годзе, пасля вызвалення Пастаўшчыны ад фашысцкіх захопнікаў, Эдмунда прызвалі на фронт. Ён, капрал польскай арміі, аўтаматычна атрымаў та­кое ж званне ў 1-й арміі Войска Польскага, якая была створана з палякаў і апалячаных беларусаў, прызваных з земляў колішняй Рэчы Паспалітай. Абучаныя салдаты пад канец вайны былі запатрабаваныя.

Камандуючы фронтам Георгій Жукаў накіраваў гэтую армію спачатку на Варшаву (баі 14—19 студзеня 1945 г.), потым, пасля фарсіраванага маршу на Быдгашч, паставіў задачу ра­зам з 61-й, 47-й арміямі (злева) і 2-м гвардзейскім кавалерыйскім корпусам (справа) штурмаваць так званы Паморскі Вал (гэта ланцуг жалезабетонных дотаў-бункераў, збудаваных нем­цам! ў перыяд з 1932—1945 гг.). Няцяжка ўявіць, што адчуваў звычайны салдат-пехацінец, ідучы ў атаку супраць ворага, абароненага таўшчэзнымі бранявымі плітамі… 1-я армія Войска Польскага «прагрызала» сваю частку Паморскага Валу на працягу 10 дзён, страціўшы больш за 10 тысяч чалавек забітымі і параненымі, і толькі к 12 лютага выйшла на рубеж Жабін—Сосніца, дзе немцы наноў арганізавалі абарону ўжо ў траншэях.



Капрал 1-й пяхотнай дывізіі Эдмунд Сіманёнак цудам уцалеў у пачатку штурму Паморскага Валу. Але 17 лютага падчас чарговай атакі на нямецкія пазіцыі паміж Міраслаўцам і Жэсніцай быў цяжка паранены. Яго перавезлі ў шпіталь г. Злотува, аднак раны аказаліся несумяшчальныімі з жыццём. 20 лютага 1945 года ён памёр і быў пахаваны на вайсковых могілкаху Злотуве.



Я неаднаразова перачытваў у дзяцінстве рукапісную копію пахавальнага ліста на дзядзьку, і назва горада Флятаў (ранейшая назва Злотува) трывала замацавалася ў памяці. І вось у лістападзе мінулага года мы з жонкай вырашылі паехаць туды, на магілу дзядзькі. Нашы дарослыя дзеці палічылі паездку чыстай авантурай і адгаворвалі ад яе, бо ў нас не было ні папярэдне купленых білетаў, ні гасцінічнай броні. Мелі толькі рукапісную дарожную карту з раскладам руху цягнікоў, магчымых пунктаў перасадак. А іх у адзін бок ажно чатыры. І — дзіва! — білеты, хоць і апошнія, купілі, гатэльныя нумары паблізу вакзалаў здымалі без праблем. Нават цягнік, які ідзе праз усю Польшчу, дачакаўся нашага двухвагоннага, які крыху спазніўся, і мы пераселі. Напэўна, Бог і анёл-ахоўнік паспрыялі.



На вайсковых могілкаху Злотуве пахавана 1 858 воінаў, у тым ліку 1116 жаўнераў Войска Польскага (з іх невядомыя — 535), 742 чырвонаармейцы (з іх невядомыія — 653).



На вайсковых могілках у Зло­туве пахавана 1 858 воінаў, у тым ліку 1 116 жаўнераў Войска Поль­скага (з іх невядомыя — 535), 742 чырвонаармейцы (з іх невядо- мыя — 653). Пасярод могілак знаходзіцца белы абеліск, нібы схілены ў паклоне, злева ад яго праваслаўны крыж і адпаведна магілы салдат Чырвонай арміі, справа — каталіцкі крыж і магілы жаўнераў Войска Польскага. Паколькі бетонныя надмагіллі абветрыліся, Адміністрацыя го­рада вырашыла да 75-годдзя Перамогі замяніць бетонныя надмагіллі на гранітныя. На гэтыя мэты з бюджэту горада і спонсарамі выдзелена сума 180 тысяч злотых! Рамонтныя работы на могілках вяліся і ў дзень нашага наведвання. Як яны сталі выглядаць пасля аднаўлення, бачна на здымках рэдактара злотуўскай старонкі ў інтэрнэце pzl24.pl пана Януша Юстыны, якія ён даслаў мне пазней па электроннай пошце. За што яму шчыры дзякуй. І асаблівую падзяку хачу выказаць уладам горада Злотува за ўзорнае ўтрыманне вайсковых могілак.

На магіле Эдмунда Сіманёнка ў г. Злотуве, Польшча

Ва «ўжэндзе мяста» (па-нашаму гарсавеце) захоўваюцца як машынапісныя спіскі пахаваных у ваенны час, так і кніга, якую напісаў прафесар-гісторык Ёахім Здрэнка, з дапоўненымі спіскамі спачылых на ваенных могілках не толькі Злотува, але і іншых. Старонку з гэтай кнігі я сфатаграфаваў на службовым стале пана Кшыштафа Сікоры, які адказвае за камунальную га- спадарку горада. Колькасць насельніцтва ў Злотуве — 20 тысяч. Дамы капітальныя, з чырвонай цэглы. Здзівіла, што амаль побач знаходзяцца тры вялікія прыгожыя касцёлы. Не заўважылі мы гарадскога транспарту, затое тратуары шырокія, паласа для веласіпедыстаў выкладзена чы­рвонай пліткай. Людзі прыветныя, добразычлівыя.



Колькасць насельніцтва ў Злотуве — 20 тысяч.



На могілках, непадалёк ад нашага Эдмунда Сіманёнка, спяць вечным сном рускі танкіст Іван Сударыкаў з 1-й танкавай брыгады, прыпісанай да Войска Польскага, паляк капрал 18-га пяхотнага палка Фелікс Шафранскі з Жэшува. Убачылі мы на надмагільных плітах і прозвішчы, якія сустракаюцца на Пастаўшчыне: Аніська, Валодзька, Ластоўскі, Мазурэвіч, Мажэйка, Станчык, Шкорнік, Янковіч і іншыя. А таксама даведаліся, што тут пахаваны ўраджэнец вёскі Шчоткі нашага раёна Іван Станіслававіч Шабан, які ваяваў у складзе 11-га пяхотнага палка 1-й арміі Вой­ска Польскага.

Запалілі лампадку і памаліліся каля абеліска за ўсіх загінулых. А на магілу дзядзькі прывезлі жменьку роднай сіманскай зямлі. Вечная табе памяць, капрал Эдмунд Васільевіч Сіманёнак! Дасць Бог, наведаемся яшчэ, са сваімі дзецьмі і ўнукамі.

Іван Сіманёнак, г. Паставы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.